Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць экс-дырэктараў ЦРУ абвінавацілі Трампа ў замаху на свабоду слова


 Джон Брэнан
Джон Брэнан

Дванаццаць былых высокапастаўленых амэрыканскіх выведнікаў, у тым ліку шэсьць экс-дырэктараў Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня ЗША, у чацьвер падпісалі ліст пратэсту супраць рашэньня Дональда Трампа, які пазбавіў былога кіраўніка ЦРУ Джона Брэнана допуску да дзяржаўнай таямніцы. Аўтары ліста назвалі рашэньне Трампа «неабдуманым і беспрэцэдэнтным», піша The Guardian.

Аўтары звароту заявілі, што «дзеяньні прэзыдэнта ня маюць ніякага дачыненьня» да пытаньняў бясьпекі і зьяўляюцца толькі спробай «заглушыць свабоду слова». На іх думку, прэзыдэнт кіраваўся палітычнымі меркаваньнямі, а не дзяржаўнымі інтарэсамі.

Ўільям Макрэйвэн, які ўзначальваў апэрацыю супраць Усамы бін Ладэна, паведаміў газэце The Washington Post, што для яго «было б гонарам», калі б кіраўнік Белага дому ануляваў і ягоны допуск да сакрэтаў. У сваім пасланьні ён адмовіў Трампу ў лідэрскіх якасьцях і абвінаваціў яго ў тым, што той «прынізіў» Амэрыку перад міжнароднай супольнасьцю і раскалоў амэрыканскае грамадзтва. Пра Брэнана ён адгукнуўся як пра «чалавека крышталёвай сумленнасьці».

Сярод тых, хто падпісаў дакумэнт — адстаўны генэрал Дэйвід Пэтрэўс, Леон Панэта, а таксама былы дырэктар нацыянальнай выведкі Джэймс Клапэр і пяць былых намесьнікаў кіраўніка ЦРУ.

Сам Трамп зьвязаў сваё рашэньне з расследаваньнем расейскага ўмяшаньня ў выбары, напісаўшы ў Твітэры, што Брэнан «дыскрэдытаваў сябе» сваімі заявамі аб тым, што амэрыканскі прэзыдэнт уступіў «у змову з замежнай дзяржавай». Брэнана раскрытыкаваў таксама кіраўнік сэнацкага камітэту ў пытаньнях выведкі Рычард Бэры. На яго думку, калі Брэнан нешта ведаў аб меркаваных сувязях Трампа з Расіяй у бытнасьць дырэктарам ЦРУ, ён мусіў дзейнічаць тады, а не крытыкаваць Трампа пасьля сыходу са сваёй пасады.

Паводле дадзеных The Washington Post, цяпер Трамп плянуе закрыць допуск да дзяржаўных таямніцаў яшчэ некалькім былым выведнікам. Сярод іх — звольненыя Трампам экс-дырэктар ФБР Джэймс Коўмі, які ўзначальваў расьсьледаваньне расейскага ўмяшаньня, а таксама былы намесьнік дырэктара ФБР Эндру Маккэйб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG