Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры «Гавары праўду» расказалі, што можа паспрыяць аб’яднаньню апазыцыі


Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Першыя вынікі мясцовай праграмы «Робім разам» падвялі актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Актывісты падзяліліся тым, што зроблена ў рамках лякальнай кампаніі, якая стартавала гэтым летам.

Адрамантаваныя дзіцячыя пляцоўкі, асфальтаваныя вуліцы

Так, мянчук Яўген Казлоўскі сказаў, што адміністрацыя ягонага Кастрычніцкага раёну нарэшце прызнала: амаль 40% дзіцячых пляцовак патрабуюць капітальнага рамонту. Чыноўнікі далі гарантыю, што грошы на пераабсталяваньне будуць знойдзеныя, работы будуць уключаныя ў плян на 2019-2020 гады.

Шматдзетная маці Марына Мокас зь Дзяржынску дадала, што ў горадзе на пяць шматпавярховых дамоў маецца толькі адна дзіцячая пляцоўка, на якой стаяць адны арэлі. У выніку перамоваў мясцовых актывістаў з уладамі вырашана, што людзі самастойна набудуць неабходныя канструкцыі, а служба ЖКГ іх установіць.

Андрэй Сырамолатаў з Фаніпалю падзяліўся, як сябры «Гавары праўду» прывялі ў парадак мясцовы вадаём. Улады пайшлі насустрач і на суботнік, які арганізавалі актывісты, далі трактар. Цяпер вядуцца перамовы зь Міністэрствам надзвычайных сытуацый, каб прадстаўнікі гэтага ведамства дапамаглі пачысьціць возера.

Крысьціна Ткачук зь Берасьця прыгадала, як дамаглася пакрыцьця асфальтам вуліцы ў прыватным сэктары.

«Ад моманту пабудовы мікрараёну, а яму ўжо каля 50 гадоў, тут ніколі не было асфальту. І калі я зьбірала подпісы і хадзіла на перамовы ў гарвыканкам, зь мяне проста сьмяяліся людзі, казалі: ніколі асфальту не было і ня будзе».

Але асфальт паклалі і Крысьціну вылучылі кандыдаткай на выбарах у Берасьцейскі гарсавет. Праўда, дэпутатам яе ня выбралі, але працу жанчына не спыніла — вынікам стала новая асфальтаваная вуліца. Цяпер яна занятая новымі праектамі.

Схіліць уладу на свой бок, тэндэнцыя на паразуменьне

Камэнтуючы канкрэтныя справы, адна зь лідэраў «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч сказала, што заўважыла дзьве тэндэнцыі.

Па-першае, мяняецца стаўленьне да грамадзянскіх актывістаў. Калі раней у людзей быў адзін і той жа настрой — «нічога ў вас не атрымаецца» — то цяер людзі пачалі самі выходзіць з прапановамі, з жаданьнем паўдзельнічаць у мясцовых праектах. Па-другое, улада па-іншаму пачала ставіцца да саміх актывістаў. Дагэтуль, калі і былі кантакты, то толькі ў выглядзе ліставаньня. Цяпер жа шмат дзе кіраўніцтва раёнаў, гарадоў сустракаецца, размаўляе пра тое, што можна лепш зрабіць.

Як лічыць Тацяна Караткевіч, неўзабаве можна будзе рабіць новы крок — перайсьці ад дыялёгу да канкрэтнай працы паміж апазыцыяй і ўладай.

Яшчэ адзін сустаршыня «Гавары праўду», Андрэй Дзьмітрыеў, адзначыў, што праграма «Робім разам» паказала: мяняецца зрэз людзей, якія сёньня прыходзяць у апазыцыю.

«Цяпер ідуць звычайныя людзі: зьявіліся і сьлесары, і ліфтары, і інжынэры. Адраджаецца валянтэрства ў яго першасным сэнсе, адраджаецца той дух, калі зьбіраюцца разам, дамагаюцца на першы погляд невялікіх, але рэальных і важных для іх спраў. Асабліва добра атрымліваецца там, дзе былыя кандыдаты ў дэпутаты ад «Гавары праўду» ня кінулі сваёй працы, а па-ранейшаму маюць зносіны зь людзьмі, ладзяць лякальныя праекты. І прыклад Крысьціны Ткачук зь Берасьця вельмі яскравы».

Дзьмітрыеў падкрэсьліў, што цяпер, як і раней, шмат ідзе размоваў пра аб’яднаньне апазыцыі. На ягоную думку, менавіта такія невялікія лякальныя, але рэальныя справы якраз і могуць паспрыяць такому працэсу.

Акцыя «Робім разам» накіраваная на абарону інтарэсаў канкрэтных групаў насельніцтва. Яна пачалася на пачатку гэтага лета ў 10 рэгіёнах, сярод якіх уласна Менск, а таксама Берасьце, Горадня, Магілёў, Фаніпаль, Дзяржынск, Жодзіна, Стоўбцы, Бабруйск. Падчас акцыі да «Гавары праўду» далучыліся больш за 60 чалавек, былі створаны дзьве новыя раённыя арганізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG