Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп гатовы скасаваць санкцыі супраць Крамлю, «калі яны зробяць нешта карыснае»


Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін на саміце ў Хэльсынкі 16 ліпеня

У інтэрвію агенцтву Reuters прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп распавёў, якія пытаньні ён абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным на саміце ў Хэльсынкі.

Дональд Трамп заявіў, што гатовы разгледзець пытаньне аб скасаваньні санкцыяў супраць Расеі ў абмен на саступкі па Сірыі і Ўкраіне, якія будуць адказваць інтарэсам ЗША.

«Я гатовы разгледзець гэта, калі яны зробяць нешта, што будзе карысным для нас, — заявіў Трамп — Бяз гэтага я ня стану вывучаць гэтае пытаньне».

Эканамічныя санкцыі ЗША і Эўразьвязу былі ўведзеныя супраць Масквы ў сувязі з расейскай анэксіяй украінскага Крыму ў 2014 годзе, якую Захад адмаўляецца прызнаваць.

Трамп апынуўся пад агнём крытыкі ў сябе ў краіне і за мяжой пасьля таго, як у прысутнасьці Ўладзіміра Пуціна на саміце ў Хэльсынкі 16 ліпеня паставіў пад сумнеў высновы амэрыканскай выведкі аб тым, што Расея ўмешвалася ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

Сярод тэмаў, якія ён абмяркоўваў на закрытай сустрэчы з Пуціным, Трамп назваў бясьпеку Ізраілю, сытуацыю ў Сырыі, расейская анэксію Крыму і ўварваньне ва Ўсходнюю Украіну, а таксама будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток-2», па якім плянуецца дастаўляць расейскі прыродны газ у Нямеччыну. Паводле Трампа, у гутарцы з ім Пуцін ён не ўздымаў пытаньне аб амэрыканскіх санкцыях.

Трамп таксама адзначыў, што яго не турбуе тое, што ягоная жорсткая пазыцыя можа нанесьці шкоду эканоміцы Эўропы і краінаў з рынкам, што яшчэ фармуецца.

Трамп лічыў, што заключыў угоду з Эрдаганам

Адносна ўскладненьня стасункаў ЗША з Турэччынай ён адзначыў, што выключае выкананьне любых патрабаваньняў Анкары ў абмен на вызваленьне затрыманага там амэрыканскага пастара.

Паводле Трампа, ён лічыў, што заключыў угоду з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, калі дапамог пераканаць Ізраіль вызваліць затрыманага турэцкага грамадзяніна. Ён лічыў, што Эрдаган затым выпусьціць пастара Эндру Брансана, які абвяргае абвінавачваньні Турцыі ў тым, што ён нібыта быў датычны да змовы супраць Эрдагана два гады таму.

Рэджэп Таіп Эрдаган, архіўнае фота
Рэджэп Таіп Эрдаган, архіўнае фота

«Мне здаецца, што тое, што робіць Турэччына, вельмі сумна, — казаў Трамп. — Думаю, яны робяць жудасную памылку. Ніякіх саступак ня будзе».

Турэччына запатрабавала, каб ЗША перадалі ёй Фэтхулу Гюлена — турэцкага прапаведніка, які жыве ў Штатах і якога туркі падазраюць у змове супраць Эрдагана. Але ЗША адмаўляюцца.

Адносна тэмы Ірану Трамп заявіў, што ня мае асаблівай цікавасьці да сустрэчы з прэзыдэнтам Хасанам Рухані для абмеркаваньня ядзернай праграмы Тэгерану. Раней у гэтым месяцы Трамп заявіў пра сваю гатоўнасьць да такіх перамоваў.

«Калі яны хочуць сустрэцца, гэта добра, а калі ня хочуць, то мяне гэта абсалютна не хвалюе», — сказаў цяпер Трамп.

Ён дадаў, што ня мае «часавых абмежаваньняў» для ўрэгуляваньня гандлёвых спрэчак яго адміністрацыі з Кітаем: «Як і яны, я працую на доўгатэрміновую пэрспэктыву».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG