Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы падтрымаў разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Польшчы: «У Калінінградзе і Беларусі яна ўжо ёсьць»


Прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа перад пачаткам супольных вайсковых вучэньняў на літоўскай тэрыторыі, 26 красавіка 2024
Прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа перад пачаткам супольных вайсковых вучэньняў на літоўскай тэрыторыі, 26 красавіка 2024

«Ідэя разьмяшчэньня ядзернай зброі — гэта не падбухторваньне да вайны, не пагроза Расеі, а гэта, зноў жа, той самы элемэнт сыстэмы стрымліваньня, які павінен сапраўды выконваць функцыю менавіта стрымліваючага фактара», — заявіў Гітанас Наўседа.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа мяркуе, што разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Польшчы адпавядае чаканьням Эўропы ў сфэры бясьпекі.

«Апошнім часам, безумоўна, адбыліся рэчы, якія павялічылі прысутнасьць вайсковай моцы ў нашым суседзтве — у прыватнасьці, разгортваньне тактычнай ядзернай зброі. На жаль, сёньня гэта рэальнасьць — і ў Калінінградзкай вобласьці, і, наколькі нам вядома, на тэрыторыі Беларусі», — працытавала Гітанаса Наўседу выданьне delfi.lt.

«Таму ідэя разьмяшчэньня ядзернай зброі — гэта не падбухторваньне да вайны, не пагроза Расеі, а гэта, зноў жа, той самы элемэнт сыстэмы стрымліваньня, які павінен сапраўды выконваць функцыю менавіта стрымліваючага фактара», — дадаў ён.

Гітанас Наўседа паведаміў, што тэма імавернага разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Польшчы абмяркоўвалася ўжо даўно.

«Я быў крыху зьдзіўлены, што на гэтую заяву прэзыдэнта Рэспублікі Польшчы адрэагавалі як на нешта новае. Мы ня толькі гаварылі пра гэты аспэкт, але і дзяліліся сваімі думкамі пра магчымыя наступствы гэтага аспэкту. Ва ўсялякім выпадку, млын расейскай прапаганды круціцца, і натуральна, што ў такіх выпадках заўсёды ёсьць пагрозы зь іх боку. Але пагрозы сьведчаць толькі пра тое, што гэтая ідэя сапраўды зьяўляецца істотным фактарам стрымліваньня і, натуральна, нэрвуе крамлёўскіх палітыкаў», — патлумачыў прэзыдэнт Літвы.

У сваю чаргу прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама запэўніў, што магчымасьць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Польшчы абмяркоўвалася і раней. Цяпер гэтыя дыскусіі набылі яшчэ большую актуальнасьць з прычыны дзеяньняў Расеі, мяркуе ён.

«Расея парушае міжнародныя дамовы, міжнародныя дамовы па ядзернай зброі. Што б ні казала Расея, што гэтая праграма для іх — пагроза, усё наадварот. Гэта прапаганда зь іх боку, таму што гэта адэкватны адказ, як і павінна быць. Таму што ўся тэрыторыя NATO, у нашым разуменьні і перакананьні, павінна быць абароненая адпаведным чынам, адэкватна», — заявіў Анджэй Дуда.

«Перанос ядзернай сыстэмы на ўсходні флянг вельмі лягічны. Мы як адна з гэтых краінаў заявілі пра гатоўнасьць прыняць гэтую зброю», — дадаў ён.

23 красавіка генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас візыту ў Варшаву заявіў пра адсутнасьць у Паўночнаатлянтычнага альянсу плянаў пашыраць зону дысьлякацыі ядзернай зброі.

«Няма ніякіх плянаў наконт разьмяшчэньня большай колькасьці ядзернага ўзбраеньня дадаткова ў якіх-небудзь краінах NATO», — заявіў Енс Столтэнбэрг.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, камэнтуючы заяву пра гатоўнасьць Польшчы разьмясьціць у сябе ядзерную зброю, сказаў, што хацеў бы пагаварыць з прэзыдэнтам Анджэем Дудам, каб зразумець намеры, зь якімі кіраўнік дзяржавы зрабіў такую заяву.

«Я хачу, каб Польшча была ў бясьпецы і добра ўзброеная, але я таксама хацеў бы, каб любыя ініцыятывы былі вельмі добра падрыхтаваныя людзьмі, адказнымі за іх, і каб мы ўсе былі перакананыя, што мы гэтага хочам», — сказаў Дональд Туск.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG