Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абмяняла семярых украінскіх маракоў на расейцаў з судна «Норд»


Расейскі рыбалоўны сэйнэр «Норд» у порце Бярдзянску 26 сакавіка 2018 году

Сямёра маракоў з затрыманага ва Ўкраіне крымскага сэйнэра «Норд» былі абмяняныя на семярых украінскіх маракоў і вярнуліся ў Расею. Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на прэс-службу ўпаўнаважанага правоў чалавека Тацяны Маскальковай.

Паводле прадстаўніка прэс-службы, расейцаў абмянялі на маракоў з затрыманага ў Расеі ўкраінскага судна «ЯМК-0041». Пры гэтым капітан «Норда» Ўладзімір Гарбенка, у дачыненьні да якога ва Ўкраіне распачатая крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў незаконным уезьдзе ў Крым, не абмяняны.

У сакавіку 2018 году ўкраінскія памежнікі затрымалі ў Азоўскім моры прыпісанае да порту Керчы судна «Норд» пад расейскім сьцягам. У Кіеве тады заявілі, што рыбалавецкі сэйнэр парушыў правілы выезду з анэксаванага Расеяй Крыму.

У траўні расейскія памежнікі затрымалі ўкраінскае рыбалавецкае судна «ЯМК-0041» на захад ад мыса Тарханкут у Крыме. Супраць капітана судна распачатая справа паводле абвінавачаньня ў незаконнай здабычы марскіх біярэсурсаў «у выключнай эканамічнай зоне Расеі».

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны тады паведаміла, што затрыманае судна мела ўсе неабходныя дакумэнты на вылаў рыбы ва ўкраінскай эканамічнай зоне, якой, паводле міжнароднага права, застаюцца воды ля берагоў Крыму.

У жніўні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША абвінаваціў Расею ў перасьледзе ўкраінскіх судоў у Азоўскім моры і Керчанскім праліве і парушэньні міжнародных нормаў. Пра гэта гаварылася ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Хідэр Ноерт.

Удакладнялася, што за апошнія некалькі тыдняў перад заявай Расія затрымала прынамсі 16 камэрцыйных судоў, якія належаць Украіне. Расейскае пасольства ў ЗША абвінаваціла ў адказ Вашынгтон у палітыцы падвойных стандартаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG