Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня стане вядома, каму дадуць прэмію Гедройця. Дзе, калі, хто прэтэндуе і хто судзьдзі


Доўгі сьпіс прэміі Ежы Гедройця-2018

Цырымонія ўручэньня прэміі Ежы Гедройця-2018 пачнецца а 19-й гадзіне 11 кастрычніка ў галерэі «Арт-Беларусь» у менскім Палацы мастацтваў (вуліца Казлова, 3). Уваход вольны.

На цырымоніі абяцаюць сьвяточны настрой ад музыкаў гурту Apple Tea.

Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з цырымоніі.

За галоўную ўзнагароду — прэмію памерам 5 тысяч эўраў — пазмагаюцца шэсьць твораў, выбраных з доўгага сьпісу ў 32 кнігі. Гэта:

Уладзімер Арлоў. «Танцы над горадам»

Альгерд Бахарэвіч. «Сабакі Эўропы»

Адам Глобус. «Сям’я»

Вінцэсь Мудроў. «Забойца анёла»

Павал Севярынец. «Беларусалім»

Анка Ўпала. «На засьнежаны востраў»

Уганараваньне Зьмітра Бартосіка, 2017 год
Уганараваньне Зьмітра Бартосіка, 2017 год

У журы прэміі сёлета працуюць Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.

Прэмія Гедройця — найбуйнейшая недзяржаўная літаратурная прэмія Беларусі. Дыплём і чэк уручаюцца, пачынаючы ад 2012 году, за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. Заснавалі прэмію амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Папярэднія пераможцы

Летась пераможцам літаратурнага конкурсу стаў аўтар Свабоды Зьміцер Бартосік з кнігай «Быў у пана верабейка гаварушчы» (PDF). Бартосік, дарэчы, ужо выдаў і прэзэнтаваў новую кнігу: «Клініка кітайскага дантыста» (PDF).

Да яго перамагалі:

  • Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016).
  • Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015).
  • Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014).
  • Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013).
  • Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG