Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста «Эўрарадыё» Рамана Пратасевіча затрымалі на тры гадзіны, нібыта ў справе за «хуліганства»

абноўлена

Раман Пратасевіч, архіўнае фота

Раніцай 5 лістапада менскі журналіст «Эўрарадыё» Раман Пратасевіч паведаміў у Twitter, што да яго дамоў прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, «забіраюць».​

«Справа распачатая паводле часткі 1 атрыкулу 339 „Хуліганства“, —расказаў сваёй рэдакцыі затрыманы журналіст. — Як быццам у 20-х днях верасьня я ехаў да дзяўчыны ў Лошыцу і ўдарыў кіроўцу аўтобуса. Кіроўца нібыта апазнаў мяне па фота».

Па вызваленьні Пратасевіч расказаў Свабодзе, што падзеі ў РУУС былі вельмі дзіўнымі: ніякіх папераў яму не паказалі, нешта шукалі ў фота на ягоным тэлефоне.

Ад 1 верасьня Пратасевіч быў часова акрэдытаваны пры Міністэрстве замежных справаў Беларусі ў якасьці карэспандэнта «Эўрарадыё», але тэрмін акрэдытацыі скончыўся на мінулым тыдні, 31 кастрычніка.

***

Затрыманьне Пратасевіча супала з кампаніяй Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў «Станем за журналістыку!». У тым ліку ад уладаў Беларусі патрабуюць спыніць перасьлед журналістаў і перашкоды іхнай дзейнасьці.

Галоўнай пагрозай у Беларусі сёлета стала завядзеньне крымінальных справаў супраць вядомых журналістаў і рэдактараў недзяржаўных СМІ.

7-9 жніўня ў рэдакцыях Tut.by, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, рэдактары парталу Ганна Калтыгіна, Галіна Ўласік і Ганна Ермачонак, галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародная аглядальніца БелаПАН Тацяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газэты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня. Па вызваленьні большасьці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Сьледчы камітэт падазрае журналістаў у тым, што яны ажыцьцяўлялі несанкцыянаваны доступ да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА: не да агульнадаступнай стужкі навінаў, а праз чужыя паролі да платнай падпіскі, дзе некаторыя навіны зьяўляюцца на 15 хвілінаў раней. Незалежныя аналітыкі перакананыя: «справа БелТА» — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя. Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG