Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пралетарскі паэт, расстраляны бальшавікамі. 20 фактаў пра Юрку Лявоннага


Паўлюк Трус і Юрка Лявонны на І Усебеларускім зьезьдзе «Маладняка». Менск, 1925 год

29 ліпеня — 110 гадоў з дня нараджэньня паэта Юркі Лявоннага.

Ён марыў складаць тонкія, лірычныя, карункавыя вершы, але быў вымушаны ляпіць зь сябе пралетарскага паэта, які любіць «барабанныя» творы Маякоўскага. Крыху больш свабоды адчуваў у прасторы прозы, дзе ў яго можна адшукаць нямала прыгожых рэчаў. Цікава, што ў апавяданьнях паказаў сябе большым паэтам, чым у вымушаных рыфмаваных агітках. Таксама зьяўляўся аўтарам цікавых рэцэнзій на спэктаклі, канцэрты і кінафільмы.

Арыштаваны 30 кастрычніка 1936 году ў Менску. На допытах прымушалі даць паказаньні супраць Цішкі Гартнага, але Юрка Лявонны адмовіўся сьведчыць супраць яго.

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 году.

1. Яго крытыкаваў сын Галубка

«Юрка Лявонны ня ўмее правільна будаваць матэрыял сваіх вершаў, ён выхватвае асобныя моманты з жыцьця, пэўнай сыстэмы ў яго няма, ён імкнецца сказаць некалькі слоў аб усім, і адсюль зразумела, што вершы яго кароткія, малапераканальныя, зь незакончанай думкай, і пасьля чытаньня кожнага такога вершу ў чытача вынікае пытаньне: што-ж усё-такі хацеў сказаць аўтар?» (Эд. Галубок. «Гэта сёньня..., а заўтра паход... за аўладаньне мастацкай культурай» // Маладняк. № 2, 1931).

Ліст Юркі Лявоннага ў Цэнтральнае бюро «Маладняка» наконт ганарару. 25 траўня 1926 г.
Ліст Юркі Лявоннага ў Цэнтральнае бюро «Маладняка» наконт ганарару. 25 траўня 1926 г.

2. На старонках «Савецкай Беларусі» вінаваціў Язэпа Пушчу ў імажынізьме і ў тым жа нумары зьмяшчаў уласныя імажынісцкія творы

«Калі разглядаць літаратурныя ўплывы на творчасьць Пушчы, дык адразу застановішся на С. Ясеніне з яго школай „лева-імажыністых“ /.../ Гэта тэндэнцыя — „вобраз праз вобраз“ — ёсьць у шмат якіх маладнякоўцаў. І яшчэ пройдзе, мусіць, некалькі гадоў, пакуль захапленьне гэта ўкладзецца ў належныя рамкі, каб ня было часам, як зараз, незразумелых выбрыкваньняў» (Юрка Лявонны. «Vita» Язэп Пушча // «Савецкая Беларусь» № 161. 1926).

А ў тым жа нумары паэт зьмяшчае свой верш «Захавалась мінуўшчына цесная...», дзе ёсьць такія «лева-імажынсцкія» радкі:

Сьветлакудрыя межы азораны.
На палёх завіваецца рунь.
У краіне, дзе віліся вораны,
Ветры новыя ліжуць расу...

Прыкладна ў гэты ж час у «Аўтабіяграфіі» Юрка Лявонны каяўся: «Лічу для сябе досыць шкодным маё апошняе захапленьне імажынізмам, якое, бязумоўна, не зусім адпавядае мэце абʼяднаньня [„Маладняку“. — В. Дэ Эм.], да якога я належу...» («Аўтабіяграфічная характарыстыка» / Лявонны Юрка. «Пералівы». 2018).

Юрка Лявонны. 1927 г.
Юрка Лявонны. 1927 г.

3. Выкрываў у сваіх вершах алькаголікаў, якія жылі на Шклоўшчыне

У Чорназёмавым савеце —
У Салтанаўцы —
Ёсьць хлапчына на прымеце —
Горкі пʼяніца...

Гэта — удалы Шынкароў.
(Хлопец — «золатца»!)
Цераз шэсьцьдзесят двароў
Лепш ня знойдзеце!..

Самагонку квартай пʼе —
Глядзіць зьверам...
Бабам — дыхаць не дае,
Ломіць дзьверы...

/.../

Але ў Хацімцы, Папоўцы —
(Ўсё на Шклоўшчыне)
Падурэлі зусім хлопцы
У самагоншчыне...

Як падвыпʼюць — бой і крыкі
(Усі з «характарам»!)
Апараты там вялікі, —
Нібы трактары...

(Юрачка. «Дзе што робіцца» // «Магілёўскі селянін». № 28, 8 мая, 1927).

Верш Юркі Лявоннага, прысьвечаны Максіму Багдановічу («Магілёўскі селянін». № 36, 1927)
Верш Юркі Лявоннага, прысьвечаны Максіму Багдановічу («Магілёўскі селянін». № 36, 1927)

4. Захапляўся зоркай украінскай эстрады, якую праз год арыштавалі як удзельніцу Саюзу вызваленьня Ўкраіны

«13 красавіка ў Магілёве з вялізарным посьпехам адбыўся канцэрт украінскай камэрнай і опэрнай песьні ў выкананьні вядомай сьпявачкі М.Ф. Шэкун-Коламійчэнко. Артыстка, уладаючая надзвычайна мэлёдычным і ў той-жа час моцным голасам (драматычнае сапрана) прасьпявала новыя ўкраінскія песьні /.../. Шмат шчырасьці ў сьпевах Шэкун-Коламійчэнко, шмат непасрэднага і глыбокага пачуцьця. /.../ У вапошнія часы Шэкун-Коламійчэнко ўключыла ў свой вялікі рэпертуар і беларускія мэлёдыі, гарманізаваныя нашымі кампазытарамі Аладавым і Прохаравым «Зялёны дубочак» і «Сасонку» (Юр. Л-ны. «Канцэрт Шэкун-Коламійчэнко» // «Магілёўскі селянін». № 30, 1928).

Юрка Лявонны. 1920-я гг. (фота перададзенае Віктарам Жыбулем)
Юрка Лявонны. 1920-я гг. (фота перададзенае Віктарам Жыбулем)

5. Лічыўся «пралетарскім» паэтам, але захапляўся фільмамі, зьнятымі паводле клясычных твораў, рэжысэрамі, якія пачыналі свой творчы шлях у дарэвалюцыйнай Расеі

«З аўторку «Чырвоная Зорка» дэманструе цікавую фільму «Кацярына Ізмайлава», зробленую [рэжысэрам Чэславам Сабінскім. — В. Дэ Эм.] па аповесьці вядомага расейскага пісьменьніка Ляскова. У «Кацярыне Ізмайлавай» паказана трагэдыя жанчыны ва ўмовах купецкага жыцьця старой Расеі, з яе дзікім укладам, поўным забабонаў, звычаяў, умоўнасьцяў. Апрача глыбокага псыхолёгічнага зьместу, у фільме дадзены прыгожыя малюнкі прыроды — ноч на Волзе, паўднёвыя сады і г.д. (Юр. «Кацярына Ізмайлава» // «Магілёўскі селянін». 9 лютага 1928).

Мікола Пашкевіч. Партрэт Якуба Коласа, зьмешчаны на вокладцы часопіса «Чырвоная Беларусь», № 23–24, 1932 г.
Мікола Пашкевіч. Партрэт Якуба Коласа, зьмешчаны на вокладцы часопіса «Чырвоная Беларусь», № 23–24, 1932 г.

6. У часы, калі маладнякоўцы ішлі «ў рожкі са старымі», пісаў, што творы Якуба Коласа маюць агульнаэўрапейскую каштоўнасьць

«Але Колас каштоўны зараз для нас ня толькі сваім рэвалюцыйна-афарбованым паваротам к Кастрычніку. Справа ў тым, што яго творчасьць — ня толькі творчасьць настрою... Мастацкі вытрыманыя малюнкі сялянскага жыцьця, беларускай прыроды, старога бюракратычнага чыноўніцтва — напрыклад, у „Новай зямлі“, рэальна-абмаляванае настаўніцтва „У палескай глушы“, тонкі гумар „У ціхай вадзе“ — усё гэта грунтоўныя ўклады нават у агульна-эўрапейскую літаратуру...» (Юрка Лявонны. «Колас — пясьняр сярмяжнай Беларусі» // «Магілёўскі селянін». № 69, 1926).

7. Лічыў, што многія жывапісныя палотны клясыкаў беларускага сацрэалізму пазбаўлены «подыхаў жыцьця»

«З паасобных майстроў перш за ўсё спыняюць на сабе ўвагу акадэмісты Волкаў, Кругер, Віер. /.../ Праўда, стараньне максімальна выпісаць натуралістычныя дэталі часамі шкодзіць таварышам, а пэўная „иконописность“ пазбаўляе іхнія карціны подыхаў жыцьця, дынамікі» (Юр. Лявонны. «Мастакі БССР за 15 год» // «Звязда». № 53, 1934).

Анкета сябра «Маладняка» Юркі Лявоннага. Аўтограф. 10 кастрычніка 1925 г.
Анкета сябра «Маладняка» Юркі Лявоннага. Аўтограф. 10 кастрычніка 1925 г.

8. Іранізаваў з саматужных паэтаў-сялян Магілёўшчыны

«На глебе паляпшэньня гаспадарчага дабрабыту растуць і дужэюць запатрабаваньні селяніна, растуць і праявы яго творчасьці. У прыватнасьці, той струмень вершаў, абразкоў, апавяданьняў, які цячэ з вёсак і затапляе рэдакцыі, бязумоўна абгрунтаваны агульным уздымам нашай краіны. Але гэтая прагнасьць выліць на паперы свае думкі, пачуцьці, жаданьні вельмі часта нашчэнт разьбіваецца аб тэарэтычную непадрыхтаванасьць аўтараў — вясковых хлопцаў і дзяўчат, аб іхную малапісьменнасьць і поўнае незнаёмства з тэхнікай пабудовы мастацкіх твораў... Так, дзеля гэтага мы і атрымоўваем, напрыклад, гэткія радкі:

На мамашу і папашу
Я састаўлю пратакол.
Прыду позна, прыду рана
Я лажусь на голы пол...

(Т. Вясковы)

/.../ Нашы пачынаючыя паэты павінны паставіць сваёй мэтаю аўладаць хоць самымі пачаткамі тэхнікі пісьменьніцкага рамяства. А дзеля гэтага трэба як мага больш чытаць як клясыкаў, так і найноўшых нашых пісьменьнікаў» (Юр. Л-ны. «Аб творчасьці нашых пачынаючых паэтаў» // «Магіёўскі селянін». № 36, 1928).

Юрка Лявонны. Верш «У дзень ураджаю», падпісаны псэўданімам Леанідаў. Аўтограф. 1925 г.
Юрка Лявонны. Верш «У дзень ураджаю», падпісаны псэўданімам Леанідаў. Аўтограф. 1925 г.

9. Упікаў Максіма Горкага за яго сэрыю артыкулаў «Несвоевременные мысли»

«...Зьяўляючыся натурай надзвычайна ўражлівай, Горкі мог у тых ці іншых выпадках разыходзіцца з асноўнай лініяй партыі, хварэць неразуменьнем некаторых актаў у гісторыі нашай рэвалюцыі...» (Л. «Юбілей Максіма Горкага» // «Магілёўскі селянін». № 19, 1928).

Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Разьбег» (Менск, 1931)
Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Разьбег» (Менск, 1931)

10. Абвінавачваў хрысьціянства ў плягіяце

«Вялікдзень бярэ свой пачатак далёка не ад Хрыста. Ён пераняты хрысьціянствам ад старых паганскіх рэлігій усходніх земляробчых народаў. У іх ён быў сьвятам вясны, вясновага абнаўленьня прыроды. /.../ У калішніх эгіпцян гадоў за 1000 да зьяўленьня хрысьціянства збавіцелем сьвету лічыўся бог Азірыс. Паводлуг вучэньня эгіпецкіх жрацоў Азірыс пражыў на зямлі 28 год, навучыў людзей земляробству, быў здрадніцкі забіты, але ўваскрос і ўзьнёсься на неба, дзе судзіць грэшнікаў і праведнікаў. /.../ Цэлы шэраг іншых дрэўніх народаў таксама сьвяткаваў сьмерць і ўваскрашэньне багоў менавіта вясной, так што хрысьціянства проста карысталася прыдуманай ужо раней байкаю» (Юр. «Каму патрэбен Вялікдзень?.. Навукаю бʼём „Госпада Бога“» // «Магілёўскі селянін». № 28, 1928).

Вершы Юркі Лявоннага ў часопісе «Малады араты», № 7, 1926 г.
Вершы Юркі Лявоннага ў часопісе «Малады араты», № 7, 1926 г.

11. Быў салідарны з Францішкам Аляхновічам, калі крытыкаваў спэктаклі БДТ-1 (будучага Купалаўскага тэатру)

«Сумная аповесьць пра „субчыка“, які, працаваўшы калісьці ў паліцыі, пралез нейкім цудам у партыю і на пасадзе старшыні выканкому гне ў барані рог усю воласьць — зьяўляецца сюжэтам „Карʼеры таварыша Брызгаліна“. /.../ Не адчуваецца шчыльнае сувязі паміж абразамі... Так сабе, нейкія штрыхі, лёганькія малюначкі, з вельмі слабым тыпажам. Зусім не да рэчы пададзена тут „каханьне“ — ашуканства Брызгаліным дзяўчыны. Атрымоўваецца ня проста дробны прайдоха-машэньнік, а клясычны „злодзей“... Гэта — залішняе» (Юр. Л. «Карʼера „таварыша“ Брызгаліна» // «Магілёўскі селянін». № 29, 1928).

Аляхновіч жа ўспамінаў, што калі ў 1926 годзе паглядзеў рэпертуар БДТ-1, то яго: «...Злавала /.../, што сяляне з 1863 году гаварылі моваю сучасных камсамольцаў, гадка /.../ рабілася, калі аднаго з герояў пьесы „Каваль-ваявода“, пабітага, пераможанага, вешалі на сцэне, закідаючы яму вяроўку на шыю...»

Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Жалезныя віхуры». Менск, 1931
Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Жалезныя віхуры». Менск, 1931

12. Быўшы супрацоўнікам газэты «Магілёўскі селянін», крыўдзіўся, што гэтае выданьне адмаўляліся выпісваць

«Зьдзівіла, між іншым, тое, што ў Клімавічах, дзе ёсьць нардом, партпрафклюб і іншыя культурныя ўстановы і арганізацыі, няма „заведения“ накшталт... хаты-чытальні, дзе можна было б пачытаць газэту. Гучыць парадаксальна, але складаецца ўражаньне, што ў Клімавічах няма газэт. /.../ У раённай кнігарні БДВ, куды я ткнуўся было з прапановаю выпісаць „Магілёўскага селяніна“, сярдзіты загадчык захлопнуў перад носам дзьверы, крыкнуўшы: „Я выпісваю тры газэты... Каціцеся далей!“»

(Юр. Лявонны. «Магілёў — Клімавічы. Нататкі з блёкноту» // «Магілёўскі селянін». № 16 Пятніца, 16 лютага, 1929).

Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Стала і мужна». Менск, 1932
Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Стала і мужна». Менск, 1932

13. Неадназначна ставіўся да Льва Талстога

«Талстой у шмат якіх сваіх творах выступаў супроць царызму, супроць самаўладна-паліцэйскага рэжыму, рэзка крытыкуючы асновы буржуазна-капіталістычнае грамады. Але на справе ён не заклікаў да разбурэньня рабаўласьніцкіх формаў грамадзкага быту, а наадварот супярэчыў сваёй пропаведзьдзю „непротивления злу“. Замест барацьбы і паўстаньня — Талстой вучыў хрысьціянскай маралі — цярплівасьці і зьмірэньню. /.../ Мы павінны вучыцца ў Талстога як у вялікага пісьменьніка, расчыніўшага складаны рух чалавечых адчуваньняў. Мы павінны асудзіць і адкінуць рэакцыйнае вучэньне — талстоўства, як філёзофію. І гэта — лёзунг цяперашняго юбілею» (Юр. Лявонны. «Леў Талстой» // «Магіёўскі селянін». № 73, 1928).

Юрка Лявонны, Сяргей Фамін і Пятрусь Броўка на канфэрэнцыі «Маладняка». Люты 1928 г.
Юрка Лявонны, Сяргей Фамін і Пятрусь Броўка на канфэрэнцыі «Маладняка». Люты 1928 г.

14. Юрку Лявоннага закранала, калі яго папікалі за плякатнасьць «ударніцкіх» вершаў

Свае настроі перадаў у «Размове з паэтамі-ўдарнікамі»:

...Часам напомняць
«сябры» і «сяброўкі»:
— У балотак агітак,
ты, братка, зайшоў;

Чаму ў цябе мэтрам —
поэт a la Броўка?
Куды лепей
Таўбін ці Куляшоў!

(Юрка Лявонны. «Размова з паэтамі-ўдарнікамі» // «Полымя», 1931, № 8).

15. У выступленьні балалаечніка бачыў больш мастацтва, чым у фільмах Сяргея Эйзэнштэйна

«Фільм — бытавы. Але ў паасобных месцах „бытавізм“ перарастае ў натуралізм, і даволі грубы... Рэжысура належыць вядомаму дзеячу кіно Эйзэнштэйну. Шчыра кажучы, ад яго можна было чакаць большага. Усё-такі можна было-б увесьці і разьвіць пэўную фабулу, ажывіць дзею, аздобіць яе. /.../ Нельга не адзначыць выступленьні звыш праграмы віртуоза-балалаечніка Кір. Плансона. Яго нумары выконваюцца сапраўды мастацка» (Юр. Лявонны. «Старае і новае» // «Камунар Магілёўшчыны». № 146 Пятніца, 13 сьнежня, 1929).

Вокладка кнігі нарысаў Юркі Лявоннага «Крок пяцігодкі». Менск, 1931
Вокладка кнігі нарысаў Юркі Лявоннага «Крок пяцігодкі». Менск, 1931

16. Абураўся, што паэты-БелАППаўцы нікому не патрэбны ў Магілёве

«Красавіковым вечарам, калі ружавелі ліхтары і нязьлічоныя лужыны акрыліся тонкай коркаю ільду, прыехалі яны ў чацьвярых з Менску: маладыя пісьменьнікі-„Белапаўцы“ — Алесь Звонак, М. Хведаровіч, Сымон Хурсік, Ізі Харык. З першых-жа крокаў іх далёка ня ветліва спаткалі магілёўскія муры. Прышлося абʼезьдзіць усе гасьціньніцы, шукаючы прытулку, бо ні ў воднай з іх не знаходзілася вольнага нумару. Нарэшце „вандроўнікаў“ так-сяк прытуліў на адну ноч Дом Асьветы. /.../ Наша магілёўская грамадзкасьць, трэба сказаць, зусім з недастатковай увагаю аднеслася да прыезду пралетарскіх пісьменьнікаў з Менску. Абсалютна недапушчальным зьяўляецца той факт, што пасьля даволі выпадковага інтэрнацыянальнага вечару ў тэатры, нашы песьняры ледзь не апынуліся на стане „беспрацоўных“; ня было дзе выступаць (!). Няўжо ў культаддзеле АСПС, нарэшце ў мясцкомах паасобных саюзаў і арганізацый не знайшлося чалавека, які-б прыдбаў аб наладжаньні вечара пралетарскае літаратуры, скарыстаўшы іх прыезд?..» (Юр. Лявонны. «Пралетарскія пісьменьнікі ў Магілёве» // «Магілёўскі селянін». № 40, 1929).

17. У сваіх артыкулах выступаў супраць тых габрэяў, якія рабілі сваім дзецям абразаньне

«„І стаіць, — думалася нам, — доктар на вёсцы, як сапраўдны вартаўнік нашых інтарэсаў. І шчыра дапамагае нам у сацыялістычным будаўніцтве. І глядзяць на яго „страждущие и обремененные“ хваробамі, як на ўзор і прыклад“. /.../ Раптам аб сталёвую абшыўку нашых перакананьняў тарпэдаю ўдарыўся допіс з Бялыніччыны. /.../ бялыніцкіх дактароў „зарэзаў“ нож духоўнага разьніка. Не таго разьніка, што ў ціхіх мястэчках, дзе-нідзе, скарачае век пакутлівае жывёлы і птушак — для спакою і роўнавагі ветхіх бабулек. Не! У Бялынічах мільгае з двара ў двор нож, „скальпіруючы“ хлапчукоў, якія дасягнулі 7 дзён. Абразаньне свайму дзіцёнку ўтварыў загадчык больніцы Лурʼе. З благаславеньня рэбэ „не падкачала“ і загадчыца вэтэрынарнага пункту Зэльманава... За Зэльманавай — зубны ўрач...» (Юрка Лявонны. «Бяз бога — ні да парога...» // «Камунар Магілёўшчыны». 4 красавіка, 1930).

Чавусы. Прадмесьце Зарэчча, у якім прайшло дзяцінства паэта. Гравюра А. Шліпера па фатаграфіі М. Астанковіча. Канец ХІХ ст. (Выява, перададзеная Віктарам Жыбулем)
Чавусы. Прадмесьце Зарэчча, у якім прайшло дзяцінства паэта. Гравюра А. Шліпера па фатаграфіі М. Астанковіча. Канец ХІХ ст. (Выява, перададзеная Віктарам Жыбулем)

18. Паездку па местачковым бруку параўноўваў з катаваньнямі гішпанскай інквізыцыі

«Надзейны брук, з велізарных булыжнікаў. Калі едзеш па ім на балаголе (ня дай божа нікому!), дык успамінаеш пыткі іспанскай інквізыцыі. Настолькі „ощутительны“ удары пад уздышша і пад што хочаце» (Юрка Лявонны. «Тыдзень у Чавусах» // «Магілёўскі селянін». № 103, 1929).

19. Абураўся, што ў раённых школьных бібліятэках яшчэ ёсьць кнігі яго рэпрэсаваных таварышаў

«Школьныя бібліятэкі засмечаны нацдэмаўскім хламам. Дагэтуль на іх паліцах знаходзяць сабе прытулак кнігі Ліхадзіеўскага, Таўбіна, Астапенкі. Яны даюцца для карыстання і вучням, і даросламу насельніцтву» (С. Галкін, Юр. Лявонны. «У палоне ў кулакоў і чорнасоценцаў» // «Звязда». № 44 25 лютага, 1934).

Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Выбранае». Менск, 1960
Вокладка кнігі Юркі Лявоннага «Выбранае». Менск, 1960

20. Ананімным укладальнікам у яго кнізе «Выбранага» (1960) былі сьвядома пераблытаныя даты вершаў

«Шмат неспадзяванак чакае таго, хто паспрабуе ўважліва прааналізаваць зьмест „Выбранага“ Юркі Лявоннага 1960 г. Усе вершы ў кнізе датаваныя ўкладальнікам (які чамусьці застаўся ананімным) і, як падаецца на першы погляд, разьмешчаны ў храналягічным парадку. Аднак знаёмства зь першакрыніцамі паказвае, што большасьць дат не адпавядае рэчаіснасьці. /.../ З 43 вершаў кнігі толькі 18 датуюцца правільна! /.../ Для чаго ж спатрэбілася такая містыфікацыя? Відавочна, каб стварыць уражаньне, быццам Юрка Лявонны цягам амаль усяго свайго кароткага жыцьця не страчваў творчага імпэту і працягваў творча працаваць як паэт /.../. Рэальная ж творчая біяграфія Юркі Лявоннага складавалася куды драматычней...» (Віктар Жыбуль. «Паэт вечнай вясны» / Лявонны Юрка. «Пералівы». 2018).

Аўтограф Юркі Лявоннага (фота Віктара Жыбуля)
Аўтограф Юркі Лявоннага (фота Віктара Жыбуля)

Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу паэту і дасьледчыку літаратуры Віктару Жыбулю.

Вярнуў зь нябыту вершы расстраляных паэтаў, сам цудам пазьбег расстрэлу. 20 фактаў пра Рыгора Бярозкіна

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG