Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад сустрэчы Лукашэнкі і Парашэнкі? 10 тэмаў у цені шпіёнскага скандалу


Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Кіеве ў 2017 годзе, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Кіеве ў 2017 годзе, архіўнае фота

Экспэрт з Кіева Ігар Тышкевіч у інтэрвію Свабодзе паразважаў аб выкліках і дасягненьнях у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях.

Сёньня ў Гомлі пачынаецца першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. У яго рамках адбудзецца і першая сёлета сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, гэта афіцыйна пацьвердзіла прэс-служба Лукашэнкі. Кантакты на найвышэйшым узроўні замарудзіў «шпіёнскі» скандал 20017–2018 гадоў, калі спачатку ва Ўкраіне, а потым у Беларусі спэцыяльныя службы арыштавалі беларуса Юрыя Палітыку і ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку праз падазрэньне ў шпіянажы. Скандал дагэтуль не завершаны.

Стратэгічныя праекты

Аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч кажа, што стасункі Менску і Кіева не замарозіліся: бакі праводзяць інтэнсіўныя кансультацыі і ладзяць актыўныя эканамічныя кантакты на ўзроўні міжурадавай гандлёва-эканамічнай і дэмаркацыйнай камісій, а таксама галіновых рабочых груп.

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

Але, паводле яго, для эфэктыўнасьці працы бакі мусяць знайсьці нестандартныя рашэньні, каб пераадолець тыя выклікі, што паўсталі перад краінамі, і найперш — апасродкаваны ўплыў Расеі, якая не спыняе спробаў перацягнуць Беларусь на свой бок у канфлікце з Украінай.

Тышкевіч перакананы, што бакі мусяць ладзіць дачыненьні на аснове рэалізацыі стратэгічных эканамічных праектаў, выгадных і Ўкраіне, якая знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй, і Беларусі, зацікаўленай у зьмяншэньні расейскага ўплыву.

Замарожаны абмен «шпіёнамі»

Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 27 жніўня 2018 году
Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 27 жніўня 2018 году

​Так званымі «шпіёнамі» бакі плянавалі абмяняцца да ліпеня.

«Наколькі магчыма меркаваць, пра абмен дамовіліся яшчэ год таму, бо нават суд над украінцам Шаройкам і беларусам Палітыкам пачаўся ў адзін і той жа дзень. Іншая справа — беларуская фэміда з працэсуальнага пункту гледжаньня максымальна хутка разгледзела справу Шаройкі, а ва Ўкраіне ёсьць праблема зь якасьцю працы судоў, і суд над Палітыкам зацягваецца, а ягоныя адвакаты разьлічваюць на апраўдальны прысуд. Але пакуль беларуса Палітыку судзяць у Чарнігаўскай вобласьці, абмен на Шаройку немагчымы, бо абмяняць можна толькі асуджанага Палітыку. Атрымалася, што ў такім фармаце Беларусь і Ўкраіна трапілі ў пастку дамоўленасьцяў», — мяркуе Ігар Тышкевіч.

Паводле экспэрта, у абедзьвюх справах украінцаў — і засуджанага ў Беларусі журналіста Паўла Шаройкі, і Паўла Грыба, які зьнік у Гомлі, «расейскі сьлед ня проста адсочвацца, ён там тлусты: у выпадку з Шаройкам нібыта сакрэтную інфармацыю перадавалі журналісты расейскага НТВ, а ў выпадку з Грыбам была яўная правакацыя, каб падставіць беларускіх службістаў, а з другога боку, магла быць супраца на нізавым узроўні».

Вэрбаваньні

Шпіёнская справы ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі ў Беларусі і беларуса Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне не адзінае выпрабаваньне для ўзаемных дачыненьняў. Сёлета са студзеня Служба бясьпекі Ўкраіны пэрыядычна паведамляе аб выпадках вэрбаваньня ўкраінцаў Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі і Памежным камітэтам Беларусі для выведнай дзейнасьці.

Паводле экспэрта, паведамленьні аб вэрбаваньні беларускімі спэцслужбамі ўкраінскіх грамадзян пачалі зьяўляцца ў мэдыя яшчэ ў 2009 годзе, а ў 2011-м сталі тэмамі спэцыяльных рэпартажаў на ўкраінскай тэлевізіі.

«Улічваючы, што пакуль не завершаны працэс дэмаркацыі мяжы, беларускія службы спрабуюць атрымаць інфарматараў на другім баку мяжы. Не магу меркаваць, наколькі гэта апраўдана, але я ведаю, што ўкраінцы ня супраць працаваць такім жа чынам, але яны абмежаваныя рэсурсна. З пункту гледжаньня дзяржаў, якія маюць розныя кірункі палітычнага разьвіцьця, гэта нармальны працэс. У той жа час і пастаянны пункт напружаньня ў стасунках, але наўрад ці гэта можа стаць нагодай для ахалоджаньня міждзяржаўных дачыненьняў. Пытаньне таксама можа ўзьнімацца (на перамовах у Гомлі), але беларускія памежнікі ня будуць спыняць гэтай працы, бо, згодна зь беларускім заканадаўствам, АСАМ (асобная служба актыўных мерапрыемстваў — спэцназ памежнага камітэту) мае права ў мірны час праводзіць такія апэрацыі», — кажа Ігар Тышкевіч.

Мяжа

​У сувязі з гэтым экспэрт нагадаў, што якраз на памежных зь Беларусьсю тэрыторыях, дзе незаконна здабываюць бурштын, узьнікалі канфлікты зь мясцовымі жыхарамі пры дэмаркацыі мяжы.

«Мясцовыя рады зьвярталіся да ўладаў з просьбай перагледзець межы. Былі і спробы захопу беларускай тэрыторыі, якія вырашаліся, наколькі я ведаю, сілавымі мэтадамі, у тым ліку і з пагрозай прымяненьня зброі на паражэньне. Іншая справа, што абодвум бакам хапіла розуму, каб не выносіць гэтыя праблемы на ўзровень міждзяржаўных дачыненьняў», — дадаў аналітык Украінскага інстытуту будучыні.

Беларускі бок апошнім часам заяўляе пра павелічэньне кантрабанды зброі праз супольную мяжу з Украінай, у Кіеве гэта аспрэчваюць.

Ціск і фэйкі з Расеі

Апошнім часам у кантактах Беларусі і Ўкраіны актыўна стаіць цень Расеі, мяркуе экспэрт.

«Атакі на інфармацыйным полі Беларусі і Ўкраіны сьведчаць, што Расейская Фэдэрацыя спрабуе стварыць фон напружанасьці і недаверу і замарудзіць рэалізацыю часткі праграм, у тым ліку і стварэньне супольнага прадпрыемства для выпуску тэхнікі падводнага прызначэньня, газавыя і нафтавыя кантракты і гэтак далей».

Ігар Тышкевіч зьвяртае ўвагу на вялікую колькасьць непраўдзівай інфармацыі, якая апошнім часам усё часьцей укідваецца ў беларускае і ўкраінскае мэдыйнае поле:

«Усе гэта ідзе з тэлеграм-каналаў Расейскай Фэдэрацыі і стала раскручваецца ва Ўкраіне. Натуральна, што большасьць такіх сыгналаў — фэйкі, але тут працуе схема старога габрэйскага анэкдоту «Ложечки нашлись, но осадочек остался». Адпаведна, Расея спрабуе працаваць на стварэньне вось такога «осадочка».

«Ва Ўкраіне палітыка вельмі залежыць ад грамадзкай думкі. Гэта ключавое адрозьненьне ад Беларусі. І калі грамадзкая думка дэманструе трэнд на тое, што дзяржава мусіць прыпыняць або замарожваць кантакты з пэўным партнэрам, то тут для ўраду ёсьць два варыянты — або працаваць, ня надта афішуючы, што вельмі часта і спрабуюць рабіць, або ісьці за грамадзкай думкай. І чым бліжэй выбары, тым больш імаверна, што грамадзкая думка будзе ўсё мацней уплываць на прыняцьце палітычных рашэньняў», — мяркуе экспэрт.

Паводле яго, беларускія ўлады пакуль ня могуць эфэктыўна рэагаваць на ўмяшаньне Расеі ў публічнае поле:

«Беларускі бок умее абмяжоўваць інфармацыйныя плыні на тэрыторыі Беларусі, але ня можа плённа ўзаемадзейнічаць на інфармацыйным полі трэціх дзяржаў, у прыватнасьці ва Ўкраіне. Гэта відавочна, што такія інфармацыйныя „апэрацыі“ ўлады праспалі».

Прамысловая каапэрацыя Ўкраіны і Беларусі

Беларуская вайсковая тэхніка на выставе «Моц новай арміі» ў Кіеве, Украіна. Жнівень 2018 году
Беларуская вайсковая тэхніка на выставе «Моц новай арміі» ў Кіеве, Украіна. Жнівень 2018 году

​Ігар Тышкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што за апошнія паўтара года эканамічная супраца дзьвюх краін якасна зьмянілася — Украіна і Беларусь усё больш упэўнена пераходзяць ад звычайнага гандлю да сталых кантактаў: прамысловай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі і доўгатэрміновых праграмаў, якія маюць ня столькі тактычнае, колькі стратэгічнае значэньне: «Адпаведна, іх рэалізацыя азначае большую інтэнсіўнасьць у кантактах між дзяржаўнымі органамі краінаў».

Паводле экспэрта, патэнцыйна «небясьпечнымі» для Расеі з пункту гледжаньня канкурэнцыі могуць стаць новыя дамоўленасьці аб супрацы з МАЗам:

«Тое самае супольнае прадпрыемства для вытворчасьці рухавікоў унутранага згараньня, якое стварае МАЗ разам з кітайскай Weichai Power, б’е па пазыцыях Яраслаўскага маторнага заводу. З аднаго боку, стварае канкурэнцыю расейскаму прадпрыемству на тэрыторыі Беларусі, а з другога — яно вырашае ўкраінскую праблему дэфіцыту рухавікоў для аўтамабільнай тэхнікі. Гэта тыя некалькі праектаў, якія можна назваць стратэгічнымі, таму гэта знак ня толькі наступнага году, але і на наступныя 5-7 гадоў».

Здабыча газу

Украіна адкрыла для Беларусі магчымасьць удзельнічаць у асваеньні закансэрваваных газавых радовішчаў паводле ўгодаў аб разьмеркаваньні прадукцыі. «У кантрактах ёсьць ніжняя мяжа, колькі здабыўная кампанія мусіць прадаваць украінскай дзяржаве. Пасьля гэтага беларускі кантрактар можа выбраць, куды пастаўляць другую частку — на рынак Беларусі, калі ёсьць адпаведныя тэхнічныя магчымасьці, або далей ва Ўкраіне. Тут цікава тое, што Беларусь упершыню пачынае здабываць газ на тэрыторыі, зь якой яго дастаткова проста даставіць на беларускую тэрыторыю», — кажа Ігар Тышкевіч.

Перапрацоўка нафты

Прарыўнымі для інтэнсыфікацыі гандлю могуць стаць праекты стварэньня воднага шляху па Дняпры для экспарту-імпарту ўзаемнай прадукцыі, а таксама арганізацыі перапрацоўкі нафты на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, якія распрацоўваюцца апошнія два гады, кажа экспэрт:

«Тэхнічную нафту ўжо запампавалі ў трубаправоды яшчэ летась, пытаньне ў пастаўках, адкуль яны будуць: з Азэрбайджану, Ірану, іншай краіны ці гэта будзе наўпрост украінская нафта. Гэтую праграму пазыцыянуюць як альтэрнатыву Расейскай Фэдэрацыі — яна дазволіць пастаўляць у Беларусь ключавыя для яе рэсурсы».

Беларуская пазыцыя ў ААН

Ілюстрацыйнае фота. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выступае на 73-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, 1 кастрычніка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выступае на 73-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, 1 кастрычніка 2018 году

​Дадатковым чыньнікам, які не спрыяе даверу між Украінай і Беларусьсю, ёсьць палітычны «нэўтралітэт» беларускіх уладаў на міжнародных пляцоўках, калі разглядаюцца ўкраінскія пытаньні — анэксіі Крыму і правоў чалавека на паўвостраве.

«Такія паводзіны Беларусі значную частку ўкраінскага грамадзтва раздражняюць. У дадатак да ўсяго, пастаянна падтрымліваецца думка аб пагрозах для Ўкраіны з боку Беларусі. І гэта, натуральна, выклік для дыпляматаў, для палітычнай эліты. Гэта таксама трэба абмяркоўваць», — перакананы Ігар Тышкевіч.

Стасункі з Эўразьвязам і ЗША

У той жа час экспэрт мяркуе, што нядаўняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з экс-прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам сьведчыць аб спробе беларускага боку ва ўмовах ціску Расеі актывізаваць «адвакацкую ролю» Ўкраіны для паляпшэньня дачыненьняў з Эўропай і ЗША:

«Беларусі спатрэбілася актывізацыя ўкраінскіх адвакатаў, і, магчыма, будзе абмяркоўвацца больш сыстэмная праца Ўкраіны як саюзьніцы ў беларуска-эўрапейскіх ці беларуска-амэрыканскіх кантактах. Гэта таксама магчыма, таму што для Менску наяўнасьць пасярэдніка, які праводзіць на міжнародных пляцоўках палітыку неабходнасьці супрацы зь Менскам, каб не аддаць яго цалкам у рукі Масквы, такі функцыянал патрэбен. І Ўкраіна цалкам можа аднавіць і разьвіць гэтую ролю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG