Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў фінальны том «Сямейнай сагі» Стагановічаў


«Абрэзкі зь мінулых гадоў» — так называецца кніга Тамары Стагановіч-Кольба, якая выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор». Гэта ўспаміны беларускай мастачкі, якая нарадзілася ў 1930 годзе на Наваградчыне, але ў 1944-м разам з бацькамі выехала ў Нямеччыну.

Там была вучоба ва ўкраінскай гімназіі ў лягерах для перамешчаных асобаў, затым прыбыцьцё ў ЗША на сталае жыхарства. Аўтарка падрабязна і займальна апісвае сваё навучаньне мастацтву, сямейнае, прафэсійнае і грамадзкае жыцьцё.

Свае ўспаміны яна пісала пасьля выданьня мэмуараў бацькі і маці, і гэты тэкст стаў своеасаблівай фінальнай часткай «сямейнай сагі» Стагановічаў. Гэта ўнікальны выпадак у беларускай культурнай прасторы, калі ў адной сям’і створана столькі мэмуарных тэкстаў, пры гэтым розных паводле зьместу, характару, храналёгіі.

Тамара Стагановіч-Кольба
Тамара Стагановіч-Кольба

Успаміны Тамары Стагановіч вылучаюцца з шэрагу тэкстаў беларускай эміграцыйнай, дый ня толькі, мэмуарыстыкі сваёй скрайняй шчырасьцю, адкрытасьцю аповеду, — зазначае аўтарка прадмовы і камэнтароў, дасьледчыца беларускай эміграцыі Натальля Гардзіенка. — Назіраньні, сумневы, роздумы над жыцьцём, спробы разабрацца ва ўласных і чужых пачуцьцях, патлумачыць тыя ці іншыя ўяўленьні пра людзей і навакольле складаюць неад’емную частку аповеду. Таксама важна, што, у адрозьненьне ад іншых эміграцыйных мэмуараў, у цэнтры «Абрэзкаў зь мінулых гадоў» выразна стаіць сама жанчына-аўтарка зь яе імкненьнем да самарэалізацыі«.

Колькі зарабляў пасол у польскім сэйме

Бацька мастачкі Аляксандар Стагановіч у міжваенны час быў паслом у сэйме Польшчы. Гэта як цяперашні дэпутат Вярхоўнага Савету. Яго абралі землякі-наваградцы.

Тамара Стагановіч згадвае: «Папа знаў, што ўсе паслы дастаюць велічэзныя грошы кожны месяц: 1306 злотых — 6 кароў за іх можна было б купіць, або 650 пудоў збожжа. Ён тады прысягнуў сабе, што гэтымі грашыма ён ня будзе паляпшаць стан сваёй сям’і, ня будзе купляць больш зямлі, а стане дапамагаць бедным сялянам, каб павысіць іхні стан жыцьця. Калі ён прыяжджаў з Варшавы ў Наваградак, яго абступалі знаёмыя й незнаёмыя сяляне, якія прыехалі на базар, просячы „пазычкі“. Папа „пазычаў“ ім грошы, здаючы сабе справу, што яны ніколі ня змогуць яму назад вярнуць. А тады, калі ён ад’яжджаў у Варшаву зноў, быў змушаны пазычаць грошай на дарогу ў знаёмага жыда Бярковіча.

Не забываўся ён і за беларускую гімназію. На рукі Скрабца ён даў 500 злотых, ды абяцаў штомесяца ўкладаць па 300 злотых у беларускую гімназію.

За год паслом Папа мог бы купіць 72 каровы! А ён нават і аднае не дабавіў да свае гаспадаркі! Ані каровы, ані каня, ані сьвіньні, ані авечкі, ані курыцы, ані гусі, ані качкі, і нават ані аднаго гектару зямлі — Аляксандар Стагановіч не купіў і не адклаў ані аднаго гроша ў банк!

Усім ім не ўмясьцілася ў галаве, каб такі чалавек існаваў, што не хацеў узбагаціць сваю сям’ю, як гэта рабілі большасьць зь іх! Нават некаторыя нясутыцкія мужчыны нібы дакаралі яму за ягоную ахвярнасьць, кажучы: „Ты, Стагановіч, маеш карову, але іншыя яе дояць“. А Папа ім адказваў: „Так, гэта так і выглядае, але гэта ж яны мяне выбралі ў паслы, дык гэта іхняя карова“».

Спадзяваліся, што Амэрыка трахне па савецкім рэжыме

Выяжджалі зь Беларусі, пераконаныя, што гэта часова, — піша Тамара Стагановіч. Спадзяваліся, што моцныя краіны зьнішчаць камуністычны рэжым і яны вернуцца на радзіму. Але сталася інакш: «часовасьць» расьцягнулася на ўсё жыцьцё.

«Ніхто ня любіць галодных людзей, ніхто не накорміць іх дасыта, ніхто ня хоча даць табе прытулку нават і ў гумне (аборы?). А надзея на вяртаньне на Беларусь адступала далей і далей. Ужо не было надзеі, што выгнаньне — гэта ёсьць „тэрміновае“, яно больш і больш уразалася ў мае мазгі, гэта будзе ўжо назаўжды. Толькі ў 1945 годзе ўсе думалі й спадзяваліся, што Амэрыка трахне па савецкім рэжыме й усе краіны акупаваныя стануць незалежнымі, і мы вернемся ў нашую родную Беларусь. Аднак калі мы пабачылі, як цалуюцца амэрыканцы з маскалямі, надзея нашая разарвалася ды зьнікла назаўжды».

Паказалі сьвету, што беларусы — ёсьць

Тамара Стагановіч надзвычай падрабязна і эмацыйна апісвае свае намогі да захаваньня беларускасьці ў заакіянскім сьвеце. Як мастачка яна імкнулася паказаць амэрыканцам, і ня толькі, прыгажосьць беларускае культуры і звычаяў, багацьце гісторыі і хараство мовы.

«Тут, у Амэрыцы, калі мы рабілі фэстывалі, я пазнаёмілася з шматлікімі беларусамі з Саўт Рывэру. Дзякуючы Вітаўту Кіпелю, каторы іх арганізаваў, мы ўсе беларусы, зарубежнікі й крывічы, працавалі заўзята й ахвотна разам, каб паказаць Беларусь і беларусаў Амэрыцы й, можа, нават сьвету, хто й што мы ёсьць, нашую гісторыю, нашыя таленты, наш беларускі лад».

«Абрэзкі зь мінулых гадоў» — гэта трэцяя кніга «сямейнай сагі» Стагановічаў. У 2011-м выйшлі «Ўспаміны пасла» Аляксандра Стагановіча (перавыдадзеныя ў 2014 г.), і ў 2012-м «Мае ўспаміны» Марыі Стагановіч. Цяпер «сагу» завяршаюць успаміны іхняе дачкі Тамары.

Успаміны Льва Стагановіча, сына Аляксандра і Марыі, адпачатку мелі толькі ўмоўна самастойны характар. Гэта 47 старонак рукапісу, якія зьявіліся ў якасьці своеасаблівай прадмовы да ўспамінаў бацькі падчас падрыхтоўкі іх да друку. Аднак з розных прычынаў тэкст ня быў ні дапісаны, ні апублікаваны і захоўваецца сёньня ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва.

«Сямейная сага» Стагановічаў ахоплівае каля 100 гадоў. Гэта і стагодзьдзе гісторыі Беларусі. Нават калі аповед ідзе пра баварскія мястэчкі ці гарадкі ў амэрыканскім штаце Нью-Джэрзі — гэта таксама беларуская гісторыя, бо і там, і там жывуць і дзеюць беларусы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG