Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне вяскоўцы адстаялі свайго кіраўніка, якога ўлады хацелі звольніць


9 кастрычніка даяркі і мэханізатары ААТ «Някрашынскі», жыхары вёскі Валосавічы Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці ня выйшлі на працу

Жыхары вёскі Валосавічы Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці адстаялі кіраўніка сельскай гаспадаркі Васіля Лаханскага, якога ўлады хацелі звольніць.

З раніцы 9 кастрычніка даяркі і мэханізатары зладзілі страйк і ня выйшлі на працу. Бліжэй да вечара пратэст скончыўся, бо ўлады паабяцалі, што Лаханскі застанецца на сваёй пасадзе.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Некрашынскі» — на тэрыторыі вёскі Валосавічы. 19 гадоў гаспадарку ўзначальвае Васіль Лаханскі. Даяркі і мэханізатары хваляць яго.

«Ён для нас стараецца, будуе новыя хлявы, стварае працоўныя месцы. У калгас едуць зь іншых вёсак працаваць, таму ў нас шмат перасяленцаў. Мы самі пераехалі, бо ў нашай вёсцы была слабая гаспадарка. А тут — і жытло, і людзкае стаўленьне, і заробак 500 рублёў, у некаторых 800 дасягае. Мы за дырэктара», — кажа адна з даярак Валянціна.

Да вяскоўцаў прыехаў старшыня Акцябрскага раённага абʼяднаньня прафсаюзаў Сяргей Зарычны, каб угаварыць іх выйсьці на працу
Да вяскоўцаў прыехаў старшыня Акцябрскага раённага абʼяднаньня прафсаюзаў Сяргей Зарычны, каб угаварыць іх выйсьці на працу

Вяскоўцы выйшлі на стыхійны сход з патрабаваньнем, каб прыехалі раённыя начальнікі і патлумачылі, за што Лаханскага здымаюць з пасады. Людзей абурыла, што зь імі ніхто не параіўся.

«Зранку прайшло даеньне, пакармілі жывёлу і спынілі працу. Прыехала начальства з Акцябрскага, але не зрабіла ласкі з намі нармальна паразмаўляць. Маўляў, мы балаган учынілі. І зьехалі. Пазьней прыехалі прадстаўнікі прафсаюзаў з райцэнтру і з Гомля. І тады ўжо сказалі, што на ўзроўні губэрнатара вырашылі не звальняць нашага Лаханскага. Вось і чаму нельга было адразу зрабіць па-людзку?» — кажа жыхарка вёскі.

Увечары даяркі і мэханізатары аднавілі працу — ім паабяцалі, што дырэктар застанецца на сваёй пасадзе.

У райвыканкаме Свабодзе адказалі, што «ўсё добра вырашылася, людзі выйшлі на працу, было маленькае непаразуменьне, але ўсё ўладзілася». Пры гэтым на пытаньне, ці сапраўды Лаханскага зьбіраліся звольніць і чаму, адказаць адмовіліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG