Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп усклаў адказнасьць за зьбіты 18 верасьня расейскі Іл-20 на сырыйскія ўлады — раней Расея пацьвердзіла, што самалёт зьбілі войскі Асада, але ўсклала адказнасьць на Ізраіль.
«Як мне здаецца на падставе агляду фактаў, гэта Сырыя зьбіла расейскі самалёт, — перадае Reuters словы Дональда Трампа з прэс-канфэрэнцыі 18 верасьня. — Я разумею, што каля 14 чалавек былі забітыя і што гэта вельмі сумная справа, але гэта тое, што адбылося».
Афіцыйная расейская вэрсія амаль тая самая: Іл-20 з 15 вайскоўцамі на борце быў зьбіты сырыйскай супрацьпаветранай абаронай з комплексу С-200. Аднак расейскае Міністэрства абароны настойвае, што інцыдэнт адбыўся па віне войскаў Ізраілю. Расейскі бок заяўляў, што самалёт зьнік падчас атакі чатырох ізраільскіх самалётаў F-16 па сырыйскіх аб’ектах, зьвязаных зь сіламі сырыйскага ўраду (паводле Reuters, гэта быў тэхнічны інстытут), у правінцыі Лятакія, а таксама падчас пускаў ракет з францускага фрэгата, які быў у гэтым раёне.
Ізраіль адхіліў абвінавачваньні Расеі ў датычнасьці да крушэньня Іл-20. Ізраільская армія выказала спачуваньні сваякам загінулых, але ўсклала адказнасьць за гібель расейскіх вайскоўцаў на Сырыю, Іран і экстрэмісцкую групоўку «Хэзбала». У ізраільскай арміі сьцьвярджаюць, што самалёт знаходзіўся за межамі зоны апэрацыі, а ізраільскія зьнішчальнікі ў момант крушэньня Іл-20 ужо былі ў паветранай прасторы сваёй краіны.
Уладзімір Пуцін, як піша «Інтэрфакс», назваў прычынай здарэньня «ланцужок трагічных выпадковых абставінаў» і адзначыў, што гэта не ізраільскі самалёт зьбіў расейскі. Гэтае здарэньне, казаў ён, нельга параўноўваць з тым, як Турэччына «асэнсавана зьбіла» расейскі самалёт у 2015 годзе.
У адказ на інцыдэнт ён паабяцаў «крокі, якія заўважаць усе» — найперш анансаваў «дадатковае забесьпячэньне вайскоўцаў і нашых аб’ектаў у Сырыйскай Арабскай Рэспубліцы».
Расейскі сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце крушэньня, але паводле якога артыкулу, не ўдакладняецца.