Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ратуйма беларускае вымаўленьне ад тоўстага языка! Да 100-годзьдзя Фёдара Янкоўскага


Фёдар Янкоўскі. Беларускае літаратурнае вымаўленьне. 3-е выд. Менск, 1970

Фёдар Янкоўскі быў першым мовазнаўцам у пасьляваеннай БССР, які загаварыў пра сындром „патоўшчанага языка“ — размываньне нормаў беларускага вымаўленьня ў выніку русыфікацыі.​

Выдатны лінгвіст, пісьменьнік-эсэіст і ўнівэрсытэцкі прафэсар, Фёдар Янкоўскі (21.09.1918–13.11.1989, пахаваны на Ўсходніх могілках Менску) стварыў уласную навуковую школу лексыколягаў — дасьледнікаў жывога беларускага слова. Фактычна запачаткаваў вывучэньне беларускіх фразэмаў, прыказак і прымавак.

Выразы на штодзень

Але я хачу найперш згадаць пра ягоную ролю ў зьберажэньні нормаў беларускага вымаўленьня. Асаблівая заслуга Янкоўскага была ў выданьні за савецкім часам артаэпічных дапаможнікаў. Дзякуючы ягоным кнігам новае пакаленьне беларусаў, якое вучылася мове паводле саветызаванага правапісу, магло даведацца, як артыкуляваць па-беларуску прыгожа і без памылак.

Прымаючы ўступныя іспыты, прафэсар наслухаўся тысячаў абітурыентаў. Магчыма, гэта было адным з матываў, якія натхнілі Янкоўскага ўкласьці той самы першапраходніцкі даведнік „Беларускае літаратурнае вымаўленьне“ (вытрымаў некалькі выданьняў у 1960-я – 70-я гады й зусім не састарэў). Там ёсьць вельмі яскравыя і мэтафарычна апісаныя назіраньні за артыкуляцыяй:

“На ўступных экзаменах у педагагічныя інстытуты была звернута ўвага на няправільнае вымаўленне некаторымі абітурыентамі свісцячых зычных з, с перад наступнымі мяккімі зычнымі. (…) Калі чуеш цвёрдае вымаўленне зычных з, с ў словах тыпу з’ява, з’ехаць, сніць, песня,

ствараецца непрыемнае ўражаньне, быццам бы ў таго, хто гаворыць, кончык языка патоўшчаны і ня мае неабходнай рухавасьці.

У савецкі час крытыкаваць сталінскі правапіс не было дазволена, хаця менавіта скасаваньне асыміляцыйнай мяккасьці на пісьме і прывяло да гэтай праблемы.

«За мяккім знакам выступае знак фашысцкі!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:52 0:00
Наўпроставы лінк

Таму Янкоўскі дыпляматычна перанёс уяўную адказнасьць на настаўнікаў:

„Зразумела, у свой час у школе вучылі называць гукі няправільна; зычныя з, с і з’, с’ чыталіся аднолькава і ў словах збудаваць, …спаць, …і ў словах разбіць, развітацца, разліваць, часцінка, пасля“.

А згаданы Фёдарам Янкоўскім „кончык языка“ за дзесяцігодзьдзі сапраўды страціў рухавасьць у многіх беларусаў. Вось жа найлепш мы ўшануем памяць выдатнага беларускага навукоўца, калі зьберажом (а некаторыя мусяць і наноў навучыцца) узорнае беларускае вымаўленьне.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

XS
SM
MD
LG