Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На магілёўскім фэстывалі «Анімаёўка» пакажуць толькі адзін беларускамоўны фільм


Адкрыцьцё «Анімаёўкі» традыцыйна праходзіць у кінатэатры «Радзіма». Як і ў мінулыя гады, афармленьне на расейскай мове
Адкрыцьцё «Анімаёўкі» традыцыйна праходзіць у кінатэатры «Радзіма». Як і ў мінулыя гады, афармленьне на расейскай мове

Мультфільм пра беларускіх нячысьцікаў пакажуць на міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2018», які 26 кастрычніка пачаўся ў Магілёве. Мультыплікацыйная стужка «Ў Палесьсі на балоце» адзіная ў конкурснай праграме фэстывалю на беларускай мове. Зрабілі яе на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у 2017 годзе.

Усяго мультфільмаў беларускай вытворчасьці на фэстывалі будзе дванаццаць. Пра гэта паведамілі ў рэпэртуарным аддзеле магілёўскага прадпрыемства «Кінавідэапракат».

Стужка пра нячысьцікаў толькі пачала пракладаць шлях на фэстывалі

Мультфільм «У Палесьсі на балоце» зроблены паводле беларускіх легендаў і паданьняў. У ім чатыры гісторыі пра прыгоды хлопчыка, які знаёміцца, апынуўшыся пасярод палескага балота, з Цмокам, Красьлюдкай, Крыжацікам і Малімонам. Кожная сэрыя мультфільму прысьвечаная адной з гэтых істот.

Высьветліць, ці паказвалі гэты мульцік па тэлебачаньні, не ўдалося. Аўтар ідэі — кінарэжысэр-пастаноўшчык Руслан Сінкевіч на гэтае пытаньне даць пэўны адказ ня змог. Сказаў, што год таму сышоў зь «Беларусьфільма». Разам з тым ён адзначыў, што гэтая стужка толькі пачала пракладаць шлях на фэстывалі.

Паводле яго, на «Беларусьфільме» даўно думалі зьняць фільм паводле беларускай міталёгіі, але «ўсё рукі не даходзілі».

«Я наважыўся, але зразумеў, што адзін гэты праект не пацягну, таму прапанаваў зрабіць нешта накшталт альманаха, — кажа суразмоўца. — Мае маладыя калегі гэтую ідэю падхапілі. На студыі сцэнар быў ухвалены. Стужка выйшла някепская. Усім, каму я яе ні паказваў, яна падабалася. Дзеці добра яе ўспрымаюць».

Беларускамоўнасьць — не перашкода папулярнасьці мульціка

Акрамя Руслана Сінкевіча, над фільмам працавалі Станіслаў Ефанаў, Раман Бурмакоў, Сьвятлана Катлярова ды Марта Герашчанка.

Рэжысэр перакананы, што беларускамоўнасьць стужкі ня стане перашкодай для яе прызнаньня. Раней Руслан зрабіў мультфільм па-беларуску «Якія сны сьніць мядзьведзь», публіка прыняла яго цёпла. Для замежнага гледача фільм суправаджаўся тытрамі.

На пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма». Пэрсанажы мультфільмаў вітаюць наведнікаў «Анімаёўкі»
На пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма». Пэрсанажы мультфільмаў вітаюць наведнікаў «Анімаёўкі»

«Яго неяк знайшлі ў мяне дыстрыб’ютары з Англіі ці Галяндыі, — прыгадаў суразмоўца. — Стужку пракатвалі па тамтэйшых кінатэатрах. Па фэстывалях ён пракаціўся таксам някепска і меў добрыя водгукі. Гэта да пытаньня, ці мае сэнс прасоўваць беларускую мову і фільмы на ёй. Адказ у мяне адназначны — так».

Рэжысэр-аніматар Ігар Воўчак пра беларускамоўныя мульцікі: У іх нашы карані

Сёлета на «Анімаёўцы», якая праходзіць 21-ы раз, прадстаўленыя анімацыйныя стужкі з 47 краінаў. На асноўны конкурс фэстывалю экспэртная камісія адабрала 61 анімацыйны фільм і 54 стужкі на конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасьці.

Ачольваў камісію мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Воўчак. Ён жа аўтар самой ідэі фэсту мультыплікацыйных фільмаў.

Ігар Воўчак на «Анімаёўцы»
Ігар Воўчак на «Анімаёўцы»

«На кожным фэстывалі мы маем магчымасьць паглядзець, на якім узроўні знаходзяцца нашы фільмы», — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Ігар Воўчак.

Мультфільмы на беларускай мове, а таксама паводле народных паданьняў ды легендаў суразмоўца назваў «нашым нацыянальным падмуркам».

«Варта берагчы нашыя карані, — кажа ён. — Калі іх ня будзе, то будзе загубленае нацыянальнае дрэва, таму мы павінны ведаць нашы легенды і паданьні».

З гісторыі перамог беларускіх стужак на «Анімаёўцы»

Мультфільмы беларускай вытворчасьці на кожнай «Анімаёўцы» адзначаюцца дыплёмамі і перамагаюць у розных намінацыях.

  • У 2017 годзе адмысловы дыплём і прыз «Вялікі крыштальны аловак» атрымала анімацыйная стужка And The Moon Stands Still беларускай рэжысэркі Юліі Рудзіцкай. Яе працу прадстаўлялі як беларуска-нямецка-амэрыканскі праект. Гэты мультфільм беларускаму гледачу паказалі ўпершыню, хоць ён неаднойчы станавіўся пераможцам на міжнародных фэстывалях.
  • У 2016-м дзьве беларускамоўныя мультыплікацыйныя стужкі «Аповесьць мінулых гадоў» ды «Якія сны сьніць мядзьведзь» адзначылі спэцыяльнымі дыплёмамі.
  • У 2015-м стужку рэжысэра Алены Пяткевіч «Казкі старога піяніна», эпізод «Штраўс», адзначылі за «найлепшую музычную гісторыю». Фільм «Лыжка для салдата» Ірыны Тарасавай атрымаў дыплём «за чалавечнасьць».
  • Найбольш беларускамоўных стужак на фэстывалі было ў 2012 годзе: «Беларускія прымаўкі» рэжысэра Міхаіла Тумелі, «Дзед» Аляксандра Ленкіна, «Як Несьцерка шчасьце сваё знайшоў» Ігара Воўчака ды «Піліпка» Тацяны Кубліцкай.

Першая «Анімаёўка» прайшла ў Менску ў 1998 годзе, а наступныя — ужо ў Магілёве. Заснавальнікі фэстывалю — Міністэрства культуры і Магілёўскі аблвыканкам. Як у мінулыя гады, у Міжнародным журы фэстывалю старшынюе заслужаны дзеяч мастацтваў Расейскай Фэдэрацыі Леанід Носыраў. Пераможцы будуць вызначацца ў 10 намінацыях. Ім дастанецца дыплём і прыз «Вялікі крыштальны аловак».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG