Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перапрацавалі на муку». У Гомлі пасьля гастроляў памерла сланіха


Гомельскі цырк

У Гомлі пасьля гастроляў памерла сланіха вугорскага цырку Мая. Жывёліне было больш за 40 гадоў. Зоаабаронцы сьцьвярджаюць, што сланісе ў такім веку трэба было жыць у заапарку, а не выконваць трукі.

Пра сьмерць сланіхі ў Гомлі паведаміў у фэйсбуку заснавальнік украінскай зоаабарончай ініцыятывы UAnimals Аляксандар Тадарчук.

Паводле яго, летась нямецкія гаспадары Маі меліся аддаць яе на рэабілітацыю, але перадумалі і таемна прадалі жывёліну. Затым Маю бачылі ў адным з цыркаў Румыніі, потым ва Ўкраіне.

«Маю прымушалі выконваць трукі, вадзілі па вуліцах для рэклямы садысцкага шоў. Хтосьці купляў квіткі і гэтым спансаваў зьдзекі і кожны ўдар мэталічным гакам. Свабоду ад пакут ёй прынесла толькі сьмерць», — напісаў Тадарчук.

У Гомлі гастролі Вялікага вугорскага цырку праходзілі з 15 верасьня па 14 кастрычніка.

Дырэктар гомельскага цырку Якаў Лабовіч сказаў, што жывёліна памерла 22 ці 23 кастрычніка. Трупа вугорскіх цыркачоў па заканчэньні гастрольнага туру засталася ў Гомлі якраз таму, што сланіха захварэла.

«Ня верце таму, што напісалі ў інтэрнэце, што з Маі зьдзекаваліся. У яе былі шыкоўныя ўмовы! У яе быў шыкоўны харч — усё, што трэба. Яе бераглі, як роднае дзіця. Над ёй сядзелі, яе лячылі. Зь Менску прывозілі адмысловыя кропельніцы», — кажа Якаў Лабовіч.

Па яго словах, жывёліну «ўтылізавалі» згодна з заканадаўствам на адпаведным заводзе пад Гомлем.

На Гомельскім бялкова-тлушчавым заводзе сказалі Свабодзе, што сланіху перапрацавалі на кармавую мяса-касьцявую муку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG