Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы ж камсамольцы, чаму нас страляеце?». Сем фактаў пра беларуса Клімовіча — кіраўніка Нарыльскага паўстаньня ў ГУЛАГу


Кніга Анатоля Бароўскага пра аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстаньня — беларуса Рыгора Клімовіча
Кніга Анатоля Бароўскага пра аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстаньня — беларуса Рыгора Клімовіча

У Гомлі прэзэнтавалі кнігу Анатоля Бароўскага пра аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстаньня — беларуса Рыгора Клімовіча. Паўстаньне адбылося ў траўні 1953 году, доўжылася 40 дзён. Урэшце войскі МГБ адкрылі агонь на зьнішчэньне. Тысячы вязьняў загінулі. Але нарыльскі «Горлаг» быў расфармаваны, і гэта ўратавала мноства іншых жыцьцяў. Выжыў і Рыгор Клімовіч.

У часе вайны вучыўся ў гомельскім тэхнікуме. У 1942 годзе перайшоў лінію фронту, каб дабрацца да Саратава, куды тэхнікум быў эвакуаваны. У 1943 годзе паехаў зь сябрам у Маскву, дзе супрацоўнікі НКВД арыштавалі Рыгора Клiмовiча па падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Нямеччыны. З 1943 да 1947 увязьнены ў Сьвярдлоўскай калёніі. У зьняволеньні напiсаў некалькi дзясяткаў антысталінскіх вершаў.

У 1947-м Рыгора Клімовіча накiроўваюць у Нарыльскі папраўча-працоўны лягер строгага рэжыму, пазьней званы «Горный» («Горлаг»), што належаў да сыстэмы ГУЛАГу. Працу зняволеных, кожны чацьвёрты зь якіх памёр за калючым дротам, выкарыстоўвалі на «Норильскстрое».

У 1950-м паўторна асуджаны, атрымаў 10 гадоў лягераў. З 1950 да 1953 сядзеў у Нарыльскай турме. У 1953 годзе яго зноў вяртаюць у «Горлаг», дзе неўзабаве беларус і ўзначальвае паўстаньне палiтычных вязьняў. З канца 1953 да 1956 году Клімовіч увязьнены ў турмах Уладзiмiру, Iркуцку і ў «Азёрлагу». У гэты пэрыяд яго яшчэ раз судзяць за антысавецкую дзейнасць, але па амнiстыі ў 1956 годзе вызваляюць.

«Рыгор Клімовіч палымяна й доказна зьняпраўджваў культываваную за савецкім часам дый пазьней думку аб „пакорліва-талерантным“ няўдзеле беларусаў у антысталінскім супраціве», — пісаў Уладзімер Арлоў.

1. «Ён быў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў. Але і героем»

Выданьне кнігі ініцыяваў грамадзка-палітычны цэнтар «Палеская, 52».

«Мы адмыслова робім прэзэнтацыю кнігі 29 кастрычніка, у дзень памяці ахвяраў рэпрэсіяў. Такой ахвярай быў і наш зямляк Рыгор Клімовіч — але і героем», — зазначыў кіраўнік цэнтру Ўладзімер Кацора.

Ілюстрацыйнае фота. Украінскія палітвязьні падчас працы на каменным кар'еры, 1955
Ілюстрацыйнае фота. Украінскія палітвязьні падчас працы на каменным кар'еры, 1955

2. «Дзякуй савецкаму канцлягеру, што я там пабываў»

​Аўтар кнігі Анатоль Бароўскі быў асабіста знаёмы з героем кнігі.

«Ён мне казаў, што ў тым савецкім пекле, канцлягеры, ён быў чыстым, сьветлым, быў чалавекам. Дзякаваў савецкаму канцлягеру, што пабываў там. Бо прачытаў неверагодную колькасьць кніг, там сабралася эліта, разумныя людзі з усіх абшараў СССР. Там стаў антысаветчыкам», — зазначыў пісьменьнік.

Перад выданьнем кнігі ён чытаў лісты, якія дасылалі Рыгору яго сябры — былыя асуджаныя.

«Потым я ня мог спаць начамі, пабываўшы ў тым савецкім пекле. Я чуў крыкі людзей, якіх забівалі людзі з камсамольскімі і партыйнымі білетамі. Жанчыны крычалі: вы ж камсамольцы, чаму ў нас страляеце? А тыя казалі: вы ворагі народу, нам дадзены загад», — расказаў Бароўскі.

3. За візыт сяброў-украінцаў трапіў на тры месяцы ў «Амэрыканку»

У 1956 годзе Рыгор Клімовіч трапіў пад амністыю. Вярнуўся жыць у Гомель.

Працягваў ліставацца і кантактаваць зь сябрамі з Заходняй Украіны. Неяк яны наведалі яго ў Гомлі. У выніку ў 1957 годзе Клімовіча арыштавалі і кінулі на тры месяцы ў «Амэрыканку». Аказалася, што ягоных украінскіх сяброў з УПА «ўзялі» у Львове. Там знайшлі схованку, сьцягі, прапагандысцкую літаратуру, а пры ператрусах — лісты ад Клімовіча. Яму шылі «супольніцтва», выціскалі сьведчаньні на сяброў, але нічога не дабіліся.

«Спэцслужбы тады страшна напужаліся УПА. Так, што бацьку прыяжджаў затрымліваць палкоўнік, а ў Менску на допыт чакаў генэрал з Масквы», — зазначыў сын былога вязьня Юры Клімовіч.

Рыгору загадалі: «Нават не глядзі ў бок Украіны. Лічы, што там для цябе дзяржаўная мяжа».

Сын Рыгора Клімовіча Юры
Сын Рыгора Клімовіча Юры

4. Зьбіраўся напісаць пра лёс жанчын у лягеры

Паводле Юр’я Клімовіча, у хатнім архіве бацькі — каля тысячы лістоў ад розных людзей. Многія зь іх увайшлі ў кнігу, як ліст Веры Касновіч з Гарадзеі Нясьвіскага раёну. У ім жанчына, якая выжыла ў жудасных умовах лягеру, нагадвае сябру, што ён зьбіраўся пасьля кнігі «Канец „Горлага“» напісаць пра лёс жанчын у «савецкім пекле».

«Апішы, Рыгорка, апішы ўсё да драбніц, хай гэты дакор і праклён будзе СССР — самай жудаснай краіне ў сьвеце, самай крывавай, бо яна на крыві аб’яднала народы, ды не аб’яднала, а заваявала, у адно ярмо загнала, утварыўшы прымусам нібыта брацкія рэспублікі», — прасіла ў лісьце Вера Касновіч. Яна дадавала, што «ёсьць іншая Айчына — беларуская Беларусь».

«Ёсьць недзе й лісты таты да тых людзей, якія яму пісалі. Па адказах гэтых людзей бачу, што бацькавы лісты вельмі істотныя. Яны падтрымлівалі людзей, у іх быў матывацыйны сэнс. Але каб знайсьці іх, трэба час і рэсурс, мала адной добрай ідэі», — зазначыў Юры Клімовіч.

5. КДБ нястомна сачыў за Клімовічам пасьля яго вяртаньня зь лягеру

Юры Клімовіч узгадвае, што КДБ нястомна сачыў за яго бацькам пасьля вызваленьня зь лягеру.

«КДБ круціўся вакол, вэрбаваў суседзяў на Камсамольскай, дзе жыла сям’я, — успамінае ён. — Тата быў акружаны містычным арэолам, які зыходзіў з КДБ. Яны ставілі на вушы ўвесь двор. Некаторыя потым прыходзілі да таты і плакаліся, што іх прымушалі сачыць за ім. Адзін, якому тата дапамагаў паступаць ва ўнівэрсытэт, проста роў потым, апавядаючы аб прапановах КДБ».

Сын засмучаны, што дагэтуль нельга паглядзець крымінальныя справы бацькі. Там паказаньні «сьведак», дакумэнты. «Але не пры гэтай уладзе, мусіць. Ляжаць жа недзе справы», — кажа сын вязьня.

Юры заўважыў, што і сёньня, калі яго тата не жыве, у інтэрнэт укідваюць розныя хлусьлівыя зьвесткі пра кіраўніка нарыльскага паўстаньня. «Раз-пораз усплывае такое ў інтэрнэце, інсьпіраванае КДБ. Што яго правільна пасадзілі, што ён здаваў людзей... Каб ён здрадзіў каму — ён бы жывым ня выйшаў з таго лягеру!» — дадаў сын.

Падчас прэзэнтацыі кнігі пра Рыгора Клімовіча ў Гомлі. Аўтар кнігі Анатоль Бароўскі падпісвае кнігі
Падчас прэзэнтацыі кнігі пра Рыгора Клімовіча ў Гомлі. Аўтар кнігі Анатоль Бароўскі падпісвае кнігі

6. «У яго шляхоцкае паходжаньне. Гонар быў на першым месцы»

Юры Клімовіч прызнаецца, што яго дагэтуль уражвае бацькава пачуцьцё ўласнай годнасьці. «У яго шляхоцкае паходжаньне. Гонар — на першым месцы. Як кажуць кітайцы, „зьберагчы аблічча, што б ні адбылося“, — падкрэсьлівае Юры.

Яго дзівіла, як бацька выклікаў прыхільнасьць людзей да сябе, лёгка сыходзіўся зь імі, любіў размаўляць, пісаць лісты.

Дзядзька жартам скардзіўся, што з татам немагчыма прайсьці па Савецкай у Гомлі — увесь час нехта падыходзіць, здароўкаецца. Ён знаходзіў агульную мову як зь вельмі адукаванымі людзьмі, кандыдатамі навук, так і зь вяскоўцамі з чатырма клясамі адукацыі. І яму цікава было размаўляць. Яго не стамлялі зносіны зь людзьмі», — кажа сын.

У выхаваньні Рыгор даваў сыну свабоду: якія заняткі выбіраць, куды паступаць. Патрабаваў толькі аднаго: усё рабі як сьлед, кожную справу даводзь да канца, і каб быў вынік.

7. «Воры Богуславска дарят тебе жизнь»

Яшчэ сына ўражвала ў бацьку «пэўная гнуткасьць».

«Нязломныя гінуць вельмі хутка. Ён адаптоўваўся да той сытуацыі, у якой знаходзіўся. У ім было хрысьціянскае вымярэньне стаўленьня да людзей. Бацьку закінулі на пэўную сьмерць у «вараўскі штрафняк» (штрафны лягер з больш жорсткім рэжымам. — РС.), але ў «законьніках» (злодзей у законе. — РС), проста галаварэзах, ён бачыў людзей. І яны не забілі яго. Сказалі: «Куды ты ні паедзеш, мы за цябе кінем маляву (ліст. — РС.), і ты скажы, што „воры Богуславска дарят тебе жизнь“. Ім спадабаліся ягоныя паводзіны. Ён мог і з „кумамі“ (апэратыўны супрацоўнік у лягеры. — РС.) размаўляць, і з канваірамі. У яго была такая рыса — патрапляў хадзіць па вастрыі ляза», — дадаў Юры.

Рыгор Клімовіч памёр у 2000 годзе. Яму было 75 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG