Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 нечаканых фактаў з прэзэнтацыі кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды» пра турму ў «сталіцы турмаў»


Алена Струвэ са сваёй кнігай у Воршы
Алена Струвэ са сваёй кнігай у Воршы

Першая рэгіянальная прэзэнтацыя кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды» «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» адбылася ў Воршы. Аўтарка Алена Струвэ абрала для сустрэчы з чытачамі і слухачамі «Свабоды» горад, які ў Беларусі з савецкіх часоў лічыўся «сталіцай турмаў». І менавіта тут аўтарцы ўпершыню давялося «блізка пазнаёміцца» з былымі ўтрыманцамі карных установаў.

1. Пасьведчаньне журналісткі ўратавала ад рабаўнікоў

Сустрэчу з жыхарамі Воршы Алена Струвэ пачала зь нечаканага прызнаньня: падчас студэнцкай практыкі яе ледзьве не абрабавалі ў аршанскім парку.

«Пасьля першага курсу мяне накіравалі на практыку ў газэту «Ленінскі прызыў». Жытло далі ў інтэрнаце льнокамбінату, і я часта прагульвалася ў бліжэйшым парку. Аднойчы на бязьлюднай сьцяжынцы да мяне падышлі двое мужчын і загадалі: «А ну, давай сюды сумку!» Ці ад спалоху, ці ад адчаю, але я выхапіла пасьведчаньне практыканткі, і гучна заявіла: «Я журналістка зь Менску!» Гэта спрацавала: дзядзькі тут жа адышлі, сказаўшы нешта кшталту: «Раз так, то мы прыежджых не чапаем», — апавяла Алена.

Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

Калі яна вярнулася ў інтэрнат і расказала пра здарэньне суседкам-ткачыхам, то яны пазналі па апісаньні былых «зэкаў». Для менскай студэнткі было нечаканым, што ў Воршы шмат хто ведае крымінальнікаў у твар і нават абазнаны ў падрабязнасьцях іхных біяграфій: у каго якая мянушка, хто за што сядзеў і калі вызваліўся.

«Увогуле ёсьць тэрыторыя, да якой мы ніяк ня хочам набліжацца: гэта жыцьцё тых, каму значна горш, чым табе... Гэта цяжкая невылечная хвароба, старасьць і бездапаможнасьць, турма... Часам мы бяжым далёка прэч, каб нішто такое нас не нэрвавала. І кожны сам павінен вырашыць, ці варта яму мець такія веды і досьвед спачуваньня», — сказала Алена Струвэ на прэзэнтацыі.

2. Празь вялікую канцэнтрацыю былых зэкаў Воршу называлі «сіняй сталіцай»

На думку ўдзельнікаў прэзэнтацыі, цяпер горад ужо ня мае былога «турэмнага» калярыту. Яны лічаць, што ягоны «росквіт» прыпаў на 1960–70-я гады, калі ў Воршы былі тры папраўчыя ўстановы. А па вызваленьні былыя «сядзельцы» тут затрымліваліся «пагуляць». І мужчынаў з турэмнымі татуіроўкамі сіняга колеру можна было тут сустрэць гэтак часта, што Воршу часам называлі «сіняй сталіцай».

У падлеткаў працяглы час была досыць папулярнай «блатная рамантыка», адзначалі 50—60-гадовыя наведнікі прэзэнтацыі. Яны згадвалі моладзевыя групоўкі «байцоў-раёншчыкаў», якімі кіравалі былыя крымінальнікі, і масавыя бойкі «раён на раён», што адбываліся аж да 1980-х.

«Адпрацаваўшы год па разьмеркаваньні, я прыехаў у БДУ падаваць дакумэнты ў асьпірантуру. „Як там твая бандыцкая Ворша?“ — запытаў дэкан. І ў ягоных словах не гучала ні гумару, ні зьдзеку — толькі канстатаваньне факту», — згадаў былы настаўнік Юры Нагорны.

Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

3. Адна з былых аршанскіх турмаў — помнік архітэктуры і турыстычны аб’ект

На прэзэнтацыі кнігі пра турэмны побыт удзельнікі не маглі не ўзгадаць вядомую прымаўку: «Ворша — гэта горад, дзе тры турмы і ніводнага ўнівэрсытэту».

Праўда, цяпер яно гучыць крыху па-іншаму. Сваёй ВНУ ў горадзе няма, а вось турмаў — ужо на адну меней. Тую, што каля 150 год была ў самым цэнтры гораду, зачынілі.

У 17 стагодзьдзі гэты гмах быў збудаваны як езуіцкі калегіюм. У 1842 годзе царская ўлада зрабіла там турму. Тут утрымлівалі паўстанцаў 1863 году, пазьней — удзельнікаў рэвалюцыі 1905-га, а яшчэ пазьней — ахвяраў сталінскага тэрору і нацысцкага генацыду. Урэшце, у 1990-х, помнік архітэктуры пачалі рэстаўраваць. Завяршылі рэканструкцыю на Дажынкі-2008. Цяпер у колішнім калегіюме ўстановы культуры і рэстарацыя.

Езуіцкі калегіюм — былая турма — сёньня
Езуіцкі калегіюм — былая турма — сёньня

Турмы ў гістарычным цэнтры Воршы болей няма, але дзьве на ўскраінах гораду функцыянуюць дагэтуль: папраўчая калёнія № 12 для ўтрыманьня і лячэньня асуджаных, хворых на сухоты ў актыўнай форме, і папраўчая калёнія № 8, куды трапляюць асуджаныя паўторна.

4. Апісаньні побыту ў аршанскіх турмах таксама трапілі ў кнігу

Абедзьвюм аршанскім установам, якія афіцыйна завуцца калёніямі, а ў побыце — турмамі, знайшлося месца на старонках кнігі Алены Струвэ.

З успамінаў колішніх зьняволеных або супрацоўнікаў аўтарка пераказвае гісторыі пра спробы ўцёкаў з аршанскай турмы, пра спэцыфіку лекаваньня сухотаў у турэмных умовах. Шмат хто з рэспандэнтаў згадвае калёніі ў Воршы, апавядаючы пра факты сваёй біяграфіі.

«У кнізе я ня мела на мэце аналізаваць, ці справядліва і за што людзі сядзяць, — падкрэсьлівае Алена Струвэ. — Маёй задачай было распавесьці, як яны пачуваюцца ў турме, пра тамтэйшы побыт — пра тое, як ім там сядзіцца. Бо ў турме таксама ёсьць месца каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і побытавым канфліктам, творчасьці і гумару».

Аўтарка зазначае: у часе працы над кнігай для яе стала адкрыцьцём, што і ў яе бліжэйшым атачэньні ёсьць былыя або цяперашнія зэкі:

«Хай сабе „сталіцай турмаў“ і лічаць Воршу, але турмы — гэта неад’емная частка нашага жыцьця. Я зьдзівілася, што да гэтай сфэры маюць непасрэднае дачыненьне нехта з маіх суседзяў, знаёмых. У тым, што ў сям’і нехта сядзеў ці сядзіць, прызнавацца не прынята».

Алена Струвэ падпісвае кнігу аршанскаму праваабаронцу Васілю Леўчанкаву
Алена Струвэ падпісвае кнігу аршанскаму праваабаронцу Васілю Леўчанкаву

5. Аўтарку «разводзілі» афэрысты з-за кратаў

Працуючы над кнігай, Алена Струвэ шмат кантактавала з утрыманцамі папраўчых установаў. Нехта шчыра дзяліўся аповедамі, а нехта сьвядома «ціснуў на жаласьць».

«Журналіст толькі піша — ён ня можа паўплываць на строгасьць прысуду, на працягласьць тэрміну зьняволеньня. Але было такое, што мае рэспандэнты хітравалі, убачыўшы мае чалавечае да іх стаўленьне. Прыкладам, перадавалі просьбы сабраць харчовую пасылку, якая так і не трапляла да адрасата. Але цяпер я згадваю пра гэта хутчэй са сьмехам, чым з крыўдай», — кажа аўтарка.

А самая сур’ёзная выснова, якую зрабіла Алена, — пра тое, што турма ў Беларусі не спрыяе выпраўленьню асобы.

Гэтую выснову падтрымалі і прысутныя, якія неаднойчы чулі ад знаёмых пра бытавыя цяжкасьці і маральныя прыніжэньні за кратамі і нават пра тое, што «раней у турме было больш парадку». Раней — гэта калі турэмнае жыцьцё больш рэглямэнтавалася крымінальніцкімі «паняцьцямі», а не свавольствам і беспакаранасьцю ахоўнікаў ці адміністрацыі.

На жаль, у сучаснай Беларусі трапіць у турму можа практычна кожны, бо пакараньне можа спасьцігнуць ня толькі за злачынства, але і «за палітыку» — за грамадзянскую пазыцыю і сьмеласьць у выказваньні ўласных поглядаў. Гэта яшчэ адна выснова, зь якой пагадзіліся ўдзельнікі прэзэнтацыі.

«Турма мае пачатак, але ня мае канца — ня ў простым сэнсе рэцыдываў, а таму, што яна — частка грамадзтва, і яе ўплыў не канчаецца за калючым дротам», — напісаў у прадмове да кнігі дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Аўтарка плянуе прэзэнтаваць выданьне зь «Бібліятэкі Свабоды» ў Віцебску і Наваполацку, а таксама ў іншых рэгіёнах. Кніга была створана паводле матэрыялаў аўтарскай праграмы Алены Струвэ «Свабода ў турмах», якая выходзіла на хвалях Радыё Свабода цягам 2011–2017 гадоў.

Замовіць друкаваны асобнік можна тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG