Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ: У Лібію накіраваны элітны расейскі спэцназ

Паводле паведамленьня РБК, гэта можа быць зьвязана з нафтагазавымі інтарэсамі Крамля.

Расейскае выданьне спасылаецца на ўласную крыніцу ў Міністэрстве абароны. Паводле паведамленьня РБК, элітныя расейскія спэцназаўцы былі перакінутыя на тэрыторыю Лібіі з Падмаскоўя на працягу некалькіх апошніх месяцаў. Вясной такую ж інфармацыю распаўсюдзіла агенцтва Reuters.

Акрамя РБК, інфармацыю аб разьмяшчэньні ў Лібіі расейскага спэцназу апублікавала брытанскае выданьне The Sun. Паводле газэты, расейцы займаюцца падрыхтоўкай войскаў лібійскага камандзіра Халіфы Хафтара, якому таксама пастаўляюць зброю. Яшчэ The Sun паведамляе, што расейцы ўжо стварылі ў Лібіі дзьве ўласныя вайсковыя базы. Яны разьмяшчаюцца ў гарадах Табрук і Бенгазі.

Афіцыйныя расейскія крыніцы ў Мінабароны і Дзярждуме інфармацыю аб прысутнасьці расейскіх спэцназаўцаў на тэрыторыі Лібіі адмаўляюць. Крэмль таксама называе непраўдзівымі зьвесткі аб пастаўках зброі лібійскім узброеным групоўкам.

Лібійскаму военачальніку Халіфу Хафтару, якога СМІ падазраюць у сувязях з Масквой, 73 гады. Ён быў адным з военачальнікаў, якія ў 2011 годзе ўдзельнічалі ў паўстаньні супраць Муамара Кадафі. На гэты момант цэнтральная ўлада ў Лібіі адсутнічае. Краіну кантралююць асобныя ўзброеныя групоўкі, якія фінансуюцца дзякуючы продажам нафты і газу.

XS
SM
MD
LG