Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўку на Дзяды-2018 у Менску падалі на 28 кастрычніка


Юрась Беленькі падчас шэсьця на Дзяды, 2017 год
Юрась Беленькі падчас шэсьця на Дзяды, 2017 год

Апошнія падзеі вакол Курапатаў не зьмянілі плянаў КХП БНФ на штогадовую акцыю.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ на пачатку мінулага тыдня падала заяўку на традыцыйныя шэсьце і мітынг у Менску, прымеркаваныя да дня памяці продкаў — Дзядоў, расказаў Свабодзе намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

Акцыю просяць дазволіць правесьці ў нядзелю, 28 кастрычніка (каталікі адзначаюць Дзяды 2 лістапада, праваслаўныя сёлета — 3-га, акцыю прызначаюць на папярэднюю нядзелю). Як кажа Беленькі, шэсьце мае прайсьці па традыцыйным маршруце і ў традыцыйным фармаце.

КХП БНФ таксама падала заяўку на акцыю памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 4 лістапада ў Лошыцкім яры ў традыцыйным фармаце мітынгу і шэсьця.

Цяперашнія падзеі вакол Курапатаў — пратэсты супраць рэстарацыі «Поедем поедим» і спрэчкі вакол дзяржаўнага памятнага знаку — збольшага ня зьменяць фармату і ідэі акцыі на Дзяды, але будуць згаданыя на мітынгу, дадае Беленькі.

«Трэба памятаць, што гэта не мэтэарыт ці землятрус забіў людзей»

«Калі ёсьць нейкія падзеі, якія закранаюць нашае грамадзтва, ня толькі зьвязаныя з мэмарыялам у Курапатах, яны адзначаюцца на мітынгах, — тлумачыць Беленькі. — Тое, што адбывалася ў Курапатах, было рэалізацыяй расейска-бальшавіцкай палітыкі на акупаванай тэрыторыі, гэта вынік яе. Калі мы бачым праявы такой палітыкі сёньня, стратэгію на яе, мы ня можам гэта не адзначаць.

Гэта не мэтэарыт упаў калісьці, што стала столькі ахвяраў, не землятрус быў. Гэта была сьвядомая палітыка суседняй дзяржавы на тэрыторыі нашай. Адна з найважнейшых нашых задач — не дапусьціць, каб быў паўтор Курапатаў».

***

На наступны дзень пасьля меркаванай даты акцыі ў Курапатах заплянаваная «Ноч расстраляных паэтаў» — вечарына напаміну пра «чорную ноч» 1937 году, калі савецкія энкавэдысты расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG