Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэміяй імя Натальлі Арсеньневай узнагародзілі Алеся Разанава


20 верасьня, у дзень народзінаў Натальлі Арсеньневай, абвешчаны пераможца паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай. Ім стаў Алесь Разанаў за кнігу «Перавыданае».

Інтрыга захоўвалася да апошняга — у шорт-лісьце сёлета было 9 паэтычных кніг.

Сябры журы

  • паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч,
  • літаратуразнаўца і пісьменьніца Вольга Іпатава,
  • паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў,
  • паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч,
  • паэтка Наста Кудасава.

Вядоўца, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пачаў імпрэзу зь верша «Лебядзіная песьня» Натальлі Арсеньневай, якой 20 верасьня споўнілася б 115 гадоў.

«Сёлета ў шорт-лісьце прэміі апынуліся 9 творцаў, хоць спачатку было 8. Але на імпрэзе будуць гучаць вершы 10 паэтаў — яшчэ кіраўніка агенцыі БелаПАН, выбітнага паэта Алеся Ліпая, які нядаўна пайшоў з жыцьця», — сказаў Андрэй Хадановіч.

Хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Алеся Ліпая госьці імпрэзы.

Вершы Алеся Ліпая чыталі Андрэй Хадановіч і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.

«Натальля Арсеньнева жыла Беларусьсю, яна жыла ідэаламі Беларускай Народнай Рэспублікі», — сказаў літаратар Валер Герасімаў.

Уладзімер Арлоў узгадаў сваю сустрэчу з Натальляй Арсеньневай у ЗША летам 1995 году.

«Я хваляваўся, ехаў да жывой легенды. Але пасьля першых хвілін сустрэчы хваляваньні разьвеяліся. На сядзібе ў яе расьлі баравікі і валошкі. І хоць пачыналі мы са стэйкаў, на дэсэрт Натальля з унучкай прыгатавала налісьнікі... На разьвітаньне яна падаравала мне свой важкі том „Выбранага“. І доўгай дарогай назад чытаў гэтую кнігу і адразу закахаўся ў яе верш „Сьнежань“, напісаны ў выгнаньні ў 1945 годзе ў Нямеччыне. Я веру, што яе верш „Магутны Божа“ стане калі-небудзь гімнам незалежнай Беларусі», — апавёў Уладзімер Арлоў. І прачытаў верш Арсеньневай «Сьнежань».

Сябра журы Наста Кудасава расказала, што ў кожнага быў свой фаварыт. У яе асабіста вершы Валянціны Аксак выклікаюць сьлёзы, прызналася паэтка. А чытаньне чужых кніг натхняе на свае вершы, дадала яна. І прачытала свой верш «Енк падзякі».

Паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў адзначыў, што для яго, расейскамоўнага паэта, было вельмі дзіўна і нечакана атрымаць запрашэньне стаць сябрам журы прэміі імя Натальлі Арсеньневай, але ён вельмі шчасьлівы, што лета правёў з такімі цудоўнымі паэтамі. Дзьмітры прызнаўся, што ягоная васьмёрка лепшых амаль цалкам супала з шорт-лістом, і сказаў шчырыя, пранікнёныя словы пра кожнага паэта.

Такім чынам, паводле вызначэньня фундатараў і журы, "найлепшай паэтычнай кнігай 2017 года названая “Перавыбранае” Алеся Разанава як сума мастацкіх адкрыцьцяў у разнастайных наватарскіх жанрах, якія, пашыраючы інтэлектуальныя далягляды беларускай культуры, зьмянілі і працягваюць мяняць аблічча сучаснай паэзіі".

«Творцы не спаборнічаюць паміж сабой. Творцы асягаюць далечыню. У кожнага творцы — свой адметны шлях», — прамовіў Алесь Разанаў, атрымліваючы ганаровую прэмію.

Сёлета ў шорт-лісьце прэміі імя Натальлі Арсеньневай было 9 паэтычных кніг:

  • Алесь Разанаў. «Перавыбранае». Выдавецтва Зьмітра Коласа, Менск.
  • Антон Францішак Брыль. «Цмачанка». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
  • Вальжына Морт. «Эпідэмія ружаў». Выдавецтва «Логвінаў», Вільня.
  • Валянціна Аксак. «Завінены рай». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
  • Вольга Гапеева. «Граматыка сьнегу». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
  • Ігар Кулікоў. «Валадар загадак». Выдавецтва «Мэдысонт», Менск.
  • Іна Снарская. «Вогнепаклоньніца». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
  • Міхаіл Рубін. «Пераклад зь іншага». «Издательские решения» па ліцэнзіі Ridero.
  • Усевалад Сьцебурака. «Сны дарог». Выдавецтва «Мэдысонт», Менск.

Прэмія была заснаваная ў 2017 годзе Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і згуртаваньнем «Бацькаўшчына» пры спрыяньні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонду Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.

Першым ляўрэатам прэміі імя Натальлі Арсеньневай летась стаў Уладзімер Някляеў за кнігу «Толькі вершы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG