Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што адбылося? Самі і раскажыце», — затрыманаму журналісту Пратасевічу не паказалі ніякіх дакумэнтаў у справе аб «хуліганстве»


Раман Пратасевіч, архіўнае фота

Зранку 5 лістапада ў кватэру менскага журналіста «Эўрарадыё» Рамана Пратасевіча прыйшла міліцыя. Яго затрымалі, даставілі ў Першамайскае РУУС Менску, праз тры гадзіны адпусьцілі. Тое, што адбывалася ў аддзяленьні міліцыі, журналіст называе вельмі дзіўным.

«Мне за ўвесь час, пакуль я быў затрыманы, не паказалі ніводнай паперкі, нічога ўвогуле не казалі, я нічога не падпісваў. Ні пратаколу апытаньня, нічога. Таму ўсё, што я ведаю, толькі са словаў супрацоўнікаў», — расказвае Пратасевіч Свабодзе. Адзіная папера, якую яму далі, пацьвярджае, што ён быў дастаўлены ў Першамайскае РУУС.

Ён прыгадвае, што ў суботу, 3 лістапада, яму тэлефанавалі, прадставіліся работнікам Першамайскага РУУС і папрасілі падысьці. Пратасевіч адказаў, што ня можа, бо знаходзіўся ў іншым горадзе, і спытаў, чаму запрашаюць. Яму адказалі, што ён быў сьведкам дарожнага здарэньня: нібыта праз паказаньні вышак сотавай сувязі вызначылі, што ягоны тэлефон быў побач. Пратасевіч прапанаваў перазваніць у нядзелю, калі будзе ў Менску, але не перазванілі, а на наступную раніцу забралі яго з дома ў аддзяленьне.

«Калі я пытаў, што за справа, мне нічога не сказалі. Адказалі, маўляў, „ты нам і раскажаш“, — згадвае Пратасевіч. — Адзінае што ў мяне ўзялі тэлефон, пыталі пра нейкія фота зь сябрамі, доўга нешта шукалі ў мабільніку, рабілі яго здымкі…»

У час агляду тэлефона, кажа Пратасевіч, у яго пыталі, чаму ён часта фатаграфуе мітынгі, чаму шмат здымкаў супрацоўнікаў міліцыі. На сустрэчнае пытаньне, што ў гэтым такога, калі ён афіцыйна працуе журналістам і мае афіцыйную акрэдытацыю Міністэрства замежных справаў, яму не адказалі.

Паводле сьцьверджаньняў міліцыянтаў, Пратасевіча затрымлівалі і апытвалі нібыта паводле справы за «хуліганства» (ч. 1 арт. 339 КК РБ). Нібыта больш як месяц таму, у нейкі момант у 20-х днях верасьня (дакладную дату не назвалі) ён ехаў на аўтобусе з Уручча ў Лошыцу і адбыўся нейкі канфлікт, нехта ўдарыў кіроўцу аўтобуса — і кіроўца па фота пазнаў у нападніку Пратасевіча.

Сам журналіст кажа, што ніякіх такіх здарэньняў ня памятае, ня толькі са сваім удзелам (і падкрэсьлівае, што ён наагул неканфліктны чалавек), але і з удзелам кагосьці побач.

***

Затрыманьне Пратасевіча супала з кампаніяй Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў «Станем за журналістыку!». У тым ліку ад уладаў Беларусі патрабуюць спыніць перасьлед журналістаў і перашкоды іхнай дзейнасьці.

Галоўнай пагрозай у Беларусі сёлета стала завядзеньне крымінальных справаў супраць вядомых журналістаў і рэдактараў недзяржаўных СМІ.

7-9 жніўня ў рэдакцыях Tut.by, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, рэдактары парталу Ганна Калтыгіна, Галіна Ўласік і Ганна Ермачонак, галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародная аглядальніца БелаПАН Тацяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газэты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня. Па вызваленьні большасьці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Сьледчы камітэт падазрае журналістаў у тым, што яны ажыцьцяўлялі несанкцыянаваны доступ да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА: не да агульнадаступнай стужкі навінаў, а праз чужыя паролі да платнай падпіскі, дзе некаторыя навіны зьяўляюцца на 15 хвілінаў раней. Незалежныя аналітыкі перакананыя: «справа БелТА» — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя. Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG