Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь патрабуе ад Украіны экстрадыцыі «найбольш небясьпечнага і жорсткага» добраахвотніка


У судзе, жнівень 2016 году
У судзе, жнівень 2016 году

Народны дэпутат Украіны Юры Цімашэнка (фракцыя «Народны фронт») заявіў, што Беларусь патрабуе ад Украіны выдаць беларускага грамадзяніна Данііла Ляшука, які ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на Данбасе ў складзе добраахвотніцкага батальёну «Тарнада» пад пазыўным «Маджахед».

У той жа час, паводле дэпутата, гэтую тэму ён напярэдадні абмяркоўваў з генэральным пракурорам Украіны Юрыем Луцэнкам, і той паабяцаў адмовіць уладам Беларусі ў экстрадыцыі Данііла Ляшука.

Данііл Ляшук асуджаны ўкраінскім судом на 10 гадоў пазбаўленьня волі за злачынствы супраць цывільных грамадзян у складзе арганізаванай злачыннай групы, у якую ўваходзілі яшчэ 11 байцоў добраахвотніцкага батальёну «Тарнада». Аднак вырак пакуль не ўступіў у сілу — адвакаты абскарджваюць адпаведнае рашэньне суду.

Сёлета ў жніўні супраць Данііла Ляшука адкрылі яшчэ адну крымінальную справу. Паводле ягонага адваката Руслана Сушко, у праваахоўныя органы Ўкраіны зьвярнуўся грамадзянін Беларусі Аляксандар Герасіменка (ён жыве ў Беларусі) з заявай аб тым, што Данііл Ляшук са сьледчага ізалятару ў Кіеве пагражае яму забойствам і зьнішчэньнем ягонай маёмасьці.

«Мне нічога невядома пра гэтага грамадзяніна. Ягоную заяву нам не паказалі, але справа ёсьць. І ёсьць патрабаваньне Беларусі аб экстрадыцыі Данііла Ляшука ў Беларусь. Цяпер ён, у парушэньне заканадаўства, бо прысуд яшчэ не пацьверджаны ў апэляцыйнай інстанцыі, пераведзены са сьледчага ізалятару ў калёнію пад Кіевам. Ён, як і ўсе іншыя фігуранты справы „Тарнада“, зьмешчаны ў адзіночную камэру, якая знаходзіцца ніжэй за ўзровень зямлі», — паведаміў Руслан Сушко.

Галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціяс называў Ляшука «найбольш небясьпечным і жорсткім» байцом батальёну «Тарнада»:

«Менавіта Маджахед-Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасьцю, жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю зьдзяйсьняў найбольш жорстка катаваў мясцовае насельніцтва Луганскай вобласьці, арганізоўваў і браў непасрэдны ўдзел у гвалтаваньні затрыманых, якіх ён разам зь іншымі падазраванымі выкрадаў з карысьлівых меркаваньняў».

У сваю чаргу адвакат Руслан Сушко зьвярнуў увагу на тое, што цяжкія абвінавачваньні, якія на пачатку працэсу выстаўлялі яго падабаронным, у выраку першай судовай інстанцыі адсутнічаюць — у ім няма нічога ні пра забойства, ні пра згвалтаваньне. Але нават тыя артыкулы, паводле якіх байцоў прызналі вінаватымі (гаворка ідзе аб авалоданьні чужой маёмасьцю, пранікненьні ў памяшканьні і незаконным утрыманьні асобаў пад вартай), на думку адваката, ёсьць недаказанымі і грунтуюцца толькі на паказаньнях некалькіх чалавек.

Справа супраць байцоў батальёну «Тарнада» пачатая ў чэрвені 2015 году. Добраахвотнікі зьвязвалі гэтыя абвінавачаньні з тым, што яны блякавалі незаконны гандаль з Данбасам, які ажыцьцяўляўся чыгункаю.

Пасьля адкрыцьця крымінальнай справы міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў падпісаў загад аб расфармаваньні роты патрульнай службы асаблівага прызначэньня МУС Украіны «Тарнада», але пазьней адзначыў, што сумленныя байцы будуць залічаныя ў іншыя падразьдзелы.

7 красавіка 2017 года Абалонскі раённы суд Кіева прысудзіў 12 былым удзельнікам спэцроты МУС «Тарнада» розныя тэрміны пазбаўленьня волі. Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG