Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» пачала кампанію «Білет на той сьвет»


Акцыя «Моладзі БНФ» у Курапатах.
Акцыя «Моладзі БНФ» у Курапатах.

Як паведаміў Свабодзе лідэр арганізацыі Дзяніс Мандзік, у межах кампаніі будуць праведзеныя такія акцыі, якіх «у Беларусі даўно не было».

Паводле актывістаў, кампанія «Білет на той сьвет» накіраваная на тое, каб паказаць людзям «усе рэаліі сучаснага войска ў Беларусі», а таксама даказаць перавагі кантрактнай службы.

«У сувязі з тым, што апошнім часам пачасьціліся выпадкі гвалту ды забойстваў у войску, мы пачынаем гэтую кампанію, — гаворыцца ў распаўсюджаным актывістамі прэс-рэлізе. — Асноўнай мэтай мы ставім выклікаць грамадзкі рэзананс, прыцягнуць увагу грамадзтва і зрабіць так, каб пра гэта гаварылі ня толькі тады, калі памрэ новы хлопец. Колькі яшчэ павінна загінуць хлопцаў, пакуль людзі перастануць маўчаць?»

Па словах кіраўніка арганізацыі Дзяніса Мандзіка, «Моладзь БНФ» плянуе правесьці ў межах кампаніі некалькі пэрформансаў на вуліцах Менску, побач з аб’ектамі, зьвязанымі зь беларускім войскам. Першая з такіх акцый заплянаваная ўжо на гэты тыдзень. «Гэта будуць крэатыўныя акцыі, якіх у Беларусі даўно не было, — расказаў Мандзік у размове са Свабодай. — Дзеля кансьпірацыі мы пакуль ня будзем называць канкрэтныя месцы іх правядзеньня».

Акрамя пэрформансаў, актывісты «Моладзі БНФ» плянуюць правесьці круглыя сталы з удзелам дэпутатаў і бацькоў загінулых салдат. Як расказаў Дзяніс Мандзік Свабодзе, з боку дэпутатаў удзельнічаць у круглым стале пагадзілася Алена Анісім.

Сытуацыя вакол сьмерцяў салдат тэрміновай службы ў беларускім войску набыла шырокі розгалас пасьля 3 кастрычніка 2017 году, калі ў падвале будынка мэдыцынскай роты ў барысаўскіх Печах быў знойдзены павешаным Аляксандар Коржыч. Неўзабаве пасьля сьмерці Коржыча ў яго вайсковай частцы пачаліся масавыя затрыманьні, за краты трапілі больш за 15 вайскоўцаў, сярод якіх былі сяржанты і адзін афіцэр. У выніку СК завёў больш за дзесяць крымінальных спраў, у сьмерці Коржыча абвінавацілі трох сяржантаў ягонай роты. Працэс у справе аб сьмерці Коржыча пачаўся ў Менску 8 жніўня, ён ня скончыўся дагэтуль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG