Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомніўся амбасадар Расеі Сурыкаў. 15 ягоных цытат


Аляксандар Сурыкаў

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў завяршае 12-гадовую дыпляматычную місію. За гэты час дыплямат шмат разоў выказваўся наконт беларуска-расейскіх дачыненьняў. Свабода выбрала 15 найбольш яркіх выказваньняў чалавека, які ўвесь гэты час ажыцьцяўляў у Беларусі расейскую палітыку. Яны падаюцца ў храналягічным парадку.

Пра стаўленьне да зьняволеных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году

«Мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы дзяржаваў. Бо хтосьці кваліфікуе частку зьняволеных як палітычных, нехта як крымінальных. Мы лічым, што гэта ўнутраная справа дзяржавы, разьбірацца ўнутры сябе. І лезьці ў гэта, напэўна, не хацелася б. Іншае пытаньне — дапамагаць станаўленьню партыйнай сыстэмы ў Беларусі. Гэта пэўна трэба. Гэта больш дэмакратычныя дзеяньні».

Пра вайсковае супрацоўніцтва

Вяршыняй вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі Сурыкаў назваў падпісаньне дамовы аб Адзінай рэгіянальнай сыстэме супрацьпаветранай абароны.

«Гэта рамачнае пагадненьне, на базе якога павінен быць падрыхтаваны цэлы шэраг дакумэнтаў, якія яго будуць дэталізаваць: у тым ліку і наконт пытаньняў камандаваньня, напаўненьня служачымі, пытаньняў канкрэтных вайсковых частак і іх узбраеньня».

Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Пра малочныя войны

«Гэтыя калізіі цяпер пераадольваюць наглядныя органы Беларусі і Расеі і ў першую чаргу прадпрыемствы, якія пастаўляюць на рынкі Расеі альбо Беларусі малочную прадукцыю. Вось і ўсё пытаньне. Калізійны пэрыяд, безумоўна, скончыцца. Галоўнае тут — абарона інтарэсаў спажыўцоў, каб там не патруціліся людзі і спажывалі больш якасную малочную прадукцыю».

Спадар Сурыкаў пры гэтым прызнаў, што ён сам беларускую малочную прадукцыю спажывае.

Пра свабоду слова

На пытаньне, дзе большая свабода слова — у Беларусі ці ў Расеі: «Думаю, што някепска было б, каб і там, і там было болей».

Пра тое, чаму кіраўніцтва Расеі не сустракаецца зь беларускай апазыцыяй:

«Наколькі я інфармаваны, афіцыйныя органы Расеі, а прэзыдэнт — афіцыйная асоба, не займаюцца падрыхтоўкай сустрэчы зь вядучымі, як вы кажаце, апазыцыйнымі палітыкамі. Слова „вядучыя“ выкарыстоўваецца ня вельмі дакладна. Вядучыя — прадугледжваюць за сабой нейкую масу. Вось Лукашэнка — вядучы палітык, і мы прызнаём гэта адназначна. Вось з гэтым палітыкам мы і будзем працаваць».

Пра тое, што беларусы і расейцы — адзін народ, але розныя дзяржавы

Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Сурыкаў (другі справа) і Ўладзімір Пуцін у Менску. 14 сьнежня 2008 году
Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Сурыкаў (другі справа) і Ўладзімір Пуцін у Менску. 14 сьнежня 2008 году

​«Я падзяляю пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што мы адзін народ, калі глядзець у гісторыю, калі ўлічваць агульную духоўнасьць. Але яшчэ я хачу падкрэсьліць, што мы дзьве дзяржавы. І адмяняць Канстытуцыі, якія падкрэсьліваюць, што і Расея, і Беларусь — самастойныя дзяржавы, ня дадзена ні Ўладзіміру Пуціну, ні Аляксандру Лукашэнку. Гэта воля народу».

Пра плату за расейскія вайсковыя аб’екты ў Беларусі

«Мы заплацілі далёка наперад. Мы ж вымушаныя былі ў свой час мільярд даляраў доўгу Беларусі проста сьпісаць, тым самым заплаціўшы і за гэтыя вайсковыя базы. Калі ўзяць Чарнаморскі флёт — мы Ўкраіне за яго мільёнаў 17 даляраў плацім, дык гэта ж цэлы флёт! Але нават палічыце той мільярд на гэтую суму — атрымаецца, што мы разьлічыліся на дзясяткі гадоў наперад».

Пра залежнасьць эканомікі Беларусі ад Расеі

«100%-я залежнасьць па энэргарэсурсах. 85% энэргетыкі Беларусі — на расейскім газе. Уся нафтаперапрацоўка і нафтахімія — на расейскай сыравіне. Ільвіная доля машынабудаваньня — каапэрацыйная. Плюс рынак рэалізацыі расейскі. Мы эканамічна ўзаемазьвязаныя яшчэ з часоў Савецкага Саюзу».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Сурыкаў у менскім аэрапорце. 26 жніўня 2014 году
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Сурыкаў у менскім аэрапорце. 26 жніўня 2014 году

Пра беларускую вэрсію вайны 1812 году

«Гэтую вайну абвясьціў памазаньнік Божы, імпэратар Аляксандар І, а Беларусь у той час была часткай Расеі. Цяпер жа частка беларускай інтэлігенцыі, зыходзячы з пазыцыяў сёньняшняга дня, заяўляе, што для Беларусі гэтая вайна не зьяўляецца Айчыннай. Я гэтым вельмі засмучаны. Баюся, што такім шляхам некаторыя людзі могуць правесьці паралелі зь Вялікай Айчыннай вайной супраць фашысцкай Германіі, і тады незразумела, каго ж вызвалялі, ад каго вызвалялі Беларусь: ці то ад фашыстаў, ці то ад расейскіх акупантаў».

Пра патрабаваньні Эўразьвязу да Беларусі

«Мы лічым, што тыя патрабаваньні, якія цяпер Эўразьвяз прад’яўляе Беларусі, занадта завышаныя. Нельга ствараць у Беларусі дэмакратыю выключна па эўрапейскіх лякалах, бо ў Беларусі, як і ў Расеі, ёсьць і славянскія карані, а ў Брусэлі ня хочуць гэтага ўлічваць».

Падчас прэс-канфэрэнцыі Сурыкава ў Менску 7 лютага 2018 году
Падчас прэс-канфэрэнцыі Сурыкава ў Менску 7 лютага 2018 году

Пра пазыцыю Лукашэнкі па Крыме

«Расея ўдзячная Аляксандру Лукашэнку за яго пазыцыю па Крыме. Ён зафіксаваў факт таго, што Крым стаў расейскім. Дзеяньні Расеі ў Крыме падтрымалі амаль 70% беларускіх грамадзянаў. Гэта столькі ж, колькі ў Расейскай Фэдэрацыі. Гэта кажа, мабыць, пра нашы братэрскія сувязі? Мабыць, кажа. Так што нашы дачыненьні, як мне падаецца, сталі шчыльнейшымі і глыбейшымі».

Пра непатрэбнасьць абʼяднаньня Расеі і Беларусі ў адзіную дзяржаву

«Я прыхільнік захаваньня нацыі і народу, значыць, і захаваньня самастойных дзяржаў. Я грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі і хачу, каб мае дзеці і ўнукі таксама заставаліся грамадзянамі Расейскай Фэдэрацыі. Так, у нас няма саюзнай дзяржавы, няма саюзнага пашпарта, няма саюзнага прэзыдэнта і Канстытуцыі. Больш за тое, саюзная дзяржава дагэтуль не зьяўляецца субʼектам міжнароднага права. І вось мне падаецца, што найперш трэба думаць не пра адзінага прэзыдэнта і адзінае грамадзянства, а каб саюзная дзяржава нарэшце стала ім. Бо той жа Эўразьвяз даўно зьяўляецца субʼектам.

Аляксандар Сурыкаў на адкрыцьці мультымэдыйнага прэс-цэнтру «Sputnik Беларусь» у Менску. 7 красавіка 2016 году
Аляксандар Сурыкаў на адкрыцьці мультымэдыйнага прэс-цэнтру «Sputnik Беларусь» у Менску. 7 красавіка 2016 году

Пра журналістаў з расейскага парталу «Регнум»

«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты, я б так сказаў. Вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаваньне брацкіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі. А вось многае ёсьць на ўбіваньне кліноў. Вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі — шчырыя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і зьяўляюцца грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як „недадзяржава“, „неданарод“, не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны».

Пра любімыя месцы ў Беларусі

«Гэта Нарач і Горадня. Мне асабліва падабаецца Горадня. У гэтым горадзе захавалася архітэктурная самабытнасьць, туды заўжды цікава прыяжджаць і глядзець».

Пра тое, як беларусы могуць дапамагчы расейцам

«У Смаленскай вобласьці цяпер шмат кінутых зямель. Трэба прыцягнуць да гэтай справы беларусаў. Калі яны прыедуць туды працаваць, то вобласьць гэтая будзе глядзецца зусім па-іншаму, ператворыцца ў квітнеючы рэгіён».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG