Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сочы-2. Ці праваліўся саміт?



Беларуска-расейскі саміт Сочы-2, ад якога чакалі вырашэньня ўсіх спрэчных пытаньняў, закончыўся без канкрэтных вынікаў. Але, як вядома, адсутнасьць вынікаў ёсьць таксама вынік.

Агулам перамовы цягнуліся каля шасьці гадзін. Спачатку каля двух гадзінаў перамаўляліся прэм’ер міністры Дзьмітрый Мядзьведзеў і Сяргей Румас. Потым з запазьненьнем на дзьве гадзіны зьявіўся Уладзімір Пуцін. Саміт у пашыраным складзе цягнуўся каля трох гадзін. Пасьля перамовы працягваліся ў фармаце працоўнага абеду.

Аднак ніякай інфармацыі пра вынікі не паведамлялася. Прычым, дружна маўчаць прэсавыя службы абодвух бакоў. Няма ніякай нават кулюарнай уцечкі інфармацыі. Відаць па ўсім, было прынята адпаведнае рашэньне.

З аднаго боку, здаецца, нічога нечаканага. Абсалютная большасьць сустрэч Аляксандра Лукашэнкі і Уладзімера Пуціна заканчваюцца гэтак сама. То бок, ні яны самі не выходзяць да прадстаўнікоў СМІ, ні прэсавыя службы нічога не камэнтуюць.

Дарэчы такая практыка зьяўляецца вельмі добрай ілюстрацыяй да сутнасьці палітычных рэжымаў Беларусі і Расеі. Бо лідэры дэмакратычных дзяржаў адчуваюць сваю падсправаздачнасьць грамадзтву і вымушаны праз мэдыі тлумачыць насельніцтву вынікі сваіх міжнародных перамоваў, сустрэчаў.

У журналісцкім асяродзьдзі ўжо склаўся пэўны стэрэатып ці прыкмета: калі пасьля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі няма ніякай інфармацыі пра вынікі, то, значыць, бакі не дамовіліся. У большасьці выпадкаў гэта сапраўды так.

Але гэты саміт асаблівы. Да яго шмат рыхтаваліся. Папярэднія перамовы вялі прэмʼер-міністры, ві-цэ-прэмʼеры, міністры двух краін. Яны павінны былі падрыхтаваць рашэньні для прэзыдэнтаў. Таму адсутнасьць усялякай інфармацыі па выніках Сочы-2 выглядае трохі дзіўнай.

Аднак я б не сьпяшаўся казаць пра правал саміту і пра тое, што бакі ўступаюць у пэрыяд вострай канфрантацыі. Бо ёсьць шэраг прыкмет, якія сьведчаць пра намер вырашыць праблемы і шукаць кампраміс.

Найперш, варта зазначыць, што калі б Пуцін не зьбіраўся ісьці насустрач беларускім просьбам, то ўсё закончылася б на саміце Сочы-1 22 жніўня. Аднак тады менавіта прэзыдэнт Расеі (па вэрсіі Лукашэнкі) прапанаваў новую сустрэчы ў пашыраным складзе дзеля вырашэньня спрэчных пытаньняў.

Здаецца, зьнятая праблема наконт выдзяленьня чарговай траншы крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры 200 мільёнаў даляраў. Грошы павінны прыйсьці днямі.

Паводле заяваў расейскіх чыноўнікаў, Масква гатовая весьці перамовы аб кампэнсацыі стратаў Беларусі ад расейскага падатковага манэўру. Больш за тое, ёсьць інфармацыя, што адпаведныя перамовы па гэтаму пытаньню ўжо ідуць.

У гэтым сэнсе цікавая рэпліка Лукашэнкі, сказаная на пачатку саміту, што «да канца году практычна ўсе пытаньні разьвяжам». То бок, з гэтых словаў вынікае, што існуюць супярэчнасьці паміж бакамі, і яны пакуль не ўрэгуляваныя. І, адначасова, можна меркаваць, гэтыя супярэчнасьці не прынцыповыя, бакі гатовыя да кампрамісу.

То бок, рызыкую зрабіць прагноз, што Расея не зьбіраецца спыняць субсыдыі беларускай эканоміцы. Спрэчка ідзе толькі пра памер гэтых субсыдый, мэханізмы і тэрміны рэалізацыі. Масква гатовая плаціць за саюзьніцтва. У гэтым сэнсе мала што мяняецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG