Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі вайсковы самалёт зьнік над Сырыяй. У Вашынгтоне кажуць, яго зьбілі сілы Асада


Некалькі крыніц у ЗША заяўляюць, што самалёт зьбілі сілы ўраду Сырыі ў спробе адбіць ізраільскі ўдар .

Самалёт-выведнік Іл-20 узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі з 14 вайскоўцамі на борце ўвечары 17 верасьня зьнік над Міжземным морам за 35 км ад берагоў Сырыі, піша «Интерфакс» са спасылкай на расейскае Міністэрства абароны.

Расейскі бок заяўляе, што лёс самалёта і 14 вайскоўцаў невядомы. Камандаваньне авіябазы Хмэймім арганізавала пошукава-выратавальную апэрацыю.

Але расейскі бок адзначае, што самалёт зьнік падчас атакі чатырох ізраільскіх самалётаў F-16 па сырыйскіх аб’ектах, зьвязаных зь сіламі сырыйскага ўраду (паводле Reuters, гэта быў тэхнічны інстытут), у правінцыі Лятакія, а таксама падчас пускаў ракетаў з францускага фрэгата, які быў у гэтым раёне.

Сырыйскае дзяржаўнае інфармагенцтва SANA паведамляла, што сілы проціпаветранай абароны адказалі на «варожую атаку» якраз у той час, калі зьнік расейскі самалёт.

У Вашынгтоне, як піша Reuters, мяркуюць, што самалёт наўмысна зьбілі сілы проціпаветранай абароны сырыйскага ўраду. Паводле CNN, крыніца ва ўрадзе ЗША, знаёмая з сытуацыяй, пацьвердзіла, што самалёт быў зьбіты сырыйскамі ўрадавымі проціпаветранымі сіламі ў спробе адбіць абстрэл з боку Ізраілю. Паводле AFP, прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што ЗША не зьвязаныя са здарэньнем. Тое самае заявіў прадстаўнік францускага войска. Ізраільскія вайскоўцы, як тое часьцей за ўсё бывае, адмовіліся ад камэнтароў.

Незадоўга да таго кіраўнікі Расеі і Турэччыны дамовіліся стварыць 20-кілямэтровую дэмілітарызаваную зону ў сырыйскім горадзе Ідліб. Тэрыторыю, паводле дамоўленасьцяў, будуць патруляваць турэцкія і расейскія вайскоўцы.

Ідліб — адна з апошніх тэрыторыяў Сырыі, якую не кантралююць сырыйскія ўрадавыя войскі: рэгіён знаходзіцца пад кантролем апазыцыі і ісламскіх узброеных груповак. Напярэдадні расейскія СМІ са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі расказвалі пра хімічную атаку ў Ідлібе, якую нібыта рыхтуюць у якасьці правакацыі валянтэры «Белых касак» – арганізацыі грамадзянскай абароны на кантраляваных паўстанцамі тэрыторыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG