Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага апазыцыянэра Навальнага зноў арыштавалі. Яму пагражае крымінальная справа


Аляксей Навальны (архіўнае фота)
Аляксей Навальны (архіўнае фота)

Сіманаўскі суд Масквы асудзіў расейскага апазыцыйнага палітыка, кіраўніка Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага да 20 сутак арышту паводле артыкулу «Дзеяньне або бязьдзейнасьць пры правядзеньні мітынгу, якія пацягнулі шкоду здароўю чалавека або маёмасьці».

Аляксей Навальны прызнаны арганізатарам несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць пэнсійнай рэформы, якая прайшла 9 верасьня ў Маскве, — нягледзячы на тое, што ў гэты самы час ён знаходзіўся пад арыштам у спэцпрыёмніку. Падчас акцыі, паводле вэрсіі абвінавачваньня, пратэстоўцы падрапалі «лякафарбавае пакрыцьцё паліцэйскага аўтамабіля».

Прэс-сакратар ФБК Кіра Ярмыш паведаміла, што агулам гэта ўжо 10-й адміністрацыйны арышт Навальнага. Без уліку цяперашняга тэрміну ён правёў у спэцпрыёмніку 172 дні.

Аляксея Навальнага затрымалі ў панядзелак раніцай адразу пасьля таго, як ён адбыў 30 сутак адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачваньня ў паўторным парушэньні правілаў правядзеньня мітынгу (гаворка ідзе пра «Забастоўку выбарнікаў» — усерасейскую акцыю пратэсту супраць несумленных выбараў, якая прайшла 28 студзеня).

Як мяркуе кіраўнік міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў, Навальнага не выпадкова цяпер прыцягнулі да адказнасьці менавіта па гэтым адміністрацыйным артыкуле — ён ідэальна падыходзіць для завядзеньня крымінальнай справы за «неаднаразовае парушэньне правілаў арганізацыі альбо правядзеньня мітынгу».

Паводле пастановы Канстытуцыйнага суда Расеі, крымінальная адказнасьць за мітынгі магчымая пры наяўнасьці дзьвюх умоваў: трох адміністрацыйных арыштаў за паўгода і шкоды, нанесенай здароўю або маёмасьці. Два арышты за паўгода ў Навальнага ўжо ёсьць — ён атрымліваў па 30 сутак за арганізацыю мітынгаў 15 траўня і 27 жніўня. Артыкул, па якім ён быў асуджаны 24 верасьня, якраз утрымлівае элемэнт для крымінальнага перасьледу — прычыненьне шкоды.

Да гэтага адзіным асуджаным паводле артыкулу крымінальнага кодэксу «Неаднаразовае парушэньне правілаў арганізацыі альбо правядзеньня мітынгу» быў апазыцыйны актывіст Ільдар Дадзін. У 2015 годзе яго прысудзілі да 3 гадоў пазбаўленьня волі. У той час справу па гэтым артыкуле можна было распачаць і без наяўнасьці шкоды маёмасьці.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала расейскага апазыцыянэра Навальнага вязьнем сумленьня і заклікала неадкладна вызваліць яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG