Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка папрасіў прабачэньня за нявыкананае абяцаньне хутка спыніць вайну на Данбасе


Пятро Парашэнка, 22 жніўня
Пятро Парашэнка, 22 жніўня

«Шкадую, што спарадзіў завышаныя чаканьні», — заявіў Пятро Парашэнка пра сваё пасьлявыбарнае абяцаньне хутка завяршыць антытэрарыстычную апэрацыю на Данбасе.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка шкадуе, што адразу пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2014 годзе паабяцаў за «гадзіны» завяршыць антытэрарыстычную апэрацыю на Данбасе, але ня выканаў абяцаньня.

«Цяпер ужо ня так важна, у якім кантэксьце гэтыя словы былі сказаныя. Неістотная і вобразнасьць гэтай заявы. Людзі ўспрынялі яе як магчымасьць завяршыць вайну вельмі і вельмі хутка. Шкадую, што спарадзіў завышаныя чаканьні. Я шчыра прашу прабачэньня, што падаў надзею, якая ня спраўдзілася. Прыкра, што даў абяцаньне, якое ня спраўдзілася», — заявіў Парашэнка 23 жніўня ў горадзе Дніпры падчас цырымоніі ўрачыстага ўзьняцьця Дзяржаўнага сьцяга Ўкраіны.

«Гэта для мяне вельмі сур’ёзны ўрок асьцярожнага і адказнага стаўленьня да сваіх словаў і да сваіх абяцаньняў. Дзякуй вам за гэтае разуменьне. Краіна патрабуе сумленнай і адкрытай гутаркі. Я з гэтага зрабіў высновы. З самага пачатку варта было нацэліць ўсіх на працяглую і надзвычай цяжкую барацьбу за тое, каб вызваліць кожны лапік украінскай зямлі».

Парашэнка патлумачыў, што ўвесну 2014 году шмат хто з палітыкаў і грамадзян проста не ўсьведамляў рэальнай глыбіні катастрофы, якая адбылася яшчэ да вайны:

«Украінскую армію, войска зьнішчалі: раззброілі, распранулі, раскралі, расьцягнулі. Шмат хто з нас у 2014-м сытуацыю разглядаў як мяцеж сэпаратыстаў. Так, штучны. Для гэтага не было ніякіх падставаў. Так, арганізаваны з Масквы. Так, ёю прафінансаваны. Так, узброены з „Росвоенторга“, але ўсё ж мяцеж. І толькі потым стала зразумела, што гэта ніякі не мяцеж — гэта чарговая поўнамаштабная расейска-ўкраінская вайна».

Ва Ўкраіне шэраг аналітыкаў сьцьвярджаюць, што абяцаньне Парашэнкі хутка завершыць узброены канфлікт на Данбасе дазволіла яму ўпэўнена перамагчы ў першым туры на нечарговых прэзыдэнцкіх выбарах 2014 году. Выбары былі прызначаныя пасьля таго, як папярэдні кіраўнік дзяржавы Віктар Януковіч уцёк у Расею пасьля расстрэлаў у Кіеве на Майдане Незалежнасьці ў лютым 2014 году. Тыя падзеі цяпер ва Ўкраіне называюць Рэвалюцыяй Годнасьці.

Наступныя выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбудуцца 31 сакавіка 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG