Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Навумчык прэзэнтаваў «свае дзевяностыя» ў Менску. ФОТА і расповеды гасьцей

абноўлена

Сяргей Навумчык і пяць кнігаў пра кожны з гадоў — з 1991 па 1995 год
Сяргей Навумчык і пяць кнігаў пра кожны з гадоў — з 1991 па 1995 год

У менскай сядзібе Партыі БНФ 17 кастрычніка прайшла прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе», а таксама ранейшай кнігі «Дзевяноста другі».

Эпіграф кнігі — цытата з раману «Дзевяноста трэці год» Віктора Гюго: «Усё было страшна, але ніхто ня ведаў страху».

У залі прысутнічаў шэраг дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня: Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Голубеў, Лявон Дзейка, Пётра Садоўскі. Прыйшлі таксама палітыкі Тацяна Караткевіч, Рыгор Кастусёў, Аляксей Янукевіч, Павал Севярынец, праваабаронца Алесь Бяляцкі, мастак Аляксей Марачкін, літаратары Ўладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Сяргей Ваганаў, Сяргей Шапран.

Наведнікі прэзэнтацыі
Наведнікі прэзэнтацыі

Сяргей Навумчык заявіў, што праводзіцца прэзэнтацыя не адной кнігі, а цэлага цыклю зь пяці кніг. Праўда, выходзілі яны ў іншай пасьлядоўнасьці — «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» і «Дзевяноста другі».

«Кожны зь іншых дэпутатаў напісаў бы інакш. Але мне збольшага ўдалося захаваць гістарычную канву», — перакананы аўтар.

Прывілей аўтара жанру «нон-фікшн», у адрозьненьне ад аўтараў мастацкіх твораў, — ён нічога ня мусіць выдумляць, дадае Навумчык.

Пачатак 1990-х гадоў у аўтара цыклю кніг атаясамліваецца зь дзьвюма гістарычнымі постацямі — Васілём Быкавым і Зянонам Пазьняком. Сяргей захаваў касэту з выступам Васіля Быкава ў тагачасным Доме кіно, што быў тады ў Чырвоным касьцёле, на паседжаньні «Мартыралёгу» у 1988 годзе. Народны пісьменьнік гаварыў там пра Курапаты, пра ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Уладзімер Арлоў успамінаў, як 30 гадоў таму ў Доме кіно «тварылася новая гісторыя Беларусі, адбываўся першы крок да незалежнасьці» — утварэньне «Мартыралёгу» і ўтварэньне аргкамітэту Беларускага народнага фронту. А празь некалькі дзён былі «Дзяды». На экране — фатаздымкі з тых першых «Дзядоў», бел-чырвона-белы сьцяг.

«Гэта былі непаўторныя дні. Як напісаў Васіль Быкаў у часопісе „Огонёк“, „на мітынг ішло насельніцтва, а вяртаўся народ“», — казаў Арлоў.

На думку Арлова, і 1988, і 1989, і 1990 гады вартыя асобных кніг, таму ён чакае ад Сяргея Навумчыка яшчэ як мінімум пяці.

Выступае Ўладзімер Арлоў
Выступае Ўладзімер Арлоў

Літаратар, публіцыст Сяргей Дубавец узгадаў «Майстроўню» — першае незалежнае моладзевае аб’яднаньне, якое ўтварылася яшчэ ў 1980 годзе, і таксама «Дзяды» 1988 году.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

«Варта нагадваць, што менскія Дзяды 1988 году былі першай пратэставай акцыяй у Савецкім Саюзе, якую жорстка разганялі вадамётамі, спэцназам з дубінкамі. Ужо потым былі падзеі ў Прыбалтыцы, Тбілісі», — казаў Дубавец.

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня гісторык Валянцін Голубеў перакананы, што калі б не было БНФ, калі б не было такога ўздыму, як у канцы 1980-х — пачатку 1990-х, мы б не змаглі так хутка стварыць незалежную сувэрэнную дзяржаву — Беларусь.

«Шчасьце ў тым, што 1990-я гады былі гадамі нацыянальнага адзінства. А гул з плошчы даходзіў у залю Вярхоўнага Савету. Было чуваць задавальненьне людзей. Была сувязь паміж людзьмі і сувязь паміж палітыкамі, і яна вельмі шмат значыць», — казаў Голубеў.

Дэпутат ВС 12 скліканьня Лявон Баршчэўскі расказаў, што для яго 1993 год быў самым «шалёным» — апазыцыя езьдзіла па краіне, даносіла да людзей свой пункт гледжаньня.

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

«Кантакт зь людзьмі — гэта тое, чаго ня могуць сабе дазволіць цяперашнія маладыя палітыкі, бо яны ня могуць уладкавацца на працу, а ў нас гэта было, — разважаў Баршчэўскі. — Мы ўсе прыйшлі з гушчы народу. І напоўніцу выкарыстоўвалі магчымасьць кантактаваць зь людзьмі».

На прэзэнтацыі таксама выступілі Вінцук Вячорка, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Антончык, Вячаслаў Ракіцкі.

***

​«Дзевяноста трэці» — 69-ы том «Бібліятэкі Свабоды» і пятая кніга хронікі новай беларускай дзяржаўнасьці канца ХХ стагодзьдзя.

У ёй аднаўляецца ва ўсёй вастрыні барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва, гаворыцца пра здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, пра галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды — 1993 год вачыма ўдзельніка, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995).

Усе кнігі цыклю ў PDF:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG