Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што важнага вырашала Асноўная група Мюнхэнскай канфэрэнцыі, якая пачынаецца ў Менску


Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы, люты 2018
Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы, люты 2018

31 кастрычніка — 1 лістапада ў Менску праходзіць сустрэча Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Што гэта

Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы — адзін з самых важных у сьвеце нефармальных форумаў, на якім абмяркоўваюцца актуальныя міжнародныя праблемы.

Пасяджэньні канфэрэнцыі традыцыйна праводзяцца штогод у лютым у сталіцы нямецкай Баварыі.

Акрамя сваёй штогадовай канфэрэнцыі ў Мюнхэне, Фонд Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы (МКБ) рэгулярна арганізуе сустрэчы ўплывовых асобаў па ўсім сьвеце. Для таго каб ахапіць тэмы для канкрэтнага рэгіёну, Фонд разам з нацыянальнымі ўрадамі і буйнымі мясцовымі партнэрамі ладзяць так званыя сустрэчы Асноўнай групы МКБ.

Дзе сустрэчы адбываліся раней

Такія сустрэчы ўжо праходзілі ў Вашынгтоне (ЗША) (тройчы), Маскве (РФ), Пэкіне (КНР) (двойчы), Досе (Катар), Нью-Дэлі (Індыя), Вене (Аўстрыя), Тэгеране (Іран) і Адыс-Абэбе (Этыёпія).

Склад удзельнікаў пасяджэньня Асноўнай групы МКБ не перавышае 60 чалавек. Сярод удзельнікаў гэтых пасяджэньняў — кіраўнікі дзяржаваў, урадаў і міжнародных арганізацый, міністры, вядучыя парлямэнтары, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый і журналісты.

Гісторыя канфэрэнцыі

Мюнхэнская канфэрэнцыя была заснаваная нямецкім выдаўцом Эвальдам фон Кляйстам у 1962 годзе. Першая канфэрэнцыя прайшла ў 1963 годзе ў Мюнхэне як нефармальная сустрэча прадстаўнікоў міністэрстваў абароны краінаў NATO.

Да сярэдзіны 90-х гадоў форум уяўляў сабой канфэрэнцыю прадстаўнікоў краінаў NATO. Пазьней на канфэрэнцыю сталі запрашаць прадстаўнікоў краінаў СНД і Балтыі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, Паўднёвай Азіі і Блізкага Ўсходу.

Першая нарада Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы адбылася ў 2009 годзе ў Вашынгтоне, праз 36 гадоў пасьля першага пасяджэньня самой канфэрэнцыі.

У Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы часта ўдзельнічаюць кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў вядучых дзяржаваў сьвету. У 2007 годзе на гэтай канфэрэнцыі Ўладзімір Пуцін, тагачасны прэзыдэнт Расеі, выступіў з праграмнай прамовай — своеасаблівым антызаходнім маніфэстам, ад якога некаторыя вядуць адлік пагаршэньня адносінаў Расеі з Захадам.

На пасяджэньнях Асноўнай групы МКБ краіны, як правіла, прадстаўленыя на больш нізкім узроўні, міністраў замежных справаў, міністраў абароны, кіраўнікоў парлямэнтаў. Тым ня менш на гэтых пасяджэньнях нярэдка абмяркоўваліся важныя і вострыя праблемы сьвету.

Што абмяркоўваюць на гэтых сустрэчах

Пералічым некаторыя з гэтых пасяджэньняў.

Першае пасяджэньне Асноўнай групы МКБ, якое прайшло ў Вашынгтоне у лістападзе 2009 году, было прысьвечанае абмеркаваньню будучыні трансатлянтычных адносінаў пасьля абраньня прэзыдэнтам ЗША Барака Абамы.

У 2010 годзе пасяджэньне адбылося ў Маскве, дыскусіі на ім тычыліся актуальнай тады тэме інтэграцыі Расеі ў эўрапейскія і глябальныя структуры бясьпекі.

У чэрвені 2015 году тэмай дыскусіяў на пасяджэньні Асноўнай групы МБК у Вене была сытуацыя ва Ўкраіне.

Таксама ў 2015 годзе, у кастрычніку, пасяджэньне Асноўнай групы МКБ таксама прайшло ў Тэгеране, яно было прысьвечанае аналізу наступстваў міжнароднага пагадненьня зь Іранам наконт яго ядзернай праграмы.

Летась Асноўная група МКБ ў другі раз пасьля 2011 году сабралася ў Пэкіне. У парадку дня былі пытаньні рэгіянальнай бясьпеку ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, роля Кітаю ў сусьветнай бясьпецы, а таксама геапалітычныя наступствы кітайскай ініцыятывы «Новы Шаўковы шлях».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG