Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нешчасьлівы лёс Беларусі ў дасьледаваньні пад эгідай МЗС Расеі


Неадэкватная ацэнка сытуацыі ў Беларусі расейскімі экспэртамі вядзе да памылковых прагнозаў і рэкамэндацый.

Манаграфія Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін (МГИМО), якая дае прагноз разьвіцьця міжнароднага становішча па краінах і рэгіёнах, у тым ліку ў Беларусі, — падзея ў нечым знакавая. Дасюль алярмісцкія сцэнары наконт пэрспэктываў і лёсу Беларусі друкаваліся ў расейскіх маргінальных (жоўтых ці шавіністычных) мэдыях. Цяпер жа падобныя матывы мы бачым у навуковым дасьледаваньні, як піша палітычны аглядальнік парталу naviny.by Аляксандар Класкоўскі, «рэспэктабэльных, тытулаваных вучоных мужоў, якія працуюць пад гучным брэндам МГИМО, пад эгідай зьнешнепалітычнага ведамства Расеі». Што надае гэтай працы зусім іншы ранг і статус.

Найперш пра тое, што больш-менш дакладна адлюстроўвае беларускія рэаліі. Падаецца рэалістычным прагноз, што «сацыяльна-эканамічная напружанасьць у краіне будзе расьці і пэрыядычна выбухаць масавай незадаволенасьцю».

Можна пагадзіцца з тым, што ў выніку дзеяньняў беларускіх уладаў існуе пэрспэктыва зьяўленьня «палітычнага вакуўму на прарасейскім флянгу». У пэўным сэнсе гэты вакуўм і цяпер існуе. Праэўрапейскія палітычныя сілы ў Беларусі больш арганізаваныя, інстытуцыяналізаваныя, структураваныя, легітымізаваныя, чым прарасейскія. У Беларусі не існуе прарасейскіх партыяў, няма прарасейскіх кандыдатаў у прэзыдэнты, якія б займалі больш прарасейскую пазыцыю, чым Лукашэнка.

Таксама лёгка ўявіць, што пераход улады ад Лукашэнкі да наступніка можа спарадзіць крызіс (паглядзіце на Вэнэсуэлу пасьля сьмерці Уга Чавэса), бо ў аўтарытарных рэжымах пэрсаналісцкага тыпу няма неабходных для гэтага мэханізмаў.

Іншыя ацэнкі і прагнозы выклікаюць зьдзіўленьне і нават інтэлектуальную зьбянтэжанасьць. Інфармацыю пра нібыта насаджэньне Лукашэнкам у краіне «ліцьвінскага нацыяналізму» аўтары дасьледаваньня, відаць, узялі з расейскіх шавіністычных сайтаў. Што сказаць, вельмі дакладныя першакрыніцы.

Неадаэкватным зьяўляецца прагноз, што «ў Беларусі будзе фармавацца падпольная сетка баевікоў-нацыяналістаў», якая стане «накіроўвацца заходнімі цэнтрамі». Тут дзівіць сама опцыя погляду расейскіх навукоўцаў на сьвет вакол Расеі. Яна супадае з тым, што кожны дзень кажа расейская тэлепрапаганда. Думалася, што тэлеканалы ўзьдзейнічаюць на масавую сьвядомасьць, а экспэрты маюць больш адэкватную карціну сьвету. Аказваецца, не.

Казаць пра падтрымку Захадам баевікоў у Беларусі — значыць нічога не разумець у новым курсе Захаду, у прыватнасьці Эўразьвязу, адносна афіцыйнага Менску. Ён цяпер, хутчэй, арыентаваны на захаваньне сацыяльна-палітычнай стабільнасьці ў краіне.

Але самае галоўнае ў згаданым дасьледаваньні — тое, што яго аўтары ў прынцыпе выключаюць існаваньне незалежнай Беларусі. Так ці інакш, з Лукашэнкам ці безь яго, але Беларусь павінна аб’яднацца з Расеяй, дакладней, далучыцца да яе. Бо, на іх думку, працэсы інтэграцыі з Расеяй носяць аб’ектыўны характар.

На мой погляд, фундамэнтальная памылка аўтараў палягае ў тым, што ў іхнай трактоўцы беларускае грамадзтва і эліта гатовыя да інтэграцыі — і толькі Лукашэнка, «імкнучыся захаваць неабмежаваную ўладу», перашкаджае гэтаму аб’ектыўнаму працэсу. На самой справе пытаньне незалежнасьці — напэўна, адзінае, па якім у расколатым беларускім грамадзтве існуе кансэнсус. Пазыцыі і Лукашэнкі, і грамадзтва, і апазыцыі тут супадаюць. Аўтары ж манаграфіі пераносяць на сёньняшні дзень і будучыню настроі і стэрэатыпы 1990-х гадоў. А з таго часу ўсё моцна памянялася.

Аўтары дасьледаваньня прагназуюць, што працэсы беларуска-расейскай інтэграцыі будуць чым далей, тым больш нарастаць, што прывядзе да ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі да 2050 году.

У рэальнасьці ўсё якраз наадварот. Чым даўжэй існуе незалежная Беларусь, тым менш актуальнае пытаньне інтэграцыі з Расеяй. Хаця б у сілу гістарычнай інэрцыі. За часы незалежнасьці зьявілася новае пакаленьне беларусаў, для якіх сувэрэнітэт Беларусі — гэта дадзенасьць ад нараджэньня. Пытаньне пра далучэньне да Расеі яны проста дрэнна разумеюць.

Але на гэтай ілжывай аснове будуецца ўвесь прагноз расейскіх экспэртаў. Самае сумнае, што ў іх няма сумневу наконт абавязковай неабходнасьці выкарыстаньня сілавога сцэнару, калі нейкія сілы (Лукашэнка, Захад, празаходняя апазыцыя) паспрабуюць перашкодзіць «аб’ектыўнаму» гістарычнаму працэсу яднаньня дзьвюх краін.

Галоўнае пытаньне ў тым, наколькі такія «прагнозы» ўплываюць на палітыку Крамля. Дакладнага адказу на яго пакуль няма.

Самае цікавае, што гэтыя экспэрты Лукашэнку фактычна сьпісалі. А праблема ў тым, што засьцерагчыся ад яду «Навічок» даволі цяжка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG