Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая немач — саркапэнічнае атлусьценьне


Сёньня — пра адносна новы фэномэн, якому апошнім часам у навуковых колах надаецца ўсё больш увагі. Але ён, на жаль, невядомы большасьці тых, хто ад яго пакутуе.

Што гэта такое?

Калі коратка, саркапэнічнае атлусьценьне — гэта адначасовая страта масы мышц і прагрэсуючае атлусьценьне. Пры гэтым агульная маса цела можа і не зьмяняцца, таму гэтая зьява часьцей за ўсё застаецца незаўважанай.

Як зразумець, ці пакутуеце вы ад саркапэнічнага атлусьценьня?

Атлусьценьне — гэта ненармальнае назапашваньне тлушчу, якое адмоўна адбіваецца на здароўі. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), атлусьценьне мае месца тады калі індэкс масы цела (ІМЦ) ≥ 30 (кг/м 2).

Паводле апошніх дадзеных СААЗ (2014), у Беларусі ў 21% мужчын, старэйшых за 18 гадоў, і ў 25,5% жанчын зафіксавана атлусьценьне (ня блытаць з павышанай масай цела, якую мае больш за палову насельніцтва нашай краіны).

Ёсьць яшчэ так званае цэнтральнае атлусьценьне — гэта калi акружнасьць таліі больш за 102 см у мужчын і больш за 88 см у жанчын.

Што такое саркапэнія

Тэрмін саркапэнія паходзіць ад грэцкіх слоў «саркса» (плоць) і «пэнія» (страта). Саркапэнія азначае страту мышачнай масы (традыцыйна — толькi пры старэньні, але ў апошні час — ва ўсе пэрыяды жыцьця).

Пры саркапэнічным атлусьценьні, як ужо было сказана, маюць месца адначасова дзьве зьявы — атлусьценьне і страта мышачнай масы/сілы. Тлушч як бы замяшчае мышцы. Людзі з саркапэнічным атлусьценьнем неабавязкова выглядаюць тоўстымі (хоць і такое бывае). Асобы з гэтым відам атлусьценьня фізычна вельмі слабыя, часам нават ня могуць моцна паціснуць руку.

Адкуль бярэцца саркапэнічнае атлусьценьне?

У любых здаровых (маладых і сталых) людзей косткі і мышцы растуць у гармоніі са зьменай вагі. Гэты адаптыўны фізіялягічны мэханізм можа быць аслаблены ў некаторых асоб, якія пакутуюць ад атлусьценьня без паралельнага росту мышачнай масы і прыросту сілы. Як вынік, тоўстыя людзі могуць у канчатковым выніку мець занадта нізкую мышачную сілу адносна памеру свайго цела.

Навукоўцы разглядаюць некалькі розных мэханізмаў, якія, як лічыцца, спрыяюць разьвіцьцю саркапэнічнага атлусьценьня. Сярод іх вылучаюць запаленчыя працэсы, рэзыстэнтнасць да інсуліну, зьніжэньне ўзроўню тэстастэрону і гармону росту.

Да гэтага дадаюцца істотнае зьніжэньне фізычнай актыўнасьці ці ўвогуле гіпадынамія (адсутнасьць фізычнай актыўнасьці), пераяданьне, злоўжываньне алькаголем.

Чым гэта небясьпечнае?

Само па сабе атлусьценьне ўжо зьяўляецца фактарам рызыкі пагаршэньня стану здароўя (сардэчна-судзінныя захворваньні, рак, дыябэт), зьніжэньня функцыянальнай здольнасьці і якасьці жыцьця пажылых людзей.

Нізкая мышачная маса зьяўляецца рызыкай шпіталізацыі і сьмерці. Навуковыя дадзеныя сьведчаць пра тое, што калі атлусьценьне і мышачная недастатковасьць суіснуюць — яны дзейнічаюць сынэргічна і ў геамэтрычнай прагрэсіі падвышаюць рызыку пагаршэньня здароўя і сьмяротнасьці.

За некаторымі выключэньнямі, саркапэнічнае атлусьценьне сустракаецца сярод асоб сталага веку.

Як пазбавіцца ад саркапэнічнага атлусьценьня?

Пахудзеньне і фізычныя практыкаваньні зьяўляюцца найбольш эфэктыўнымі мэтадамі барацьбы з саркапэнічным атлусьценьнем. Гэтую форму атлусьценьня перамагчы можна ў любым узросьце, нават калі вам за 80, але гэта — вельмі цяжкая праца. Чаму?

  • Па-першае, асобы з саркапэніяй маюць занадта мала цяглічнай масы. Цягліцы (нават у стане спакою) расходуюць значна больш калёрый, чым тлушч. Атрымліваецца, што расход энэргіі ў людзей з саркапэніяй — вельмі нізкі. А каб схуднець, ім неабходна спажываць яшчэ менш калёрый, чым траціць іх цела. Значыцца, іхняя дыета павінна быць вельмі нізкакалярыйнаю, і прытрымлівацца яе трэба доўга і дысцыплінавана.
  • Па-другое, дыета павінна ўтрымліваць вельмі шмат бялку. Лічыцца, што асобам з саркапэніяй трэба спажываць > 1,2 г бялку на кіляграм масы цела і мінімальна 25-30 г бялку ў кожны прыём ежы (то бок тры разы на дзень). У прынцыпе, асобам з добрым здароўем і апэтытам ня вельмі складана зьядаць столькі бялку. Аднак сталыя людзі вельмі часта скардзяцца на адсутнасьць апэтыту і агулам ядуць мала бялковых прадуктаў (мяса, птушкі, рыбы, абястлушчаных малочных прадуктаў, бабовых).
  • Па-трэцяе, фізычныя практыкаваньні могуць самі па сабе стаць выпрабаваньнем для асоб з саркапэнічным атлусьценьнем. Яны часта фізычна вельмі кволыя і да таго ж пакутуюць ад штодзённай стомленасьці, фізычнай і псыхічнай.

Такія асобы часта скардзяцца, што нават паход у краму, якая знаходзіцца за 50 мэтраў ад хаты, зьяўляецца іспытам на трываласьць. Таму ў краму яны ходзяць нават ня кожны дзень, ня кажучы ўжо пра больш інтэнciўную рухальную актыўнасьць.

Фізычная актыўнасьць і здаровае харчаваньне ў любым узросьце — галоўныя ўмовы захаваньня мышачнай масы, сілы і здаровай вагі. Вярнуць масу мышц і пазбавіцца ад тлушчу можна ў любым узросьце, але чым вы старэй, тым больш цяжка гэты будзе зрабіць.

Аптымальна — змагацца з саркапэнічным атлусьценьнем пад наглядам дыетоляга і фізіятэрапэўта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG