600 подпісаў за 5 гадзін. Менгарвыканкам просяць выканаць абяцаньне і ўсталяваць «дошку БНР»

абноўлена
Мэмарыяльная дошка ў гонар 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі
Мэмарыяльная дошка ў гонар 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі

Больш за 600 подпісаў амаль за 5 гадзін пасьля публікацыі сабрала пэтыцыя на сайце Petitions.by з заклікам усталяваць шыльду ў гонар 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паведамленьне аб пачатку збору подпісаў прыйшло а 15:13, паведаміў Свабодзе аўтар пэтыцыі студэнт Данііл Багдановіч.

Навошта гэта пэтыцыя?

1 сакавіка кіраўніцтва Менгарвыканкаму дало дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Дошку плянавалі ўсталяваць 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступных 5 месяцаў.

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч заявіў, што ведамства атрымала «шэраг зваротаў ад грамадзянаў Беларусі і прадстаўнікоў грамадзкасьці з нэгатыўным стаўленьнем» да ўсталяваньня «дошкі БНР». Не паведамлялася, што за звароты былі, колькі і ад каго менавіта.

У тэксьце пэтыцыі зьвяртаецца ўвага на тое, што прыхільнікі ўсталяваньня шыльды маюць роўныя правы з тымі, хто выказаўся супраць.

Пэтыцыю накіруюць у Менгарвыканкам і Адміністрацыю прэзыдэнта.

​
XS
SM
MD
LG