Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм беларускай рэжысэркі атрымаў галоўны прыз на амэрыканскім кінафэстывалі


Узнагарода за лепшы замежны дакумэнтальны фільм
Узнагарода за лепшы замежны дакумэнтальны фільм

Беларускі фільм Ларысы Саенкі «Dublin, Belarus half-life» (Дублін, пэрыяд паўраспаду) атрымаў галоўны прыз за найлепшы замежны дакумэнтальны фільм на кінафэстывалі ў Наеку (ЗША). Фільм расказвае пра жыцьцё беларускай вёскі Дублін Брагінскага раёну ў Чарнобыльскай зоне.

— Героі фільма разважаюць пра тое, чаму не квітнее іх шматпакутны край, які патрапіў пад гістарычныя закалоты — вайну, калгасную калектывізацыю, мэліярацыю і радыёактыўнае забруджаньне ў 1986 годзе, наступствы якога яшчэ і ацаніць, напэўна, нельга, — расказвае рэжысэр фільма Ларыса Саенка.​

Ларыса Саенка
Ларыса Саенка

«Прадаць бы гэтую зямлю японцам, яны б тут парадак навялі, ды і нас бы пахавалі», — мяркуе адзін з герояў фільма. «Хто вінаваты?» — на гэта ў іх няма адказу. Прынамсі, не было ў 2000-х, калі здымаўся гэты фільм.

— Выдатны амэрыканскі перакладчык з расейскай Андрэй Гаркуша ня мог зразумець гаворкі маіх герояў, а мне было прыемна — усё ж такі унікальная беларуская мова.

Фільм трое беларускіх журналістаў — Ларыса Саенка, Галіна Аржылоўская, Натальля Цімафеева — і апэратар Уладзімір Бабарыка зьнялі за свае сродкі:

— Фільм быў свайго роду спантанным экспэрымэнтам, паколькі мы не шукалі заказьнікаў і спонсараў, нас было чацьвёра чалавек, кожны зь іх сказаў, што стаміўся ад рутыны і хацеў бы страсянуцца. Вось мы і страсянуліся. То бок увесь працэс быў свайго роду нашай творчай забавай.

Дваіх з той каманды — Натальлі Цімафеевай і Ўладзіміра Бабарыкі — ужо няма ў жывых.

Калі здымалі «Дублін», Ларыса Саенка працавала карэспандэнтам Reuters у Беларусі, а сёлета, калі прыехала ў Беларусь, вырашыла вярнуцца да старых матэрыялаў:

— Неяк усё мінулае накаціла, і я ўзялася дарабіць старыя нарыхтоўкі і паставіла ангельскія субтытры. І адправіла на фэст проста ўпрытык, пад заслону. Ніхто мой «Дублін» на фэстываль не вылучаў, я зрабіла ўсё сама — мне падабаецца гэты час адзіночак, калі любая творчая асоба можа стварыць малабюджэтны фільм і нават паказаць, і нават атрымаць залатую статуэтку.

Неўзабаве фільм будзе выкладзены ў Youtube. Ларыса вядзе перамовы з амэрыканскім каналам пра паказ, а таксама спадзяецца некалі прывезьці яго ў беларускі Дублін.

Пасьля Беларусі ў Ларысы Саенкі была праца ў Маскве, у Індыі, у Ню-Ёрку, у ААН — карэспандэнтам ад старога, расфармаванага агенцтва «РИА Новости» (ня блытаць зь сёньняшнімі! — падкрэсьлівае Ларыса). Цяпер яна працуе ў асноўным у Нью-Ёрку над вялікімі праектамі — сцэнарамі мастацкіх фільмаў і кнігамі. Наступнае кіно думае зьняць на смартфоне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG