Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў пра пляны ўзмацніць жорсткасьць палітыкі да тых, хто просіць прыстанішча


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў, што вайскоўцы могуць адкрыць агонь супраць нелегальных імігрантаў.

Выступаючы перад журналістамі ў Белым доме 1 лістапада, Дональд Трамп заявіў, што ягоная адміністрацыя рыхтуе папраўкі да дзейнага заканадаўства аб прадастаўленьні палітычнага прыстанішча ў ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі». Згодна з новымі правіламі, патэнцыйныя ўцекачы «павінны законна зьявіцца на прапускны пункт». Трамп паабяцаў, што падпіша адпаведны ўказ ужо на наступным тыдні.

У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, імігранты могуць падаваць заявы аб прыстанішчы незалежна ад таго, як яны апынуліся ў краіне. Трамп хоча зьмяніць гэтыя правілы. Дзяржава будзе разглядаць толькі тыя просьбы, якія будуць падавацца на пунктах пропуску празь дзяржаўную мяжу, сказаў ён.

Прэзыдэнт заклікаў удзельнікаў каравану мігрантаў з краінаў Цэнтральнай Амэрыкі «павярнуць назад ужо цяпер». Паводле яго, у караване, які цяпер знаходзіцца прыкладна за 1400 км ад мяжы з ЗША, ёсьць мноства «маладых і моцных мужчын», якія не зьяўляюцца «законнымі прэтэндэнтамі на прыстанішча».

«Прыстанішча — гэта не праграма для тых, хто жыве ў галечы... Гэта ... адмысловы захад абароны для людзей, якія ўцякаюць ад перасьледу на ўзроўні дзяржавы», — дадаў Трамп.

Таксама прэзыдэнт упершыню прыгразіў ужыць сілу супраць мігрантаў, якія паспрабуюць незаконна перасекчы мяжу. Ён заявіў, што ўдзельнікі каравану «зламысна і жорстка кідаюць камяні», маючы на ўвазе сутычку, якая адбылася нядаўна з мэксыканскімі паліцыянтамі. «Калі яны захочуць закідаць камянямі нашых вайскоўцаў, наша армія дасьць ім адпор», — сказаў Трамп.

Адказваючы на пытаньне пра тое, ці ўпаўнаважаць вайскоўцаў, якіх пашлюць на ахову мяжы, адкрываць агонь па імігрантах, Трамп сказаў: «Спадзяюся, што не». Аднак затым дадаў, што кіданьне камянёў будзе расцэньвацца вайскоўцамі як ужываньне агнястрэльнай зброі.

Як паведамляе ABC News, тысячы вайскоўцаў, пра адпраўку якіх на мяжу прэзыдэнт абвясьціў на гэтым тыдні, у асноўным будуць несьці функцыю лягістычнай падтрымкі. У іхныя задачы не ўваходзіць прымяненьне сілы. Зрэшты, у Пэнтагоне папярэдзілі, што вайскоўцы пакідаюць за сабой права адкрыць агонь у мэтах самаабароны.

Праваабарончая арганізацыя Refugees International рэзка раскрытыкавала заяву Трампа. Там лічаць, што пляны па зьмене парадку разгляду заяў на прыстанішча супярэчаць Канвэнцыі ААН аб статусе ўцекачоў, ратыфікаванай амэрыканскімі ўладамі. Канвэнцыя забараняе дыскрымінацыю просьбітаў прыстанішча, якія незаконна перасеклі мяжу — у выпадку, калі яны прывядуць для гэтага дастатковыя падставы.

«Прэзыдэнт Трамп абвясьціў сёньня не пра зьмены ў іміграцыйнай палітыцы. Ён чарговы раз зрабіў хлусьлівыя заявы пра сыстэму разгляду прашэньняў аб прыстанішчы, палітыку падзелу сем’яў і сваю сьцяну, на будаўніцтва якой так і ня выдзелілі фінансаваньня. Калі ён плянуе абавязаць людзей падаваць прашэньні аб прыстанішчы толькі на памежных пунктах, то ягоны плян незаконны», — гаворыцца ў заяве Амара Джадвата, дырэктара Праекту абароны правоў імігрантаў у Амэрыканскім саюзе абароны грамадзянскіх свабод (ACLU).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG