Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі ўзначаліць «Банк БелВЭБ»


Васіль Мацюшэўскі
Васіль Мацюшэўскі

Былы першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі абраны старшынёй праўленьня ААТ «Банк БелВЭБ», паведамляе БелаПАН.

Назіральная рады «Банк БелВЭБ» прызначыла Васіля Мацюшэўска кіраўніком праўленьня з 22 кастрычніка.13 верасьня Мацюшэўскі прайшоў кваліфікацыйную камісію Нацыянальнага банку.

На пасадзе старшыні праўленьня «Банку БелВЭБ» Мацюшэўскі зьменіць Мікалая Лузгіна, які ўзначальваў банк з канца 2014 году.

Банк быў заснаваны ў 1991 годзе, па памеры актываў і капіталу ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых банкаў Беларусі. Галоўным акцыянэрам банку зьяўляецца расейская дзяржаўная карпарацыя «Зьнешэканамбанк», якой належыць больш за 97% акцый БелВЭБу.

Васіль Мацюшэўскі нарадзіўся ў 1969 годзе, скончыў Белдзяржунівэрсытэт (а таксама Лёнданскую школу бізнэсу ў 2012 годзе), паступіў на дзяржслужбу. У 1994-м пачаў кар'еру ў Нацбанку, у якім у 2001-2010 гадах займаў пасаду намесьніка старшыні праўленьня. Потым перайшоў у "БПС-Сбербанк", заняўшы пасаду старшыні праўленьня. У канцы 2014 году Мацюшэўскі быў прызначаны першым віцэ-прэм'ерам Беларусі і займаў гэтую пасаду да жніўня 2018 году.

У жніўні Аляксандар Лукашэнка адправіў урад, у якім працаваў Мацюшэўскі, у адстаўку. Нагодай паслужыла сытуацыя ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці. Лукашэнка раскрытыкаваў урад за «пафігічнае» стаўленьне да ягоных указаньняў і прызначыў новага прэм’ера і вярхушку ўраду. І хоць падчас крытыкі ў Воршы Мацюшэўскі стаў ледзь не адзіным чыноўнікам, пра якога Лукашэнка выказаўся станоўча, месца ў новым урадзе яму не знайшлося.

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у тэксьце для Цэнтру Карнэгі выказаў меркаваньне, што «куратар эканамічнага блёку, адзін з ключавых лібэралаў мінулага ўраду Васіль Мацюшэўскі, мяркуючы па ўсім, стаміў Лукашэнку настойлівым лябіяваньнем рынкавых рэформаў».

Экспэрты адзначаюць, што за пэрыяд, калі за макраэканоміку Беларусі адказвалі Мацюшэўскі і цяперашні кіраўнік Нацбанка Павел Калавур, эканамічная сытуацыя была самай прадказальнай і стабільнай за пэрыяд незалежнай гісторыі краіны, інфляцыя — рэкордна нізкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG