Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Бабарэка. Сталінскі вязень, якому польскія жаўнеры выразалі на плячах пяціканцовыя зоркі


Адам Бабарэка, 1929 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

10 кастрычніка 1938 году ў лягернай бальніцы ў Комі АССР памёр двойчы рэпрэсаваны камуністычным рэжымам крытык, філёзаф і пэдагог Адам Бабарэка. Ён быў адным са стваральнікаў літаратурных абʼяднаньняў «Маладняк» і «Ўзвышша», пачынальнікам інтэлектуальнай крытыкі ў савецкай Беларусі. Пры жыцьці выдаў толькі адну кнігу — «Апавяданьні» (1925 г.). Першая ж публікацыя пасьля сьмерці зьявілася дзякуючы яго вучню Антону Адамовічу ў Мюнхэне (1955 г.). Найлепшы сябар Адама Бабарэкі Ўладзімер Дубоўка беспасьпяхова дамагаўся выхаду яго выбраных твораў. Кніга ж, прысьвечаная Бабарэку (аўтар Уладзімер Конан), зьявілася ў год сьмерці Дубоўкі — у 1976-м.

1. Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю і быў адлучаны ад царквы

У «Показаниях Адама Бабареко от 23 августа 1930 г.» чытаем: «Часта дыскутаваў публічна з папом Ранчэўскім, які за маё бязбожжа памінаў мяне як адшчапенца і герэтыка ва ўсіх сваіх чатырох цэрквах і амаль пры кожным служэньні. За гэту дзейнасьць я праслыў /.../ сярод сялян /.../ камуністам і бязбожнікам, хоць у партыі я ня быў» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Уладзімер Дубоўка апісваў гэта па-тэатральнаму маляўніча: «У адно з набажэнстваў пры вялікім натоўпе народу /.../ поп абвясьціў юнаму змагару анатэму, адлучэньне ад царквы. /.../ З царкоўнага амбона абвяшчалася, што адлучанаму ад царквы і выклятаму Адаму Бабарэку ніхто зь верных хрысьціян не павінен быў даць нават скарынку хлеба, калі б ён нават паміраў ад голаду, ня даць яму нават кроплі вады, каб утаймаваць смагу, не пусьціць яго пад сваю страху, а калі памрэ — ня даць яму месца на хрысьціянскіх могілках» (Уладзімер Дубоўка. Шчасьлівы, што ведаў яго // Полымя 1969, № 10).

Адам Бабарэка — студэнт Менскай духоўнай сэмінарыі, 1915 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)
Адам Бабарэка — студэнт Менскай духоўнай сэмінарыі, 1915 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

2. Яго злавала словазлучэньне «раб божы»

«...папы, яны дык і да гэтага яшчэ часу іначай і ня скажуць на чалавека, як раб божы. /.../ А ці думалі вы, чаму гэта ён так кажа, ды што гэта значыць — раб? Гэта ж тое самае, што і быдла, і мужык, і хам, як абзывалі працоўных паны. Гэта ж значыць, што чалавек лічыцца ня вольным сабе гаспадаром жыцьця, а нявольнікам. Бачыце, для іх ён /.../ усё роўна як якая прылада ці вол які, і ўся цана яго для іх толькі ў тым, што ён /.../ раб...» (Адам Бабарэка. Крапівіна Біблія — гэта праверка сьвятасьці біблейскіх гісторый // Беларуская вёска, 1928, 5 красавіка).

3. Не любіў футурызм

«Футурызм — гэта зьдзек над сапраўдным мастацтвам, якое футурыстамі замяняецца рамяством рэклямаваньня і наогул рамяством. Заместа бота футурызм падносіць пралетарыяту падпраўленыя буржуазныя атопкі» (Адам Бабарэка. Маякоўскі зьдзекуецца // Савецкая Беларусь, 1925, 30 студзеня).

Уладзімір Маякоўскі, 1929 год
Уладзімір Маякоўскі, 1929 год

4. Абураўся менскім выступам Маякоўскага

«Выступленьне Маякоўскага ў Менску — зьдзек над менскімі рабочымі, служачымі, чырвонаармейцамі і вучнямі. Замест мастацтва ён паднёс Менску рэкляму аб сабе. /.../ Я, я і я — самы сапраўдны, — крычыць Маякоўскі, каб хоць праз гэты крык надарванага зацьвердзіць сябе ў жыцьці, якое ня творыцца па рэцэптах Маякоўскага, хіба «кроме Моссельпрома» (Адам Бабарэка. Маякоўскі зьдзекуецца // Савецкая Беларусь, 1925, 30 студзеня).

Вокладка зборніка «Да дня вызваленьня Беларусі ад белапалякаў», 1927 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Вокладка зборніка «Да дня вызваленьня Беларусі ад белапалякаў», 1927 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)

5. Падчас савецка-польскай вайны (1919–20) быў узяты ў палон польскімі жаўнерамі, якія выразалі яму на плячах зоркі

Гэта адбылося ў канцы красавіка 1920 году, калі «разам з аднавяскоўцамі Я. Бабарэкам, П. Кандыбовічам, А. Астрэйкам быў арыштаваны польскімі ўладамі і сядзеў у слуцкай турме каля месяца» (Ганна Запартыка, Віктар Жыбуль. Летапіс жыцьця і творчасьці. / Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

«...яго і некалькі сяброў захапілі ў палон. Катавалі, білі, а пасьля ўсяго — выразалі на сьпіне дзьве пяціканцовыя зоркі. Рэзалі, не шкадуючы. Ды такія зоркі, што далонь свабодна месьцілася ў кожнай зь іх» (Уладзімер Дубоўка. Шчасьлівы, што ведаў яго // Полымя, 1969, № 10).

Станіслаў Шушкевіч, які быў вучнем Бабарэкі, аднойчы запытаў яго: «Адам Антонавіч, што гэта за зоркі ў вас на плячах?!» Празь белую паркалёвую кашулю на плячах настаўніка ярка прасьвечваліся зубцамі дзьве пяціканцовыя зоркі велічынёй зь пядзю кожная. Бабарэка нэрвова накінуў пінжак, пачырванеў, выцер хусьцінкай спацелы твар і спакойна сказаў: «Хочаце пазнаёміцца з часьцінкай маёй біяграфіі?.. Скажу коратка. Быў партызанам. У часе бою мяне зьнянацку схапілі пілсудчыкі, белапольскія салдаты. Зьдзекаваліся, білі, выразалі на плячах дзьве зоркі» (Cтаніслаў Шушкевіч. Мой літаратурны настаўнік // Літаратура і мастацтва. № 42. Пятніца, 18 кастрычніка 1974 году).

6. Вельмі нудзіўся, калі лекаваўся ў Крыме, бо ня мог знайсьці супольнай мовы з адпачывальнікамі

Сваёй жонцы Ганьне Бабарэцы скардзіўся (08.06.1925): «Няма блізкіх (з усёй Беларусі я адзін). Няма з кім гаварыць запроста, хоць праўду сказаць, то й зусім гаварыць ні з кім ня хочацца. Тут, ведаеш, сабралася ўся „соль“. Большасьць з Украіны, а то маскалі. І трэба сказаць, што большасьць з усіх зусім не адпачыць панаяжджала сюды. Ну, падумай: ёсьць кабеты — у тры абхваты не абмінеш — чырвоныя, як чорт ведае што. Хіба што — ад тлустасьці аддыхаюць. Цяпер другія — камсамолія. Гэта дык чорт як ведае, чаго яны тут. Што вырабляюць?! /.../ Ёсьць пісклявыя, хоць вушы затыкай. Ёсьць футлярныя. Усялякай дрэні тут шмат, асабліва ветрам шытай, ды „глупай“ — хоць адбаўляй. Праўда, усё гэта закрываецца ўсялякай „вопраткай“ інтэлігентнасьці і таму падобнай „этнасьці“. Ёсьць настаўнікі, ёсьць журналісты. Але няма родных па духу, а гэта раўнасільна таму, што знаходзіцца ў адзіноце» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Вокладка першай і апошняй прыжыцьцёвай кнігі Бабарэкі «Апавяданьні», 1925 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Вокладка першай і апошняй прыжыцьцёвай кнігі Бабарэкі «Апавяданьні», 1925 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)

7. Крытычна ставіўся да беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя

«Літаратура дабагушэвіцкага кругабегу /.../ адыграла нэгатыўную ролю ў справе адраджэньня беларускай літаратуры. Гэта літаратура была чыньнікам імпэрыялістычных імкненьняў, з аднаго боку, панскай Польшчы, а з другога — царскай Расеі да захапленьня Беларусі ў свае рукі. Літаратура была чыньнікам імпэрыялістычных змаганьняў між гэтымі краямі /.../. Пісьменьнікі дабагушэвіцкага кругабегу /.../ карысталіся беларускай мовай як мясцовай гутаркай /.../ з мэтай, у пераважнасьці, паказаць сапсаванасьць гэтых моваў [рускай і польскай. — В. Дэ Эм] на ўскраінах або крэсах. Яны карысталіся беларускай мовай як сродкам таго, што ў выніку прывяло беларусаў да думаньня, што іх мова — гэта мова мужыцкая, хлопская...» (Адам Бабарэка. Аб разуменьні мастацкай творчасьці і аб некаторых пытаньнях у вывучэньні беларускай літаратуры // Узвышша, 1927, № 5).

Вокладка кнігі Якуба Коласа «Новая зямля», 1923 г.
Вокладка кнігі Якуба Коласа «Новая зямля», 1923 г.

8. Лічыў «Новую зямлю» творам школьна-інтымным

«Чытацка ж „Новая зямля“ настроена, як твор школьна-інтымнага чытаньня. Яна мацней дзейнічае ў абстаноўцы інтымнага чытаньня. Тады яна робіць уражаньне, быццам сам аўтар з табою гаворыць і апавядае табе самае замілаванае і любае для яго ды апавядае так, як бы апавядаў настаўнік або наогул старэйшы хто ў сямʼі малодшым з адзіным жаданьнем выклікаць замілаваньне больш да таго, пра што апавядаецца, ніж да самога апавяданьня» (Адам Бабарэка. Пра Коласаву «Новую зямлю» // Узвышша, 1929, № 3).

Вокладка першага выданьня раману Эрыха Марыі Рэмарка «На Заходнім фронце бязь зьменаў», 1929 г.
Вокладка першага выданьня раману Эрыха Марыі Рэмарка «На Заходнім фронце бязь зьменаў», 1929 г.

9. У выгнаньні пачаў быў перакладаць зь нямецкай мовы Рэмарка («На Заходнім фронце бязь зьменаў»), але кінуў, бо расчараваўся ў гэтым аўтару

Літаратуразнаўца Віктар Жыбуль адзначаў, што на гэтым рамане Бабарэка «практыкаваўся ў нямецкай мове», але неўзабаве «расчараваўся ў аўтару і так ня скончыў працу». У лісьце да сваёй сямʼі Бабарэка пісаў (10 красавіка 1931 г.): «Усё ж ён [Рэмарк. — В. Дэ Эм.] мяне не зусім здавальняе. Яго перахвальвалі і пратрубілі пра яго залішне і не па заслугах, так лічу я. Ёсьць слаўныя малюнкі, але няма, як кажуць, душы ўва ўсёй кампазыцыі гэтых малюнкаў, няма ідэі, што цэмэнтавала б іх у адзінае цэльнае палатно паэтычнага мастацтва. Рассыпчатыя яны і не паказваюць шляху да барацьбы са злом вайны, ня кажуць выхаду з гэтага зла» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Літаратурнае абʼяднаньне «Ўзвышша». Язэп Пушча і Адам Бабарэка сядзяць у першым шэрагу зьлева, 1928 г.
Літаратурнае абʼяднаньне «Ўзвышша». Язэп Пушча і Адам Бабарэка сядзяць у першым шэрагу зьлева, 1928 г.

10. Засмучаўся, што ў беларускай паэзіі 20-х панавала крыклівая плякатнасьць

«За апошнія гады мы прывыклі да шумнай паэзіі, траскучай, прызвычаіліся так, што яна нас нават не ўражае. Мы лічым яе звычайным зьявішчам штодзённым. І ўсё, што хоць крышку выходзіць за межы гэтай абвыкласьці, нас пачынае нейк трывожыць, і мы гатовы яго расцэньваць перабольшваючы, надаваць яму і тое, што яму не ўласьціва. Можна і песьні Пушчы так расцаніць — як індывідуалізм, эстэтычную абмежаванасьць, нават упадніцтва, сум і г. д. З другога ж боку іх можна ацаніць як нешта незвычайна высокае, нечуванае, як радасьць...» (Адам Бабарэка. Язэп Пушча. Дні вясны / Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 1. 2011).

Літаратурнае абʼяднаньне «Ўзвышша». Адам Бабарэка і Язэп Пушча стаяць, 1927 г.
Літаратурнае абʼяднаньне «Ўзвышша». Адам Бабарэка і Язэп Пушча стаяць, 1927 г.

11. На выгнаньні заклікаў Язэпа Пушчу не закідаць сваёй творчасьці

«Перапісваўся Язэп толькі з адным Адамам Бабарэкам. Адам пісаў: «Братка, Язэп, даходзяць чуткі, што зусім перастаў пісаць вершы. Дарагі Язэпе, нельга губіць такі талент. Пішы» (Станіслава Плашчынская. З дзён далёкіх і блізкіх // Полымя, 1992, № 6).

У лістах да Язэпа Пушчы (1933/34 гг.) пісаў: «Каб ты ведаў, як згаладаліся мы па роднай нашай узвышанскай паэзіі! /.../ Язэп, я думаю, што прарыў твайго маўчаньня будзе прарывам маўчаньня і ў тваёй творчасьці. (Гэта ж я чуў, што ты за гэты час анічога не пісаў, ці праўда гэта?) /.../ Як бы хацелася пачытаць тваё мастацкае слова» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Адам Бабарэка з жонкай у высылцы, 1934 г.
Адам Бабарэка з жонкай у высылцы, 1934 г.

12. Іранізаваў з марксісцкай літаратурнай крытыкі

У дзёньніку (10.03.1932 г.) пісаў: «Чым жыве сьвет крытыкі марксісцкай? — цікавіўся, беручы артыкул [С. Дынамава „Боевые задачи марксистской критики“] у рукі. Адмаўленьнем, — адказаў мне С. Д[инамов], — аж да самаадмаўленьня, пачынаючы ад варожага і канчаючы памылковым. Адмаўляй направа і налева — вось баявая задача крытыка-маркс[істага]. Адмаўляй і адмаўляйся — і ты ўпісешы, як казалі старыя, у царства нябеснае, то бо ў лона сучаснае крытыкі» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Першае дасьледаваньне, прысьвечанае Адаму Бабарэку, 1976 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Першае дасьледаваньне, прысьвечанае Адаму Бабарэку, 1976 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)

13. Называў сусьвет бязьмежнай ноччу з днём пасярэдзіне

У 1931 годзе Бабарэка занатаваў: «Калі глядзець у вакно з хаты ноччу, дык бачыш толькі чорную пляму, нічога ня бачыш, гэта ноч; калі ж глядзець у вакно з двара і ў хаце гарыць сьвятло, тады відно ўсё, што робіцца ў хаце. Ноч бачыць, што робіць дзень, а дзень ня бачыць, што робіць ноч. Сусьвет — гэта бязьмежная ноч з днём пасярэдзіне» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Урывак зь недапісанага твору «Дно аднэй душы», 1924 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)
Урывак зь недапісанага твору «Дно аднэй душы», 1924 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

14. У высылцы пісаў філязофскія эсэ пра імкненьне савецкіх людзей вырвацца зь ярма таталітарызму

У запісе ад 22 лютага 1932 году чытаем: «„Закрепление“. Гэта слова цяпер часта чуецца з вуснаў кіруючых колаў. „Закрепить“ зямлю за калгасам, „закрепить“ поле за брыгадамі, „закрепить“ трактарыста за трактарам. Замацаваць людзей за пэўнымі рэчамі і рэчы за пэўнымі людзьмі — значыць, устанавіць сталыя дачыненьні між імі, значыць, стабілізаваць пэўныя формы гэтых дачыненьняў. Значыць, завесьці машыну, пусьціць яе ў ход, каб ішла яна пэўны час і вырабляла патрэбную прадукцыю. /.../ Калі праводзіцца замацаваньне, калі гэта воля ажыцьцяўляецца, значыць, у наяўнасьці ёсьць адваротная тэндэнцыя. Чалавек імкнецца вызваліцца ад усялякай залежнасьці, ад усякай улады над сабою, імкнецца быць вольным ад усякай адказнасьці, ад абавязкаў, ад залежнасьці ад другіх. Імкнецца ў вольнае быцьцё» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Рэкляма твораў Міхася Чарота ў «Савецкай Беларусі». 1928 г., № 72, 25 сакавіка
Рэкляма твораў Міхася Чарота ў «Савецкай Беларусі». 1928 г., № 72, 25 сакавіка

15. Зьдзекаваўся з рэвалюцыйнай творчасьці Міхася Чарота

«Калі Чарот кажа, што „Рэвалюцыі кліч мяне пройме“, то так і хочацца крыкнуць: хутчэй адчыняйце дзьверы, пусьцеце яго на вольнае паветра, а гатоў пах (...г...) чыйсьці непрыемны. Яго рэвалюцыі кліч ня ўзьніме на барацьбу на змаганьне, а праймае. Ну, гэта ж, хай тагды на вольным паветры пасходзіць, а ня ў хаце будаваньня новага жыцьця» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Адам Бабарэка з жонкай Ганнай, дочкамі Алесяй (зьлева) і Элеанорай. Чэрвень 1934 г. На адвароце дарчы надпіс Язэпу Пушчу: «Няхай гэта картка будзе залогам нашай далейшай дружбы. 6.ІІІ.35 г.» (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)
Адам Бабарэка з жонкай Ганнай, дочкамі Алесяй (зьлева) і Элеанорай. Чэрвень 1934 г. На адвароце дарчы надпіс Язэпу Пушчу: «Няхай гэта картка будзе залогам нашай далейшай дружбы. 6.ІІІ.35 г.» (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

16. У лістах да жонкі самападманна апраўдваў рэпрэсіі супраць «нацдэмаў»

Мажліва, гэтыя радкі пісаў ён з тым разьлікам, што іх прачытаюць і цэнзары з ГПУ. У лісьце ад 17 ліпеня 1931 г. знаходзім: «Тая апэрацыя выдаленьня з жывога цела савецкай Беларусі такога фурункулу, як нацыянал-дэмакратызм, што зроблена ўжо, і не магла абысьціся, каб не зачапіць і жывога цела. Я думаю, што зь цягам часу ўсё гэта высьветліцца і раны будуць загоены. А наогул апэрацыю гэту зрабіць трэба было. Ты ня можаш сабе ўявіць, што гэта за гніль, вядомая пад назваю нацыянал-дэмакратызм. І нідзе ж яна так не агаліла сябе, як за кратамі. Трэба было быць за імі, каб бачыць ды й на самым сабе выведаць усю гожасьць гэтага гістарычнага сьмецьця. А гэта ж яго магла выявіць вось такая толькі апэрацыя» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Ліст да сямʼі з высылкі, 6.5.35 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)
Ліст да сямʼі з высылкі, 6.5.35 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

17. Будучы ў высылцы, прасіў жонку пераехаць у Маскву, бо гэта дапамагло б яго навуковай працы

У тым жа лісьце чытаем: «...я раіў бы /.../ перавесьціся табе ў Маскву ці Ленінград. /.../ Тваё пражываньне ў вялікім горадзе дапаможа мне ператварыць маё выгнаньне ў свайго роду школу па аўладаньні рабочай тэхнікай, якая так патрэбна мне для мае літаратурна-крытычнай працы. Гэта ж цяпер, як ніколі, адчуваецца брак гэтага грунту для мае любімае працы. І час выгнаньня трэба скарыстаць на тое, каб яго набыць. /.../ І тут ты зможаш мне дапамагчы, калі будзеш жыць у Маскве ці Ленінградзе» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 2. 2011).

Разам з Кузьмой Чорным, ліпень 1925 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)
Разам з Кузьмой Чорным, ліпень 1925 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

18. Зьдзіўляўся, што беларуская літаратура ў другой палове 20-х згубіла сваю значнасьць

«Дзіўная рэч! У нас столькі літаратараў /.../, што, здавалася б, наша культура павінна была б літаратурызавацца. Аднак яно ня так. І прыходзіцца дзівіцца, да чаго літаратура сучасная страціла грамадзкую ролю і значнасьць! Гэта ж столькі паэты і пісьменьнікі пішуць, а вось вазьмеце ж вы нашу моўную, газэтную, спэцыяльную культуру, ці ўбачыце вы там сьляды літаратурнай працы? Не. Вось нек людзі зусім абыходзяцца безь літаратурных дасягненьняў і набыткаў. І выходзіць так: літаратура сабе, а славесная культура сама сабе. Літаратура як бы выспа якая. Нездарма нават зьяўляюцца такія вызначэньні яе як асобнага сьвету» (Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах. Том 1. 2011).

Дзёньнікавыя запісы Адама Бабарэкі. Запіскі выгнанца, 1933 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)
Дзёньнікавыя запісы Адама Бабарэкі. Запіскі выгнанца, 1933 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

19. Лічыў, што савецкая дзяржава ня можа існаваць без рэпрэсаваных

У лісьце да Ўладзімера Дубоўкі (лістапад 1931 г.) пісаў: «Дзяржава /.../ ня можа абыйсьціся бяз ссыльнага /.../ Гэта як неабходнасьць. Бяз ссыльнага і дзяржава не дзяржава. Для чаго ж патрэбен дзяржаве ссыльны? Для таго, каб мець жывую перасьцярогу для мас — жывы помнік недазволенага дзяржаваю, жывы ўзор небыцьця для мас. Вось, маўляў, вам жывы ўзор таго быцьця і небыцьця, да якога прыводзіць непаслухмянства дзяржаве і дзяржаўным людзям. Ссыльны — гэта што жывы плякат для мас з надпісам «ня будзьце гэткімі, і вы ўнасьледуеце царства божае на зямлі». І выраз «гэта ссыльны» азначае — лёзунг: «Ня будзьце гэткімі, будзьце паслушнымі».

Валянцін Волкаў. Партрэт Максіма Багдановіча, 1927 г.
Валянцін Волкаў. Партрэт Максіма Багдановіча, 1927 г.

20. Адзін зь першых, хто заўважыў гістарычную недакладнасьць у вершы Багдановіча «Слуцкія ткачыхі» і даў гэтаму твору нечаканую трактоўку

«...М. Багдановіч піша, здаецца, звычайны вершык „Слуцкія ткачыхі“. У чым справа? /.../ калі зьвернем увагу на тое, што ёсьць гістарычныя весткі аб тым, што слуцкія паясы ткаліся ў майстэрнях адумысловых, а ткалі іх майстры ды за добрую плату, то вынікае пытаньне: чаму ж так? Што? Багдановіч ня ведаў гісторыі, навошта ж і чаму яго верш не адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці? Не, мусіць, ня так. Багдановіч з вышэйшай асьветай. Дый чаму ён зьвярнуў увагу на той факт, што „тчэ, забыўшыся рука, замест пэрсыдзкага ўзору цьвяток радзімы васілька“. Чаму раней да яго ніхто на гэта не зьвярнуў увагі? А вельмі проста: яшчэ не было творчага вопыту, яшчэ не было глебы, на якой мог бы ўзрасьці падобны твор. Справа ў тым, што Багдановіч і сам, а таксама бачыў і яшчэ падобныя факты, быў узяты ў панскі палац ткаць залатыя паясы на пэрсыдзкі ўзор, г. зн. атрымліваў асьвету ў чужой школе і вучылі яго там будаваць чужую культуру, а ён, „забыўшыся“, як дастаў асьвету, стаў працаваць над адраджэньнем роднай культуры — стаў ткаць узор цьвятка радзімага» (Бюлетэнь 1-га Ўсебеларускага зьезду «Маладняка». 1926).

Аўтар выказвае вялікую падзяку дасьледчыку творчасьці Адама Бабарэкі Віктару Жыбулю за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG