Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядыніч пра разгляд апэляцыі ў справе прафсаюзаў: «Пакуль гарадзкому суду не дадуць адмашку, там сьпяшацца ня будуць»


Генадзь Фядыніч пасьля суду ў «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году
Генадзь Фядыніч пасьля суду ў «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году

Адвакаты асуджаных прафсаюзных лідэраў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка пачалі вывучаць судовы пратакол па «справе РЭП».

«Хоць суд скончыўся 24 жніўня, пратакол нам даслалі толькі 17 верасьня. Гэта вялікі дакумэнт. Там ёсьць усё: і паказаньні сьведак, і пытаньні пракурора, і нашы выступы. Мабыць, вёўся поўны запіс на магнітафон. Закон адводзіць на азнаямленьне з дакумэнтам і яго вывучэньне 5 дзён. Цягам гэтага часу адвакаты павінны вызначыцца: трэба ім пісаць свае заўвагі да пратаколу ці не», — патлумачыў сытуацыю Генадзь Фядыніч.

Прафсаюзамі па-ранейшаму кіруе Фядыніч

Прафсаюзны лідэр лічыць, што без пратаколу Менскі гарадзкі суд, куды Фядыніч і Комлік падалі апэляцыйную скаргу, ня будзе выносіць свой вэрдыкт. Паводле закону на разгляд апэляцыі суд мае часу ня меней за месяц. А верхняя мяжа не прапісаная.

«Думаю, пакуль гарадзкому суду не дадуць адмашку, там сьпяшацца ня будуць», — мяркуе старшыня РЭП.

Фядыніч кажа, што пакуль вырак не набыў сілу, ён афіцыйна працягвае займаць пасаду старшыні РЭП. Кіраўніка прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці абіраюць на справаздачна-выбарчым зьезьдзе. У статуце запісана: такі форум праводзіцца раз на пяць гадоў. Пакуль у правядзеньні нечарговага зьезду актывісты патрэбы ня бачаць.

Калі ж вырак пакінуць у сіле, хтосьці будзе часова выконваць абавязкі старшыні. «Але з гэтай прычыны РЭП сваю працу ня спыніць. Як дзейнічалі, так і будзем працягваць», — запэўнівае Генадзь Фядыніч.

«​Адміністрацыя прэзыдэнта на суды не ўплывае»

Адміністрацыя прэзыдэнта адказала на зварот актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова аб спыненьні крымінальнага перасьледу лідэраў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

У адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян Рыгора Каптура гаворыцца:

«Службовыя асобы Адміністрацыі прэзыдэнта ня маюць права даваць ацэнку рашэньням, якія прымаюцца судамі, адмяняць іх ці пераглядаць. У адпаведнасьці з артыкулам 110 Канстытуцыі Беларусі якое-небудзь умяшаньне ў дзейнасьць судзьдзяў па выкананьні правасудзьдзя недапушчальнае і накладае адказнасьць паводле закону».

Аналягічныя адказы, нібы пад капірку, атрымалі і іншыя заяўнікі, у прыватнасьці актывіст з Мазыра Ўладзімер Неўмяржыцкі і жыхарка Менску Мая Навумава.

Генадзь Фядыніч у офісе незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Архіўнае фота
Генадзь Фядыніч у офісе незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Архіўнае фота

За што асудзілі Фядыніча і Комліка

Суд Савецкага раёну Менску прызнаў іх вінаватымі паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (ухіленьне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

24 жніўня прафсаюзным лідэрам прысудзілі 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай на працягу 5 гадоў займаць кіроўныя пасады.

«Штучныя „доказы“ суду супярэчаць ня толькі законам Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднаму заканадаўству. Таму ў скарзе мы просім спыніць гэтую крымінальную справу», — цытуе Генадзя Фядыніча сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Ігар Комлік
Ігар Комлік

Міжнародныя прафсаюзы лічаць беларускіх калегаў палітвязьнямі

Абсэрваторыя ў абарону праваабаронцаў лічыць, што захады ўладаў парушаюць Канстытуцыю дзяржавы і міжнародныя абавязаньні Беларусі ў галіне правоў чалавека, абвінаваўчыя прысуды павінны быць адмененыя па выніках апэляцыі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders перакананая, што перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іх мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека. Улады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды і цалкам аднавіць свабоду актывістаў.

З патрабаваньнем перагледзець пакараньне лідэрам незалежнага прафсаюзу РЭП зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.

«Справа РЭП». Што важна ведаць

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.

Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» — 23 тысячы рублёў.

Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 годзе праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне. Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».

Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».

24 жніўня Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (гэтак званая «хатняя хімія»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG