Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар NATO: Расея разгортвае ў Эўропе забароненыя ракеты


Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг абвінаваціў Расею ў разгортваньні ля межаў Эўропы ракет, здольных несьці ядзерныя боегалоўкі. Пра гэта паведамляе Reuters.

Паводле яго, Масква ставіць пад пагрозу дамову аб кантролі над узбраеньнямі, якая дапамагла пакласьці канец «халоднай вайне». Кіраўнік Паўночнаатлянтычнага саюзу заклікаў расейскі ўрад «забясьпечыць поўнае і празрыстае выкананьне» Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой дальнасьці (ДЛРСМД).

Раней у гэтым месяцы прэзыдэнт Дональд Трамп абвясьціў пра намер выйсьці з гэтага пагадненьня, абвінаваціўшы Маскву ў яго парушэньні. Дакумэнт, падпісаны паміж ЗША і СССР у 1987 годзе, забараняе бакам распрацоўваць і мець на ўзбраеньні ракеты наземнага базаваньня з дальнасьцю палёту ад 500 да 5,5 тысяч кілямэтраў. Генэральны сакратар NATO падтрымаў Вашынгтон ў пытаньні аб выхадзе з ДЛРСМД.

Расейскія ўлады назвалі «шантажом» рашэньне ЗША і прыгразілі «захадамі ваенна-тэхнічнага характару».

У пачатку кастрычніка амбасадар ЗША ў NATO Кей Бэйлі-Хатчынсан папярэдзіла, што Пэнтагон мае намер прэвэнтыўна нэўтралізаваць расейскую ракетную зброю, якая будзе распрацаваная ў парушэньне ДЛРСМД.

Летась амэрыканская адміністрацыя паведамляла пра тое, што ЗША распрацуюць уласныя ракетныя сыстэмы наземнага базаваньня, калі Расея ня спыніць меркаваныя парушэньні згаданай дамовы. Пазьней паведамлялася пра выдзяленьне Пэнтагону сродкаў на распрацоўку гэткага тыпу зброі. У верасьні выданьне Breaking Defence са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны ЗША паведамляла, што Пэнтагон упершыню з часоў распаду СССР распрацоўвае ракетную сыстэму наземнага базаваньня з дальнасьцю 1600 кілямэтраў. Адзначалася, што сыстэмы прызначаныя для прарыву перадавых расейскіх сыстэм СПА і паражэньня ўмацаваных камандных цэнтраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG