Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна выдала Расеі ўраджэнца Інгушэтыі на запыт ФСБ


Украінска-расейская мяжа, Харкаўская вобласьць
Украінска-расейская мяжа, Харкаўская вобласьць

Генэральная пракуратура Ўкраіны прыняла рашэньне экстрадаваць у Расею па запыце ФСБ ураджэнца Інгушэціі Цімура Тумгоева, якога расейскія ўлады абвінавацілі ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях у Сырыі на баку «ісламскай дзяржавы».

Пра тое, што пастанову аб экстрадыцыі падпісаў намесьнік генпракурора Украіны Яўген Енін, паведаміла выданьне «Кавказ. Реалии». У гутарцы з украінскімі СМІ Енін удакладніў, што 12 верасьня Тумгоева адвезьлі на мяжу і перадалі супрацоўнікам расейскіх сілавых структур.

Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзіў прэс-сакратар генпракуратуры Украіны Андрэй Лысенка.

12 верасьня генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што, нягледзячы на анэксію Крыму і агрэсіўныя дзеяньні Расеі на тэрыторыі Ўкраіны, Кіеў «працягвае займаць пазыцыю цывілізаванай прававой дзяржавы, выконвае правілы на сусьветнай арэне, у тым ліку аб экстрадыцыі правапарушальнікаў». Пра гэта ў сябе ў Фэйсбуку напісаў дэпутат Вярхоўнай рады Ігар Луцэнка, які крытыкуе рашэньне генпракуратуры. Ён сьцьвярджае, што расейскія ўлады перасьледуюць Тумгоева не з прычыны яго дзейнасьці ў Сырыі, а таму, што ў 1990-я гады ён ваяваў супраць фэдэральных сілаў у Чачні.

Цімур Тумгоеў, абвешчаны ў міжнародны вышук, быў затрыманы ўкраінскімі памежнікамі ў чэрвені 2016 году ў аэрапорце Харкаву, куды ён прыбыў з Турэччыны. У лістападзе 2016 украінскія ўлады прынялі рашэньне экстрадаваць Тумгоева ў Расею. Эўрапейскі суд па правах чалавека двойчы адмаўляў адвакатам Тумгоева ў прыпыненьні экстрадыцыі.

Сам Тумгоеў зьвяртаўся ў міграцыйную службу Ўкраіны з просьбай аб прытулку. Ён адмаўляў, што ваяваў у Сырыі на баку «Ісламскай лзяржавы». Таксама паведамлялася, што яшчэ пры затрыманьні ён казаў супрацоўнікам Службы бясьпекі Ўкраіны пра намер далучыцца да добраахвотніцкіх падразьдзяленьняў, каб ваяваць супраць прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG