Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечнасьць Лукашэнкі выклікае істотныя сумневы нават у аўтараў «СБ. Беларусь сегодня»


Аляксандар Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі 1994 года.
Аляксандар Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі 1994 года.

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

Газэта «СБ. Беларусь сегодня» адкрыла вочы беларускім грамадзянам на тое, што незалежнасьць Рэспублікі Беларусь пачалася ад Лукашэнкі. А некалькі гадоў ад прыняцьця Дэклярацыі, наданьня ёй сілы закону і да пачатку ягонага прэзыдэнцтва незалежнасьць была «даволі ўмоўнай».

Мноства людзей абурылася такой бессаромнай фальсыфікацыяй недалёкай гісторыі, якой яны самыя былі сьведкамі. Інтэрнэт адрэагаваў пратэстам і сьмехам. Нехта пісаў пра глупства, дурасьць аўтараў і рэдактараў самай масавай паводле накладу газэты краіны.

Але мне здаецца, што аўтараў «СБ» можна слушна папікаць лякействам, прадажнасьцю, але не дурасьцю. Гэтыя мужчынкі і жанчынкі добра ведаюць, што робяць. Зьвярніце ўвагу, публікацыя ў «СБ» ананімная, як і іншыя з той сэрыі. Гэта прадбачлівы ход, бо невядома, дзе і як тая публікацыя аўтару адгукнецца.

Памятаю, як мяне ганялі ў студэнцкія часы ў 1978 г. Тады служкі ўлады былі пэўныя ў неўміручасьці СССР, пісалі і перасьледавалі адкрыта, дэманстратыўна, каб запалохаць іншых, а сябе зарэкамэндаваць. Аднак часы зьмяніліся, вечнасьць Лукашэнкі выклікае істотныя сумневы, ды яшчэ ёсьць інтэрнэт, дзе дамінуюць незалежныя масмэдыя, якія могуць добра папсаваць нэрвы і зьняславіць на ўсю краіну.

Мне больш цікавыя грамадзка-палітычныя асацыяцыі, выкліканыя гэтымі сапраўды лякейскімі публікацыямі. Першая: мы жывём у сапраўды фантастычнай краіне! Рэалізаванай паводле прарочай палітычнай фантастыкі — антыўтопіі Джорджа Оруэла «1984», дзе гісторыя краіны рэгулярна перапісвалася адпаведна зьменам бягучай сытуацыі і ваганьням лініі партыі. У нашым выпадку бачнае ваганьне партыі/адміністрацыі ў бок таталітарызму зь яго абавязковым культам асобы.

Па-другое, важна, што асоба тая сьвята ўва ўсё падобнае верыць (як, напрыклад, у тое, што рэальна абыгрывае майстроў спорту ў хакеі). Журналісты ««СБ. Беларусь сегодня» выдатна разумеюць, што ў гэтым панэгірыку няма небясьпекі перабраць меру, бо яе проста не існуе (успомнім знакамітае сумараўскае «Вы трохі вышэй за Бога!).

​Трэцяе, відавочна, што аўтары «СБ» пішуць свае тэксты ў першую чаргу ці нават выключна для аднаго чытача, і ім ня так важна, як іх успрымаюць усе астатнія.

І яшчэ адна асацыяцыя-вэрсія-здагадка — аўтары, якія зарабляюць грошы ў добра фінансаванай прэзыдэнцкай газэце, ня толькі ня вераць у тое што пішуць, але сьвядома па-ціхаму, па-партызанску, па-беларуску строяць кепікі з аб’екта сваёй пісаніны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG