Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20% сярод рэпрэсаваных у Беларусі былі палякі. Дасьледчыкі пра доступ да архіўных дакумэнтаў


Архіў КДБ УССР у Кіеве, ілюстрацыйнае фота

Дасьледчыкі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі кажуць пра адсутнасьць доступу да архіўных матэрыялаў КДБ і МУС, якія тычацца рэпрэсаваных і месцаў іх расстрэлаў і пахаваньняў.

Гэтай тэме быў прысьвечаны круглы стол у Прэс-клюбе ў Менску. У ім узялі ўдзел гісторык, архівіст Зьміцер Дрозд, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў і каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» Ігар Станкевіч.

«Дзяржава ставіць у Курапатах апошнюю кропку»

Паводле Ігара Кузьняцова, нельга разьлічваць, што ў бліжэйшыя два-тры гады зьявіцца афіцыйная інфармацыя пра месцы расстрэлаў.

«Што да памятнага знака ў Курапатах, які зьбіраюцца ўсталяваць да канца году. Прынята рашэньне, што дзяржава ставіць у Курапатах апошнюю кропку. Далей нічога ня пройдзе, ніякіх мэмарыяльных знакаў. Таму разьлічваць на гэта нельга».

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

У КДБ дасьледчыкам адказваюць, што ня маюць інфармацыі пра месцы расстрэлаў падчас сталінскіх рэпрэсій.

«То бок КДБ падвёў сёлета рысу: у нас нічога няма. Але была яшчэ пастанова Вярхоўнага Савету ад 1990 году, дзе напісана, што ў выпадку адсутнасьці дакумэнтаў органы дзяржбясьпекі павінны праводзіць апэратыўную працу: устанаўліваць месцы, апытваць сьведак. У нас ня тое што нічога ня робіцца, а створана сыстэма, каб процідзейнічаць гэтаму».

Паводле Кузьняцова, у Беларусі больш за 110 месцаў расстрэлаў, у гэтым сьпісе фігуруюць 38 населеных пунктаў. КДБ мае дадзеныя, што расстрэлы праводзіліся ў 11 гарадах, але без указаньня месцаў расстрэлаў.

Мапа расстрэлаў і пахаваньняў рэпрэсаваных
Мапа расстрэлаў і пахаваньняў рэпрэсаваных

«КДБ ад пачатку эксгумацыі ў Курапатах з 1988 году ня выдаў ніводнага дакумэнта па лякалізацыі пахаваньняў і не назваў ніводнага прозьвішча. У такой сытуацыі галоўнай праблемай застаецца ўвекавечваньне памяці», — сказаў Ігар Кузьняцоў.

У Менску дагэтуль названыя ня ўсе месцы расстрэлаў. Паводле гісторыка, за апошні час яны выяўленыя паблізу Баравой, Батанічнай вуліцы, Таварнай станцыі, у мікрараёне Малінаўка...

«Пасьля ўсталяваньня памятнага знаку ў Курапатах будуць падставы патрабаваць правядзеньня апэратыўных дзеяньняў. Іншае пытаньне — будуць яны праводзіцца ці не».

Колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі

Ад 600 тысяч рэпрэсаваных (гэта афіцыйная лічба, агучаная ў 1993 годзе ў кнізе Ўладзімера Адамушкі «Палітычныя рэпрэсіі 20–50-х гадоў на Беларусі») да 1 млн 400 тысяч — 1 млн 600 тысяч (паводле ацэнак гісторыка Ігара Кузьняцова).

Паводле Ігара Кузьняцова, мэтодыка падліку была розная.

«Адны лічаць толькі расстраляных. Другія лічаць тых, хто атрымаў больш за 10 гадоў лягераў. Трэція лічаць ссылку і высылку, якую дакумэнтавала КДБ і МУС. А што, калі па сьпісах паўкалгаса выслалі і ў амбарнай кнізе запісалі, і яе выкінулі ці спалілі? І гэта ня лічыцца рэпрэсіямі. А жонкі і дзеці «ворагаў народу» ў афіцыйную статыстыку пачалі ўключацца толькі з 1942 году. Куды гэтая статыстыка выпала? То бок нельга верыць ніводнаму дакумэнту НКВД, КПСС і ВКПБ.Таму на сёньня ў нас вялікая праблема зь лічбавым матэрыялам».

Палякі сярод рэпрэсаваных у Беларусі

Ігар Кузьняцоў прывёў некаторыя зьвесткі па нацыянальным складзе рэпрэсаваных.

  • 64% — беларусы,
  • 20% — палякі (у Менску палякі складалі 25%, а ў Воршы — 29%),
  • каля 7% — габрэі.

Па сацыяльным складзе:

  • 68% (па Менску 55%, па Воршы 52%) — сяляне,
  • 16% — рабочыя,
  • каля 10% — інтэлігенцыя.

Па характары абвінавачаньняў:

  • 57% — агенты замежных выведак,
  • 22% — антысавецкая агітацыя і прапаганда,
  • 16% — удзел у контрарэвалюцыйных арганізацыях.

Па дадзеных КДБ, з кожных ста спраў, якія пераглядаліся з 1988 па цяперашні час, рэабілітавана прыкладна 91–92 асобы.

«Якія катэгорыі ў нас не трапляюць пад рэабілітацыю? Спачатку быў асуджаны за крадзеж булкі хлеба ў краме, а потым за антысавецкую агітацыю і прапаганду расстраляны. Дык вось у нас гэтыя асобы не падлягаюць рэабілітацыі», — сказаў Ігар Кузьняцоў.

Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»
Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»

«Поўнае маўчаньне»

У Беларусі праз сыстэму судовых органаў было асуджана каля 8%, а 92% — у пазасудовым парадку.

«То бок: слухалі, паставілі, расстралялі. Прычым першая частка „Слухалі“ таксама адсутнічае. Летась быў круглы стол у газэце „Советская Белоруссия“. Там быў Уладзімер Адамушка, першы намесьнік старшыні КДБ Ігар Сергіенка і іншыя высокапастаўленыя асобы. Я прапанаваў стварыць працоўную групу з супрацоўнікаў КДБ і гісторыкаў дзеля паэтапнага раскрыцьця архіваў і месцаў пахаваньняў. Потым яшчэ адбылася сустрэча зь Сергіенкам. Адказаў дагэтуль няма. Нічога. Поўнае маўчаньне», — кажа Ігар Кузьняцоў.

База рэабілітаваных ёсьць, а доступу няма

Паводле Зьмітра Дразда, база дадзеных пра рэабілітаваных у Нацыянальным архіве РБ налічвае 180 тысяч чалавек.

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

«Але доступу да гэтай базы мы ня маем. Усе мае спробы атрымаць доступ да яе былі ў той ці іншай ступені няўдалымі. Гэтая база стваралася для публікацыі, бо па законе аб рэабілітацыі ўсе гэтыя зьвесткі пра незаконна рэпрэсаваных павінны быць максымальна распаўсюджаныя. Недзе ў 80–90-я гады гэтыя сьпісы рэабілітаваных яшчэ публікаваліся. А цяпер гэта таямніца.

Мы ня можам даведацца пра нейкую статыстыку, усё прыкрываецца заканадаўчай нормай аб таямніцы прыватнага жыцьця. Я нават прасіў ня прозьвішчы, а статыстыку пра колькасьць беларусаў і палякаў. Мне адказалі — маўляў, наша база ня мае такіх магчымасьцяў. Таму сёньня для нас самым вялікім было б дасягненьнем, калі б мы атрымалі доступ да гэтай базы са 180 тысячамі рэабілітаваных. Дарэчы, у яе не ўваходзяць людзі, якія былі раскулачаныя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG