Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух пратэстаў у Інгушэтыі — новы Майдан?


Пратэстоўкі ў Магасе, 7 кастрычніка 2018
Пратэстоўкі ў Магасе, 7 кастрычніка 2018

У расейскай аўтаномнай рэспубліцы Інгушэтыя масавыя пратэсты працягваюцца з канца верасьня.

Сёньня ў горадзе Магасе ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць дамовы аб мяжы з Чачнёй перасунуліся на іншае месца, да будынку мясцовай тэлерадыёкампаніі.

Пра гэта паведаміў «Інтэрфаксу» адзін з арганізатараў мерапрыемства Муса Мальсагаў. Паводле яго слоў, гэта адбылося паводле ўзгадненьня з уладамі. Раней той жа Мальсагаў распавёў, што ўлады ўхвалілі правядзеньне тыднёвай акцыі з 9 кастрычніка на 5 тысяч чалавек.

«Актывісты перанесьлі намёты з цэнтральнай плошчы Магасу на тэрыторыю перад будынкам нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Інгушэтыі «для правядзеньня санкцыянаванага ўрадам рэгіёну масавага мерапрыемства з 8 па 15 кастрычніка. Мітынг праходзіць на цэнтральным праспэкце імя Зязікава», — сказаў актывіст.

Мальсагов распавёў, што колькасьць пратэстоўцаў дакладна вызначыць складана, таму што яна ўвесь час зьмяняецца: «Людзі ідуць дадому, адпачываюць, цяплей апранаюцца і вяртаюцца», — растлумачыў ён.

*****

Пратэсты ў Магасе пачаліся ў верасьні пасьля абвастрэньня сытуацыі ў Сунжанскім раёне на мяжы дзьвюх рэспублік — Інгушэтыі і Чачні. Чачэнскія будаўнікі пад аховай вайсковых падразьдзяленьняў пачалі будоўлю дарогі на тэрыторыі запаведніка ў Інгушэціі, для чаго ў Сунжанскім раёне быў уведзены рэжым контртэрарыстычнай апэрацыі.

Пасьля гэтага 26 верасьня кіраўнік Інгушэтыі Юнус-Бек Еўкураў і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў падпісалі пагадненьне аб пераглядзе мяжы паміж рэспублікамі. Жыхары Інгушэтыі ўбачылі ў ім перадачу Чачні «традыцыйных інгускіх земляў», а некаторыя выказалі ўпэўненасьць, што на гэтым участку знаходзяцца запасы нафты.

4 кастрычніка дэпутаты інгускага рэспубліканскага парлямэнту ратыфікавалі пагадненьне аб мяжы, нягледзячы на тое, што законапраект атрымаў адмоўны водгук Канстытуцыйнага суду Інгушэтыі. Пасяджэньне Народнага сходу, дзе зацьвярджалася пагадненьне, праходзіла на фоне масавых пратэстаў у Магасе. Некаторыя дэпутаты пазьней заявілі, што іх галасы сфальсыфікавалі, і запатрабавалі паўторнага галасаваньня па пагадненьні.

Частка пратэстоўцаў у Магасе дамагаюцца правядзеньня рэфэрэндуму і адстаўкі кіраўніка Інгушэтыі Юнус-Бека Еўкурава, які падпісаў дамову з Кадыравым, лічачы яго здраднікам інтарэсаў інгушоў.

У нядзелю на мітынгу выступіў былы прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аушаў, які заявіў, што кіраўніцтва рэспублікі зрабіла памылку, заключыўшы дамову з Чачнёй. «Трэба было гэтае пытаньне ўзгадніць з народам», — заявіў Аушаў. На бок пратэстоўцаў стаў Канстытуцыйны суд рэспублікі, які зрабіў заяву аб неабходнасьці рэфэрэндуму аб пагадненьні з Чачнёй.

Пратэстоўцы ў Магасе
Пратэстоўцы ў Магасе

Па стане на раніцу панядзелка сілавікі паабяцалі не ўжываць сілу да пратэстоўцаў у Магасе.

«На сустрэчы прысутнічала тры генэралы — намесьнік кіраўніка МУС Расеі па Паўночна-Каўкаскай фэдэральнай акрузе Сяргей Бачурын, кіраўнік МНС Інгушэтыі Руслан Калоеў і супрацоўнік офісу паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ ў Інгушэтыі. Мы далі адзін аднаму гарантыі: мы будзем выконваць парадак, а яны будуць нас ахоўваць ад праблем і боек. Мы падалі апавяшчэньне на мітынг. Яны сказалі, што ня будуць ужываць сілу, калі для гэтага ня будзе падставаў», — сказаў тэлеканалу «Настоящее время» праваабаронца Магамэд Муцольгаў.

Арганізатарам пратэсту таксама паабяцалі сустрэчу з паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта РФ па Паўночнакаўкаскай фэдэральнай акрузе Аляксандрам Матоўнікавым.

З прычыны пратэстаў у Інгушэтыі фактычна не працуе мабільны інтэрнэт і сотавая сувязь. Жыхары дамоў па суседзтве зь месцам правядзеньня мітынгу адкрываюць у сваіх кватэрах Wi-Fi-кропкі, каб удзельнікі акцыі маглі падлучыцца да інтэрнэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG