Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы начальнік упраўленьня СК пра «справу БелТА»: Калі доступ ажыцьцяўляецца — злачынства ўжо ўчыненае


Аляксандар Сушко
Аляксандар Сушко

Ці мае справа БелТА прэцэдэнты ў іншых краінах? Чаму прыцягваюць да адказнасьці тых, хто выкарыстоўваў паролі, а не тых, хто іх перадаваў? Ці меў месца «крадзеж», пра які заяўляла кіраўніца БелТА? Ці істотная ў справах такога кшталту шкода і якую шкоду панесла БелТА?

Адказаць на гэтыя пытаньні наконт «справы БелТА» мы папрасілі былога калегу сьледчых, якія вядуць гэтую справу — экс-начальніка ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў супраць інфармацыйнай бясьпекі і інтэлектуальнай уласнасьці галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі Аляксандра Сушко. Цяпер ён кіруе менскім офісам расейскай прыватнай кампаніі па расьсьледаваньні кібэрзлачынстваў Group-IB. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

— Ці адбываюцца падобныя справы ў іншых краінах? Не даводзілася чуць, што PAP, РИА-Новости, DPA, AP ініцыявалі крымінальныя справы з нагоды несанкцыянаванага доступу да іх платнай падпіскі. Амэрыканскі юрыст Юрась Зянковіч сказаў у інтэрвію нашаму радыё, што ў ЗША інфармацыйнае агенцтва ў найгоршым выпадку выставіла б грамадзянскі пазоў супраць таго, хто несанкцыянавана перадаў пароль, за парушэньне дамовы афэрты, а таго, хто несанкцыянавана ўлез на стужку агенцтва, наагул ніяк бы не перасьледавалі. Гэта і праўда так, вы чулі пра падобныя справы ў іншых краінах?

— Пра справы, якія тычацца доступу да падпіскі, я ня чуў. Але насамрэч ёсьць падобныя. Былі паведамленьні пра справу ў тых жа ЗША, калі ажыцьцяўляўся доступ да інфармацыі, якая тычылася таргоў. І наконт гэтага вяліся крымінальныя справы і гэтай справай займалася нават ФБР.

Таксама варта ўлічваць той чыньнік, што інфармацыя не пра ўсе справы трапляюць у друк. І казаць, што справаў нейкага кшталту няма, скажам, справаў аб несанкцыянаваным доступе да падпіскі ці стужкі, я не магу. Трэба валодаць аналітыкай па адпаведных краінах.

Магу толькі сказаць, што факты адкрыцьця крымінальных справаў па несанкцыянаваным доступе былі, ёсьць і будуць і ў Беларусі, і ў ЗША, і ў іншых краінах.

Як я ўжо казаў, ня ўсе абставіны справаў трапляюць у друк. Ёсьць факт крымінальнай справы аб несанкцыянаваным доступе, але што за справа — мы можам даведацца толькі тады, калі матэрыялы справы будуць агучаныя ў судзе, у беларускім, эўрапейскім ці амэрыканскім.

У нас пакуль не настолькі высокі ўзровень прафіляктыкі такога кшталту правапарушэньняў. І можа дзякуючы гэтай справе і журналісты будуць асьвятляць усе справы, якія тычацца несанкцыянаванага доступу.

— Многіх у «справе БелТА» зьдзівіў той чыньнік, што СК займаўся тымі, хто несанкцыянавана карыстаўся паролямі БелТА, але мы нічога ня чулі пра сьледчыя дзеяньні адносна людзей, якія ім гэтыя паролі перадалі, якія мелі паролі на легальнай падставе дамовы афэрты, але парушылі яе. Парушальнікаў пісьмовай дамовы афэрты ніхто не лавіў. Лавілі тых, хто ніякіх юрыдычных абавязкаў перад БелТА ня меў. Чаму? Чаму іх віна большая, больш цяжкая, чым тых, хто парушыў дамову?

Ператрус у офісе агенцтва БелаПАН, 7 жніўня 2018
Ператрус у офісе агенцтва БелаПАН, 7 жніўня 2018

— Па-першае, віну ў нас у краіне можа вызначыць толькі суд, і толькі ён можа прыняць рашэньне, вінаваты ці невінаваты нехта. Наколькі я ведаю, па «справе БелТА» цяпер ажыцьцяўляецца папярэдняе расьсьледаваньне, і ў межах гэтага расьсьледаваньня сьледзтва робіць тыя дзеяньні, якія лічыць неабходным рабіць.

Але ў любым выпадку сама сытуацыя з правядзеньнем пэўных дзеяньняў адносна асобных журналістаў была выкліканая сьледчай сытуацыяй. Справа доўжыцца ўжо працяглы час, каля месяца. Што па ёй адбываецца, мы ня ведаем. Ня выключана, што сьледзтва правярае і тых людзей, якія перадавалі рэквізыты доступу. Калі яны былі выкладзеныя ў адкрыты доступ, то сьледзтва можа высьвятляць, хто іх туды выклаў. Маё меркаваньне і пажаданьне — трэба ўсё ж дачакацца завяршэньня расьсьледаваньня і ўбачыць, з кім працавалі сьледчыя.

З журналістамі працавалі — журналісты пра гэта паведамілі. Імаверна, што іншыя людзі, зь якімі працуе сьледзтва, ня лічаць патрэбным паведамляць пра гэта СМІ і мы проста пра гэта ня ведаем. Але з гэтага не вынікае, што сьледзтва зь імі не працуе.

Наколькі я ведаю, працавалі з рэдакцыямі розных выданьняў і тыя выданьні ніяк не камэнтавалі сьледчыя дзеяньні, якія па ім праводзілі.

— У камэнтары да справы, апублікаваным у «Ежедневнике», адзначаецца, што «паролі былі добраахвотна перададзеныя затрыманым журналістам іншымі асобамі, а гэта значыць, што як факт адсутнічае злачыннае дзеяньне, паколькі журналіст, які атрымаў гэты пароль, ня ведаў і не абавязаны быў высьвятляць, ці ёсьць нейкія абмежаваньні на выкарыстаньне гэтага пароля». Ці згодны Вы з такой лёгікай?

— І згодны і нязгодны. Першы момант — сапраўды важна, ці разумее асоба, куды яна атрымлівае доступ і на якіх падставах. Калі гэтай асобе рэквізыты доступу нехта перадаў і асоба меркавала, што выкарыстоўвае іх законна — гэта адна сытуацыя. Але тут трэба пытаць таго чалавека, які іх перадаваў.

Калі нехта спасылаецца на нечыя заявы пра наяўнасьць гэтых рэквізытаў у свабодным доступе, мяркую, што чалавек пацьвердзіць гэтыя зьвесткі і на папярэднім расьсьледаваньні. Задача сьледзтва будзе ацаніць праўдзівасьць гэтых паказаньняў. Я з практыкі ведаю, што часам людзі ў пратаколах, у матэрыялах справы казалі адно, а ў камунікацыі з прэсай — іншае.

Тут ёсьць іншы момант. На мой погляд, любая асоба, якая ажыцьцяўляе доступ да якіх бы то ні было інфармацыйных рэсурсаў, павінная задумвацца аб тым, якімі правамі яна валодае на гэты доступ.

Просты прыклад. Ён можа і ня мае дачыненьня да інфармацыйнай сфэры, але ён да месца. Калі нехта некаму перадаў ключ ад кватэры і сказаў: Вазьмі там нейкія рэчы. У любым выпадку чалавек, якому далі ключ, пацікавіцца, чые гэта рэчы, каму яны належаць і якія правы адносна гэтых рэчаў мае тая асоба, якая перадала ключ.

Чаму тут зразумелая сытуацыя? Таму што тысячагодзьдзямі складваліся правы ўласнасьці і людзі разумеюць, што варта 10 разоў пацікавіцца, перш чым скарыстацца ключом у такой сытуацыі.

Што тычыцца інтэрнэту і доступу да рэсурсаў, якія ахоўваюцца парай login/password, то ў большасьці насельніцтва такога разуменьня няма. Яго няма нават у многіх юрыстаў з прычыны таго, што практыка ў такіх справах складваецца толькі на працягу апошніх 10-15 гадоў. І няма такога вялікага масіву справаў, няма дзясяткаў тысячаў справаў, каб можна было дакладна сказаць, хто мусіць цікавіцца, у каго мусяць цікавіцца дазволам, якім чынам рэглямэнтаваны парадак доступу.

Вы сказалі пра дамову афэрты. Я ня ведаю, ці была яна там, ці была пісьмовая дамова. Я яе ня бачыў. Гэтую сытуацыю варта ацэньваць спачатку ў межах дамоўных адносінаў, а потым — сыходзячы з таго, хто атрымліваў доступ і ці меў ён права доступу. Не выключаю, што па некаторых асобах будзе ўстаноўлена, што яны атрымлівалі доступ правамерна. Тады такія асобы ня будуць прыцягвацца да адказнасьці.

— Любы чалавек, якому перадаюць рэквізыты платнай падпіскі, па ідэі павінны здагадвацца, што пароль выдаецца на нешта, да чаго доступ абмежаваны. Але ёсьць фармальны бок: асоба, якая атрымала пароль ад законнага ўладальніка, дамовы аб умовах доступу ня бачыла. Можа там напісана, што паролем можа карыстацца любы. Той чыньнік, што чалавек ня бачыў дамовы — ён значны?

— Гэта трэба высьвятляць у расьсьледаваньні, каб прыняць правільнае рашэньне, вінаваты чалавек у гэтым доступе ці не. Тое, што ён ажыцьцявіў гэты доступ, зразумела і прэсе, і самому журналісту, і прадстаўнікам сьледзтва. Пытаньне ў тым, што доступ тэхнічны — гэта адзін складнік. А юрыдычны бок як раз і высьвятляецца падчас расьсьледаваньня.

Калі карцінка складзецца такая, што ніхто нічога ня ведаў і нават не задумваўся, то тут таксама могуць быць два варыянты.

Ці сапраўды няма складу злачынства ў дзеяньнях гэтай асобы і справа адносна гэтай асобы будзе спыненая, ці асоба, якая ажыцьцяўляла доступ, хоча ўвесьці сьледзтва ў зман адносна сваіх матываў і дзеяньняў. Калі ён дакладна ведаў, што ён ня меў права на гэты доступ, ён будзе прыцягнуты да адказнасьці. Але гэта сукупнасьць доказаў, а ня тое, што нехта нешта сказаў і на гэтым справа будзе скончаная.

Але нельга проста сказаць: я ня бачыў дамовы, таму я не вінаваты. У рэшце рэшт трэба ацэньваць, чаму ён не бачыў, чаму ён не спытаў, пра што ён усё ж такі задаваў пытаньні, як ён усьведамляў сытуацыю.

— У інтэрвію парталу dev.by вы адзначылі, што «па „справе БелТА“ не ставіцца ў віну капіяваньне навінаў і іх публікацыя, ставіцца проста доступ да інфармацыі насуперак устаноўленаму парадку».

Хіба так? Кіраўніца БелТА Ірына Акуловіч казала пра шкоду, якая была нанесеная агенцтву. Яна таксама казала, можа і крыху мэтафарычна, пра крадзеж. Значыць, рэч ня толькі ў доступе. Ці толькі? Ці наяўнасьць шкоды для такіх справаў нават неабавязковая?

Вось вы прывялі прыклад з кватэрай. Умоўна кажучы, я атрымаў ад некага ключ ад чужой кватэры, я туды зайшоў, паглядзеў вакол, нічога не крануў і выйшаў, зачыніўшы дзьверы. Гэта злачынства?

Ірына Акуловіч
Ірына Акуловіч

— Ёсьць яшчэ артыкул крымінальнага кодэксу, які тычыцца недатыкальнасьці ўласнасьці і таямніцы асабістага жыцьця. У гіпатэтычнай сытуацыі з кватэрай, пра якую вы сказалі, там могуць быць гэтыя моманты. Але крадзяжу там ня будзе. Калі вы нічога не зьбіраліся красьці і не кралі, то крадзяжу ня будзе.

Вяртаючыся да справы аб несанкцыянаваным доступе, адназначна магу сказаць, што пры несанкцыянаваным доступе не патрабуецца такіх кваліфікуючых чыньнікаў як учыненьне матэрыяльнай шкоды.

У гэтым сутнасьць, што абараняецца інфармацыя, якая захоўваецца ў электронным выглядзе. Калі ажыцьцяўляецца доступ, то асоба, якая зьяўляецца ўласьнікам гэтай інфармацыі, мае права прад’яўляць грамадзянскія пазовы, у тым ліку і ў межах крымінальнага судаводзтва, пра тое, што ёй учыненая шкода, пачынаючы з маральнай шкоды, калі гэта фізычная асоба, і сканчаючы дыскрэдытацыяй дзелавой рэпутацыі ці матэрыяльнымі стратамі ў выглядзе страчанай выгады.

У дадзеным выпадку тыя асобы, якія ажыцьцяўлялі доступ, павінныя былі гэтую падпіску купіць. Адпаведна БелТА павінная была атрымаць сродкі за гэтую падпіску. У грамадзянскім кодэксе ёсьць такое паняцьце, як страчаная выгада. Гэта прадугледжвае, што нехта мусіў аплаціць нейкую паслугу, яе не аплаціў і ёй скарыстаўся.

З таго, што было апублікавана, калі службовая асоба субʼекта гаспадараньня, якому належыць інфармацыя, кажа, што была нанесеная шкода, я мяркую, што гэта шкода ў выглядзе страчанай выгады.

Варта пачакаць, і ў высновах сьледзтва мы ўбачым усе моманты, зьвязаныя з пазоўнымі патрабаваньнямі. Падазраваныя іх убачаць. Калі ня бачылі, магчыма, гэтыя пазоўныя патрабаваньні яшчэ не выказаныя.

Наўпроставай сувязі паміж шкодай і несанкцыянаваным доступам няма. Я ня чуў заяваў наконт крадзяжу, але калі яны былі, то людзі проста падмяняюць паняцьці. Тут хутчэй за ўсё мова можа ісьці пра шкоду ў выглядзе страчанай выгады. Калі нехта хацеў сьвядома нанесьці шкоду, гэта будзе яшчэ артыкул 216 КК — учыненьне шкоды без прыкметаў крадзяжу. Гэта калі нехта хацеў нанесьці шкоду, не заплаціўшы за паслугу.

— Яшчэ пытаньне пра шкоду ў «справе БелТА». Платная падпіска агенцтва была даволі спэцыфічнай, усе матэрыялы, якія ў яе траплялі, праз 15 хвілінаў траплялі ў адкрыты доступ. Прадстаўнікі прынамсі ТUT.BY казалі, што яны, калі бралі матэрыялы з платнай падпіскі, ніколі не апярэджвалі стужку адкрытага доступу БелТА.

Іншымі словамі, убачыўшы на платнай стужцы БелТА матэрыял у 17:00, яны да 17:15 не перадрукоўвалі яго і не выстаўлялі ўласны матэрыял, зроблены на падставе «наводкі» з БелТА.

Калі гэта было сапраўды так, то ў чым, нават тэарэтычна, шкода, нанесеная БелТА? Прыярытэт заставаўся ўсё роўна за БелТА, яна была першай. А якімі аказваліся ТUT.BY ці БелаПАН — другімі (дзякуючы несанкцыянаванаму доступу да стужкі БелТА) ці дзясятымі (якімі б апынуліся без гэтага доступу) — а якая розьніца БелТА? Якіх магчымасьцяў, даходаў, іх пазбаўляў гэты несанкцыянаваны доступ да іх платнай стужкі, калі першанства БелТА захоўвалася?

— Я не журналіст і ня ведаю ўсіх нюансаў падачы і выстаўленьня інфармацыі. Сыходзячы з майго досьведу, у дадзеным выпадку далейшы распаўсюд інфармацыі і не кваліфікуецца сьледзтвам як нейкае парушэньне, у тым ліку і крымінальнае.

Тут кваліфікуецца сам па сабе доступ да гэтай інфармацыі, незалежна ад тых наступстваў, якія мае выкарыстаньне гэтай інфармацыі.

Ёсьць пэўны партал, на які людзі могуць зайсьці, ведаючы пару login/password. І менавіта сам доступ да гэтай інфармацыі і азнаямленьне зь ёй ужо ўтрымлівае ў сябе прыкметы складу злачынства. Не злачынства, а яго складу, некаторых яго частак.

Калі доступ ажыцьцяўляецца, злачынства ўжо ўчыненае. Можа ніхто нікуды не капіяваў гэтую інфармацыю, нікуды не разьмяшчаў, нічога зь ёй не рабіў. Усе гэтыя дзеяньні ці іх адсутнасьць — яны ўсе ўжо пасьля ажыцьцяўленьня несанкцыянаванага доступу.

Калі б там былі моманты, зьвязаныя зь неправамерным завалоданьнем кантэнтам — гэта мог быць іншы склад злачынства, гэта ўжо мог б быць 352-ы артыкул КК. Але, наколькі я ведаю, у дадзеным выпадку ніхто не ўмяняе дзеяньні па распаўсюду самой інфармацыі.

Гэта можа быць зьмягчальным чыньнікам, калі будзе ўстаноўлена, што быў несанкцыянаваны доступ. Калі справа дойдзе да суду, то тыя чыньнікі, якія вы прыгадалі, могуць быць улічаныя судом як зьмягчальныя чыньнікі — тое, што карыстальнікі імкнуліся мінімізаваць наступствы таго, што яны атрымлівалі гэтую інфармацыю.

Наколькі я разумею, БелТА не прадʼяўляе прэтэнзіяў, што нехта апублікаваў яе інфармацыю раней за тое, як яна зьявілася ў БелТА ў адкрытым доступе, ці не зрабіў спасылку на яе.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG