Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можаце прыйсьці ў піянэрскіх касьцюмах». Як студэнтам адказалі на ідэю адсьвяткаваць Гэлаўін


Ілюстрацыйнае фота

Студэнты віцебскай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны напярэдадні Гэлаўіну абмяркоўвалі ў сваёй суполцы «Ўкантакце», што лепш пасуе да сьвята — маскарад ці дыскатэка. Але нечакана даведаліся, што калі і рыхтавацца да маскараду, то ў стылі савецкіх часоў — замест «чужога сьвята» будзе адзначацца 100-годзьдзе камсамолу.

Гэлаўін уваходзіць у сьпіс «нерэкамэндаваных» сьвятаў

Да абмеркаваньня далучыўся кіраўнік студэнцкага тэатру Максім Мішурны і паведаміў, што Гэлаўіну ў акадэміі ня будзе.

«Згодна з рэкамэндацыйным лістом Міністэрства адукацыі і Ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму, такое „сьвята“, як Гэлаўін, уваходзіць у сьпіс НЕ РЭКАМЭНДАВАНЫХ для сьвяткаваньня ва ўстановах адукацыі, таму — ні дыскатэкі, ні касьцюмаванага шоў. АЛЕ 2 лістапада — Дзень акадэміі. Тэматыка сьвята прымеркаваная да 100-годзьдзя камсамолу, так што можаце прыходзіць у піянэрскіх касьцюмах», — пажартаваў спадар Мішурны.

Гэта выклікала хвалю абурэньня, і камэнтар Мішурнага быў выдалены. Але ўдзельнікі суполкі зрабілі скрыншот і выставілі яго зноўку.

Выхаваўчы аддзел: «Прапагандаваць паганства мы ня будзем»

Студэнты зьвярнуліся ў выхаваўчы аддзел і атрымалі адказ, што Гэлаўін

  • «не народжаны культурай народу Рэспублікі Беларусь»,
  • «традыцыйныя канфэсіі выступаюць з крытыкай гэтага сьвята»,
  • «гэта бізнэс», дзеля якога забаўляльныя ўстановы ладзяць імпрэзы ў гэтыя дні.

«Мы, супрацоўнікі аддзелу, не разумеем, чаму мы павінны пазычаць чужыя сьвяты», — падсумавалі выхавацелі.

«Коцімся назад у СССР»

Пасьля гэтага адказу адміністрацыі дыскусія зь сьвяточнай перарасла ў палітычную.

«У Беларусі нічога не мяняецца, урад душыць усё добрае з Захаду, бо ва ўрадзе сядзяць людзі старых поглядаў, якім усё гэта падаецца або амаральным, або антырэлігійным».

«У якасьці альтэрнатывы нам прапануюць адзначыць утварэньне арганізацыі, якая зрабіла вось гэта: 132 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі былі расстраляныя толькі ў адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937. З 4 сакавіка 1937 г. па 22 траўня 1938 г., за 44 дні, у Беларусі было рэпрэсавана каля 100 тысяч чалавек. Тое, што коцімся назад у СССР — гэта страшна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG