Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сынусоіды Крукоўскага, Або найбуйнейшы філёзаф, які сышоў недаацэненым


Мікалай Крукоўскі
Мікалай Крукоўскі

Сёньня споўнілася 5 гадоў з дня сьмерці сусьветнавядомага беларускага філёзафа Мікалая Крукоўскага. Прапануем вашай увазе круглы стол з удзелам супрацоўнікаў Беларускай службы Радыё Свабода, запісаны адразу пасьля сьмерці філёзафа. Удзельнічаюць Сяргей Абламейка, Сяргей Дубавец і Сяргей Навумчык.

Абламейка: Мы гаворым пра памерлага беларускага філёзафа Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага. На маю думку, гэта быў найбуйнейшы беларускі філёзаф ня толькі ХХ стагодзьдзя, але, магчыма, і зь ліку тых, хто калі-небудзь жыў на беларускай зямлі і называў сябе філёзафам. Гэта быў эстэтык, ён прысьвяціў сваё жыцьцё вывучэньню і асэнсаваньню прыгожага.

Я думаю, ён пайшоў з жыцьця недаацэненым, наш народ трошачкі прайшоў міма яго. Сам Крукоўскі лічыў, што культура, як і цывілізацыя, і народы, разьвіваецца па сынусоідзе. Ёсьць усплёскі і падзеньні. Ён лічыў, што мы цяпер знаходзімся ў пэрыядзе падзеньня. А як бы вы, калегі, ахарактарызавалі сёньняшні стан беларускага народу і яго культуры?

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Дубавец: Наш народ трошачкі прайшоў міма сябе. Мы жывем у такой стадыі, калі культура не прадукуецца, калі страчаная сувязь часоў, і ў атмасфэры ўсеагульнага маўчаньня сыходзяць недаацэненымі найвялікшыя мысьляры, пісьменьнікі, мастакі.

Мне гэта нагадвае сытуацыю пасьля расстрэлаў беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў у 1937-м годзе. Надзвычай таленавітыя сярод іх былі людзі, і калі праз 20-30 гадоў зноў пачалі выдаваць іхныя кніжкі, — яны апынуліся па-за часам, яны не ўвайшлі ў літаратурны працэс, і ці ўвойдуць некалі — вялікая загадка.

Праўда, гісторыя сусьветнай культуры ведае прыклады, калі вярталіся імёны і творы праз 100 і праз 200 гадоў. Але факт, што сёньня мы не ў прадуктыўным пэрыядзе нашай гісторыі знаходзімся, і, на жаль, спадчына таго ж Міколы Крукоўскага, яна хутчэй за ўсё ўжо з тых страчаных, якія мы пасьля будзем адкрываць для сябе наноў, бо няма пераемнасьці.

Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

Абламейка: Мяне не пакідае пачуцьцё вялікай страты, і ня толькі пэрсанальнай (я быў знаёмы з Мікалаем Ігнатавічам і ў пэўнай ступені магу назваць яго сваім старэйшым сябрам), але і буйной культурнай страты.

Калі я думаю, што ён на 30 гадоў раней за Гантынгтана прадказаў канфлікт цывілізацыяў, або на 20 гадоў раней за Тойнбі пачаў пісаць пра тыя рэчы, пра якія пісаў Тойнбі... Або калі я думаю, пра чатыры яго манаграфіі, прысьвечаныя асэнсаванью фэномэна прыгажосьці... Яго ведалі ў сьвеце, ягоную кніжку «Чалавек прыўкрасны» пераклалі шмат дзе, нават у Кітаі...

І цяпер вось неяк цяжка зьмірыцца з тым, што яго даробак можа страціцца незваротна. Я маю на ўвазе — можа быць забыты, бо моладзь такімі рэчамі цяпер ня надта цікавіцца. І агульнакультурная сытуацыя ў краіне не спрыяе захаваньню даробка такіх людзей, такіх тытанаў, як Крукоўскі. Баюся, што новыя пакаленьні беларусаў могуць прамінуць спадчыну філёзафа...

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Навумчык: Так, я таксама адчуваю гэта ня толькі страту для нацыі, але і ў пэўным сэнсе як асабістую страту. Сяргей Дубавец гаварыў пра час, дык мне падаецца, што Крукоўскі якраз патрапіў на вяршыню той самай сінусоіды разьвіцьця грамадзтва, нацыі, пра якую ён казаў.

Маю на вазе пачатак 1990-ых, нагадаю, што Мікалай Ігнатавіч быў у Народным Фронце, ён быў даверанай асобай Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах, ён нароўні з Артурам Вольскім. Васілём Быкавым, уваходзіў у Дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў. Гэта яго разам з Быкавым не пусьцілі да плошчы Перамогі ў 1994 годзе ўскласьці кветкі. Гэта ён пісаў артыкулы, падпісваў лісты супраць далучэньня Беларусі да нейкіх расейскіх авантураў — і калі яшчэ не было Лукашэнкі, і пры Лукашэнку.

Ці будзе ён ацэнены ў часе? Ну, трэба сказаць, што ўвогуле філязофія — гэта такая сфэра, якая мала каму зразумелая. Яна зразумелая эліце элітаў. Я скажу зараз, можа быць, не зусім ветлівую рэч, я не хачу называць прозьвішчы, але я бачу некаторых іншых філёзафаў, якія вельмі шырока прапагандуюцца, якраз у апазыцыйных асяродках, якія заяўляюць, што пэрыяд Адраджэньня пачатку 90-х — гэта ледзь не генацыд беларускай нацыі. Ну дык я тады скажу, лепш бы яны былі па-за межамі вядомасьці.

Не, Крукоўскі якраз у мяне асабіста пакінуў адчуваньне чалавека аптымістычнага. Ён пісаў песымістычныя рэчы (бо цьвяроза ацэньваў рэальнасьць), але як чалавек ён быў сьветлы. Чалавек ня толькі думкі, але і дзеяньня. Прыгадаем, што ён у юнацтве быў у партызанах.

Абламейка: Пытаньне да Сяргея Дубаўца. Вы зьвярнулі ўвагу на тое, што раней з культурнага працэсу выпалі тыя, каго расстралялі ў 1930-я. Рэпрэсіі — гэта ў пэўнай ступені палітычная катэгорыя. Сяргей Навумчык таксама зьвярнуў увагу на палітычны аспэкт у дзейнасьці Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага. Але ці толькі палітычныя прычыны ў тым, што мы сёньня ня ведаем сваіх герояў? Ці тут ёсьць і праблема культуры?

Дубавец: Я думаю, гэта справа бытаваньня культуры, наколькі ёй у краіне дазволена бытаваць. У Беларусі, напрыклад, пры цяперашнім рэжыме дазволена дазаванае бытаваньне культуры. Улада вельмі ўважліва сочыць, каб не было вялікіх накладаў у незалежных выданьняў, у кніг, каб было дазаванае ўжываньне беларускай мовы ў СМІ, у жыцьці, у афармленьні вуліц — ва ўсім, што заўгодна.

Вось у такіх умовах культуры вельмі няўтульна і няёмка пачувацца. І тым ня менш яна ёсьць, яна нараджаецца, маладая культура. І для яе вельмі важна, калі ёсьць нейкія, як бы раней сказалі, маякі, нейкія абсалютныя вышыні культуры, якія на сусьветным узроўні ў сваёй культуры прысутнічаюць, тады ёсьць куды імкнуцца, і тады моладзь цягнецца, імкнецца.

Але, падкрэсьлю, мы пра гэта казалі, і варта паўтарыць, што ўся жывая беларуская культура сёньня ня мае да дзяржавы ніякага дачыненьня.

Абламейка: Мікола Крукоўскі лічыў, што постмадэрнісцкае мастацтва, мастацтва сёньняшняга дня ў пэўнай ступені зьяўляецца «вычварэньнем культуры» (гэта яго тэрмін), і ён параўноўваў гэтае вычварэньне з вычварэньнем нашага «асноўнага інстыткту», як ён казаў.

У яго былі вельмі цікавыя філязофскія погляды на чалавека, ён выводзіў іх з Арыстоцеля і Гегеля, але, разам з тым, будучы вернікам (ён належаў да менскай грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язэпа, яго дачка зьяўляецца там рэгентам) і адначасова навукоўцам хацеў знайсьці кампраміс царквы і навукі.

Ён казаў, што ў чалавеку жыве і зьвярынае, і чалавечае, сацыяльнае. Калі чалавек стаў жыць вялікімі супольнасьцямі, дык у яго патрэба мірыцца з тымі, хто побач, перамагла жаданьне жэрці адзін аднаго. Але разам з тым, казаў Крукоўскі, тое злое ў нас застаецца. І вось цяпер, у нашы часы, злое ў людзях, паводле Крукоўскага, выходзіць навонкі. І гэта праяўляецца і ў палітыцы, і ў мастацтве.

Што можа зрабіць сёньняшняе эліта, каб тыя манаграфіі пра прыгажосьць (іх чатыры), якія былі ў сьвеце ацэненыя, не прайшлі міма тых, хто цяпер жыве ў Беларусі? Ці толькі прапагандай займацца і выданьнем? І якія шляхі вяртаньня да гэтых каштоўнасьцяў?

Навумчык: Так, цалкам пагаджаючыся з ацэнкай гаротнага і цяжкага стану, у які ўвагнаная беларуская культура, скажу, што нацыянальная беларуская культурніцкая эліта ў падвоена цяжкім стане. З аднаго боку, гэта прэсінг улады, а з другона боку — агульнасусьветная тэндэнцыя.

Вось я днямі вярнуўся з Лёндану, зайшоў там у некалькі кніжных крамаў (ня ў самую вялікую, што на Пікадзілі — але і не ў маленькія). І мяне зьдзівіла, што ў краме вы ня знойдзеце збораў твораў Дыкенса, Талстога, Дастаеўскага, Мапасана, Марсэля Пруста, хіба асобныя іх творы, затое безьліч клясыкаў — у коміксах.

І такую ж сытуацыю я бачу ў Нью-Ёрку, практычна паўсюль. Ня ведаю, на каго гэта разьлічана, але спрошчваньне ідзе татальна. Спрошчваецца Шэксьпір на сцэне, спрошчваецца Бэтховэн у радыёэфіры. І гэта агульная тэндэнцыя. Магчыма, гэта модна — але і небясьпечна.

Думаю, эліта павінна не ісьці на паваду масавага чытача, масавага гледача, а неяк захоўваць вернасьць тым, хто быў і застаўся (вы прыгадалі Арыстоцеля) рэальнымі творцамі, мысьлярамі яшчэ і таму, што ня спрошчвалі сьвет, глядзелі на яго складана. Сьвет складаны сам па сабе, і вось якраз у складанасьці яго і разумеў Крукоўскі. Ён ніколі не жадаў быць модным, і гэта ня толькі ягоная якасьць, але і ягоная заслуга.

Абламейка: Зноў пытаньне да Сяргея Дубаўца. Сяргей Навумчык узгадаў Дастаеўскага. Цікава, што Мікола Крукоўскі прысьвяціў спэцыяльную працу Дастаеўскаму, а менавіта ягонаму выразу, што «прыгажосьць уратуе сьвет». Калі яго пыталі, ці ўратуе прыгажосьць сьвет, ён заўсёды адказваў, што трэба ратаваць саму прыгажосьць.

Што можна і трэба рабіць, каб Крукоўскі і яго працы заставаліся зь беларускім народам? Ці дастаткова, напрыклад, у «Беларускім кнігазборы» выдаць том ягоных лепшых працаў?

Дубавец: Тут нічога ня будзе дастаткова, колькі б мы ні фантазіравалі, таму што зашмат прыгажосьці і зашмат культуры не бывае. Трэба ратаваць прыгажосьць саму. І калі б той жа Крукоўскі, гледзячы зь неба, бачыў маладых беларускіх паэтаў, якіх зараз нямала нараджаецца, і вельмі добрага ўзроўню, вельмі цікавыя ёсьць паэты, ён бы цешыўся, што ўсё адбываецца.

Вось мы гаворым пра дзяржаву; ясна, калі дзяржава шкодзіць — кепска. Але ўсё, што нараджаецца ў культуры жывога, вечнага і абсалютна вартага, яно нараджаецца з душы канкрэтнага чалавека. Цяпер мы страцілі вёску, раней вёска давала кадры беларускай культуры, але зараз мы бачым, што і ў горадзе нараджаюцца паэты і пісьменьнікі, і перакладчыкі. І вакол гэтага дастаткова цікавасьці. Гэта ня тысячы народу, хай сотні, але людзі цікавяцца, выдаюцца кнігі.

Я думаю, калі час набудзе хуткасьць (вось Сяргей прыгадваў такі пачатак 1990-х), і зноў мы вылезем на вяршыню сынусоіды, пачнецца інтэнсіўнае разьвіцьцё ўсяго, усё тое, што мы маем сёньня ў прыдушаным стане, проста расквітнее.

Абламейка: Сяргей, а вы верыце ў тое, што сынусоіда беларусаў пойдзе ўгару, і мы зможам належным чынам абараніць прыгажосьць, у тым ліку і спадчыну Крукоўскага?

Навумчык: А гэта не залежыць ад нашай веры ці няверы. Сінусоіда ідзе ці ўніз, ці ўверх. Так што ёй нічога не застаецца, я ісьці ўверх.

Абламейка: Сам Крукоўскі пісаў, што праблема ў тым, знаходзімся мы ўнізе сынусоіды эўрапейскай ці ўсяго чалавецтва. Добра, калі эўрапейскай, а калі ўсяго чалавецтва, казаў ён, дык гэта вельмі кепска. Будзем спадзявацца, што мы толькі ўнізе эўрапейскай, беларускай сынусоіды, і неўзабаве пойдзем на пад’ём.

***

Мікола КРУКОЎСКІ нарадзіўся 16 лістапада 1923 году ў вёсцы Машкова Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, памёр 30 верасьня 2013 году ў Менску. Беларускі філёзаф, культуроляг. Доктар філязофскіх навук, кандыдат філялягічных навук, прафэсар.

Падчас Другой сусьветнай вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт. Ваяваў у партызанскай брыгадзе Канстанціна Заслонава. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, мэдалём «За адвагу», мэдалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені.

Пасьля вайны скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. З 1963 году выкладаў у БДУ, з 1994 году — у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, адначасова з 1998 года ў Нацыянальным навукова-асьветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны.

Аўтар шматлікіх артыкулаў і навуковых прац па праблемах філязофіі, тэарэтычнай эстэтыкі, культуралёгіі, станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці, узаемаадносін культуры і сувэрэнітэту народа. Навуковыя інтарэсы Крукоўскага мелі шырокі абсяг, ахопліваючы сабою філязофію, лінгвістыку, эстэтыку і культуралёгію. На аснове гегелеўскай традыцыі ім створана і прапанавана арыгінальная эстэтычная канцэпцыя, яна ўключае ў сябе і структурна-функцыянальны падыход агульнай тэорыі сыстэм, якую ён трактуе ў цеснай сувязі з дыялектыкай Гегеля, а таксама канцэпцыя цыклічнага разьвіцьця культуры, што была прапанаваная ім яшчэ ў 1965 годзе незалежна ад Шпэнглера, Тойнбі і Сарокіна, тады малавядомых яшчэ ў савецкай навуцы. У тых жа працах, амаль на дваццаць год абагнаўшы Гантынгтана, Крукоўскім была ўзьнята найактуальнейшая праблема ўзаемадзеяньня розных культур.

Аўтар манаграфій: «Лёгіка прыгажосьці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Вопыт сыстэматызацыі» (1974), «Кібэрнэтыка і законы прыгажосьці» (1977), «Homo pulcher — Чалавек прыгожы» (1983), «Філязофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралёгію» (2000), «Бляск і трагедыя ідэалу» (2007) і іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG