Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская нацыянальная ідэя ў камэры Вільсана


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

— Бачыш сусьліка? — Не. — І я ня бачу. А ён ёсьць.

З кінастужкі ДМБ

Камэра Вільсана — гэта такі геніяльна просты прыбор, прыдуманы брытанскім фізыкам, які за вынаходніцтва атрымаў Нобэля.

Гэта проста скрыня, напоўненая перагрэтай парай. Калі ў камэру запускаюць элемэнтарную часьцінку, яна іанізуе атамы пары, вакол іонаў пара кандэнсуецца і ўтвараецца трэк, сьлед, візуальна бачны.

Аналёгія на першы погляд мудрагелістая, але мне падаецца зьмястоўнай.

Што такое нацыянальная ідэя, ці ёсьць яна ў беларусаў, як яе пабачыць, памацаць? Наўпрост — ніяк. Як і тую элемэнтарную часьцінку. Што можна ўбачыць — дык гэта сьлед, трэк. Аналёгія тым больш плённая, што па траекторыі сьледу ў камэры Вільсана, па яго шырыні і іншых парамэтрах, можна зрабіць (і навукоўцы робяць) пэўныя высновы пра характарыстыкі самой часьцінкі — пра яе энэргію, імпульс і накірунак руху.

Сьляды беларускага нацыянальнага

Гэтая аналёгія, падаецца, задае правільны ракурс погляду на праблему. Вось, скажам, за якія дваццаць гадоў беларусы, перайшлі з назвы сваёй краіны на расейскай з Белоруссия на Беларусь. Перайшлі ня ў выніку нейкага асабліва гвалту, прымусу, і прычым перайшлі амаль пагалоўна.

Дык гэта нацыянальная ідэя і ёсьць? Не, гэта яе сьлед, прычым сьлед, які можна ўбачыць і нават цяжка не ўбачыць. І гэта сьлед менавіта «элемэнтарнай часьцінкі» пад назвай «нацыянальная ідэя», а не якой іншай. З чаго інакш мільёны людзей, разумных і ня надта, тых, хто за Лукашэнку, і тых, хто супраць, тых, хто за Расею, і тых, хто за Эўропу, зьмянілі сваю звычку ў называньні сваёй краіны?

Насамрэч, такіх сьлядоў вельмі шмат. Вось ня надта хочуць беларускія гастарбайтары ў Расеі там заставацца назаўжды, прынамсі, у меншай ступені хочуць, чым нібыта куды больш апантаныя нацыянальнай ідэяй армяне ці ўкраінцы. Ня надта хочуць, бо дом — там, у Беларусі. Яны нават можа так і ня скажуць наўпрост, яны кажуць гэта сваімі масавымі паводзінамі.

Ці банальнае заўзеньне за беларускую каманду. Так, калі сваёй каманды ў спаборніцтве няма, то многія заўзеюць за расейцаў. Але калі гуляюць і расейцы, і беларусы, то заўзеюць за беларусаў, у тым ліку і супраць расейцаў. А чаму, «мы ж рускія людзі, такія ж, як расейцы», як кажуць з высокіх трыбунаў? Такія ж, ды не зусім, атрымліваецца. І ізноў жа — сьлед, паводзіны мільёнаў людзей.

Ёсьць яшчэ шэраг прыкладаў, і вельмі яскравых, але, так бы мовіць, нэгатыўнага кшталту, калі сьлед нацыянальнай «элемэнтарнай часьцінкі» — не такі, як у «часьцінак» іншай прыроды.

Эканаміст Павал Данэйка нядаўна ў перадачы на Эўрарадыё распавёў пра гутарку з крымскім таксістам у 2010 годзе, падчас тагачаснага выбарчага змаганьня Віктара Януковіча і Юліі Цімашэнкі. На пытаньне Паўла пра выбары яго суразмоўца адказаў: «А што мне яны? Абодва хахлы». Да падзеяў 2014 году было 4 гады.

Вось не ўяўляю сабе падобную рэпліку з вуснаў беларускага грамадзяніна ў Беларусі: «А што мне Лукашэнка і Мілінкевіч (ці Лукашэнка і Някляеў, ці Лукашэнка і Пазьняк) — абодва бульбашы». Маўляў, яны мне чужыя і я ім чужы. Грамадзянін можа быць колькі заўгода чыстакроўным этнічным расейцам, палякам ці ўкраінцам, але ў Беларусі ён так не скажа і нават не падумае. І гэта — яшчэ адзін сьлед. Тое, што так не бывае, што так ня можа быць у Беларусі.

Ці ўжо самае простае — дранік. Усе суседзі іх у прынцыпе ядуць, але ні для каго дранік ня ёсьць тым, чым ёсьць для беларусаў. А для беларусаў ён ёсьць тым, чым ёсьць.

Пра тое, чаго няма

Ну так, некаторых прыкметаў, якія ёсьць у іншых нацыяў і якія вызначаюць іх менавіта як нацыі, у беларусаў няма ці яны слаба выражаныя. Вось гаворыць уся нацыя на адной мове — дык гэта... Дарэчы, а што гэта? Нацыянальная ідэя? Не, гэта не яна.

Аўстрыйцы гавораць на адной мове з немцамі, а швэйцарцы — на чатырох, а ірляндцы — на мове колішніх заваёўнікаў. Дык тады адзіная мова — гэта што? А таксама сьлед. Адна з праяваў адзінства. Якая можа быць, але яе можа і ня быць, яе адсутнасьць ня сьведчыць пра адсутнасьць гэтага адзінства, якое наўпрост не ўбачыш і не памацаеш.

Дарэчы, тое самае тычыцца і таго, што часам называюць нацыянальнай ідэяй у блізкіх і далёкіх суседзяў беларусаў, маўляў, вось у іх ёсьць, а ў нас, занядбаных, няма. Размова ідзе пра нацыянальную ідэю як, так бы мовіць, тэкст, лёзунг.

Але насамрэч і гэта — не яна. А гэта... ну вы здагадаліся што. Якія «Свабода, роўнасьць, братэрства» ці «Масква — трэці Рым» — хіба самі па сабе гэтыя наборы словаў і нават ідэі, якія стаяць за імі, і яднаюць адпаведна французаў і расейцаў? Праўда? А безь іх разьбегліся б, жыхар Кале лічыў бы чужым яму жыхара Марсэлю, жыхар Смаленску — жыхара Ўладзівастоку? А не лічылі б, я мяркую. А так — ну сапраўды, формулы звонкія. Паколькі яны запальваюць мільёны, то сьлед выразны, «тлусты», заўважальны, гэта паказьнік моцы адзінства. Але гэта не яно само па сабе.

Дабрабыт — не нацыянальная ідэя

Адна заўвага крыху ўбок - ужо да ўласна беларускіх спрэчак. Вось што ня можа быць нацыянальнай ідэяй і нават яе сьледам, дык гэта дабрабыт, эканамічнае квітненьне. Не, добра калі гэта ёсьць, кепска — калі няма, але да нацыянальнай ідэі гэта калі і мае дачыненьне, то вельмі ўскоснае і апасродкаванае. Ёсьць у сьвеце нацыі заможныя і бедныя, ёсьць пасьпяховыя і ня надта. Але і бедныя, і ня надта заможныя — таксама ж нацыі.

Да таго ж дабрабыт — рэч такая, ён у руках ня адно ўрадавых чараўнікоў, але і Бога. Вось, скажам, Амэрыка. Ну так, у прынцыпе яе нацыянальная ідэя дакладна не палягае ў беднасьці і галечы, нічыя ў гэтым не палягае. А дабрабыт... Абрынулася амэрыканская эканоміка ў гады «Вялікай дэпрэсіі», трахнула яе ў 2008-2009 гадах — дык што, амэрыканцы нацыяй перасталі быць? Не, засталіся. Зараз Вэнэсуэла курчыцца ў сутаргах эканамічнай катастрофы. Дык яны ўжо ня нацыя? Лухта.

Ды і нават са станоўчымі прыкладамі — сёньня так, заўтра гэтак. Вось была шмат гадоў «фішкай» Эстоніі — краіна, дзе вынайшлі Skype. Ну і дзе зараз той Skype? Адыходзіць, выходзіць з моды, з ужытку. Дык што — эстонцы перасталі быць нацыяй?

З суадносінамі націдэі і дабрабыту — як са спартовым заўзеньнем. Добра, калі свая каманда перамагае, кепска — калі прайграе, калі «прадзьмувае» літаральна ўсё, што можна, дык і сапраўды ўжо ня надта ёсьць імпэт за яе заўзець. Але ў прынцыпе за сваю каманды заўзеюць не таму, што яна — абавязкова каманда пераможцаў. Як калі. Спартовае, як і любое іншае, шчасьце зьменлівае. Але заўзеюць за сваіх, таму што яны свае. І ў перамогах, і ў паразах.

Гэтак і з дабрабытам. Добра, калі ён ёсьць, ну пагаджуся, што ў гэтым выпадку ён спараджае пэўны сьлядок ( у межах маёй аналёгіі), спараждае гонар за сваё, за сваіх. Але ня ён ёсьць прычына і чыньнік уяўленьня пра сваё і сваіх, як такога.

Мая прапанова — прынамсі зважаць, не заплюшчваць вочы на насамрэч шматлікія «тлустыя» сьляды, масавыя і выразныя праявы беларускага нацыянальнага ў «камэры Вільсана» сучаснасьці, разумець, што гэта сьляды менавіта нацыянальнага, а ня нечага іншага. І можа не так ужо пераймацца, што ў беларусаў няма такіх сьлядоў, як у іншых нацыяў, і не рабіць з гэтага выснову, што нацыі няма. Такіх сьлядоў няма, іншыя ёсьць.

Бачыш нацыянальную ідэю? — Не. — А яна ёсьць!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG