Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашыя Пабеданосцавы і Лорыс-Мелікавы


Убачыў я пасьля ўрадавай «ракіровачкі» ў ФБ-фрэндаў, так бы мовіць, птушанят гнязда ІМХАКЛАБу, шчырую радасьць: «Вася ку-ку», «Рудый остался в Китае». Ура. Воля Лойка ў маім акцэнце выказала дакладна адваротныя меркаваньні: шкада, што «Васю» (Васіля Мацюшэўскага) адправілі ў адстаўку, калі б прэм’ерам прызначылі Рудага, дык гэта быў бы сыгнал пра пачатак рэформаў, а Румас — сыгнал, але невядома пра што.

Гэта я не да таго, што Вольга мае рацыю, а імхаклабаўцы — не. Я пра тое, што менавіта гэтая дыскусія — яна ў сучасным грамадзтве надзвычай млявая. Ня тое, што народ, народу дык гэта ўсё да лямпачкі, але нават адукаваная публіка неяк ня надта менавіта ў такім рэчышчы пераймаецца.

Якіх сто зь нечым гадоў у Расейскай імпэрыі агульныя жарсьці выклікала менавіта гэта: вось сышоў Пабеданосцаў, дык, пэўна, новыя часы наступаюць. Ці прыйшоў Лорыс-Мелікаў — пэўна, вясна лібэралізацыі на падыходзе. Гэта і абмяркоўвалі. Кепскія даўнія расейскія прыклады? Можна прыгадаць айчынныя. Сыход з ЦК КПБ злога генія беларускай культуры Сеўрука прынамсі літаратурнай і журналісцкай публікай успрымаўся як падзея, спараджаў спадзевы на новую эпоху.

Пры тым, што і напрыканцы ХІХ стагодзьдзя і ў савецкія 80-я нічога па вялікім рахунку ад тых зьменаў пэрсаналіяў ня мянялася, і да зьмены і пасьля заставалася самадзяржаўе і адпаведна камуністычная дыктатура. Але ў тым і пойнт, што тады публіка ня мерала сытуацыю гэтым самым вялікім рахункам, тады здавалася, што сыдзе той выканаўца, а прыйдзе гэты — і гэта новая эпоха. І тут няма аб’ектыўнай шкалы, ня ў тым справа, што гэта насамрэч было важна (ці няважна), а ў тым справа, што тады публіка бачыла сытуацыю так, як бачыла. Гэта было важным, таму што публіка лічыла гэта важным.

А цяпер... Паўтаруся, ідэйныя падзелы, зьвязаныя з пэрсаналіямі, даволі млявыя. Парадокс, але на абодвух баках дамінуючае меркаваньне — ды нічога ня зьменіцца. І гэта цікава. І ізноў жа — няважна, ці маюць рацыю тыя, хто так лічыць. Проста факт, што яны дамінуюць. Бывае, бывала інакш. Гэта ілюзія? Але, як казаў старына Маркс, ідэі, якія авалодваюць масамі, робяцца матэрыяльнай сілай.

Была б для публікі важнай ідэя, што Румас, а не Шуневіч, што Румас, а ня Руды — напэўна і на паводзіны Румаса гэта б уплывала. А так — ды нічога ня зьменіцца. Так, ня зьменіцца. Прычым менавіта таму, што вы так думаеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG