Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Гуркоў адкрые баксэрскую залю для сябе і дзяцей


Віталь Гуркоў на канцэрце гурту Brutto

Саліст гурту Brutto і дванаццаціразовы чэмпіён сьвету ў тайскім боксе Віталь Гуркоў распавёў Свабодзе пра сваю баксэрскую залю, адкрыцьцё якой заплянавана на 15 верасьня.

Ідэя стварыць залю і памяшканьне для яе «зваліліся зь неба», кажа Гуркоў. Цяпер каманда шматразовага чэмпіёна жвава спрабуе наладзіць працу і кажа, што названая дата адкрыцьця можа зьмяніцца.

У залі Гуркова будуць прадстаўленыя розныя віды боксу: тайскі, клясычны, кікбоксінг, фітбокс. Са словаў спартоўца, заля плошчаю «невялікая» і будзе разьлічана на пэрсанальныя трэнаваньні і групы індывідуальнага майстэрства.

«Па-першае, гэтую залю я буду выкарыстоўваць як сваю трэнінгавую пляцоўку. Надакучыла езьдзіць па залях Менску і шукаць, дзе можна падрыхтавацца», — сказаў Свабодзе Гуркоў.

Акрамя Віталя Гуркова, у залі будуць займацца:

  • дзеці;
  • «людзі, якія боксам ніколі не займаліся, але хацелі б паспрабаваць».

Заняткі для дзяцей будуць бясплатныя ці таньнейшыя за рынкавую цану

У залю будуць набіраць дзіцячыя групы. Гуркоў хоча, каб гэтыя заняткі былі бясплатныя, але гэтае пытаньне яшчэ абмяркуюць на трэнэрскай радзе. Іншы варыянт — зрабіць цану меншаю, чым у сярэднім па Менску. Цяпер у сталіцы месячны абанэмэнт на 12 заняткаў каштуе звычайна ад 70 да 90 рублёў, сказаў спартовец.

«Мне б хацелася, каб індывідуальнымі групамі і пэрсанальнымі заняткамі падтрымліваўся менавіта дзіцячы спорт. Таксама трэба, каб быў дзіцячы фідбэк. Але зразумела, што ніхто нікога без жаданьня і падрыхтоўкі на спаборніцтвы выстаўляць ня будзе», — кажа Гуркоў.

Прынцып дзіцячых трэнаваньняў — «павага і адказнасьць». Дзеля гэтага заснавальнік залі плянуе:

  • абмежаваць колькасьць дзяцей у групах;
  • дамовіцца з бацькамі, каб дзеці не прапускалі трэнінгі.

«Калі ты ня хочаш займацца, тваё месца можа заняць іншы», — сказаў Гуркоў.

Навошта гэтая заля дарослым?

Звычайна ў групах займаюцца па 25–30 чалавек з адным трэнэрам, кажа Гуркоў. Так працаваць вельмі цяжка і не хапае ўвагі трэнэра. У новай залі максымальная колькасьць групы будзе 10–12 чалавек, зь якімі будуць займацца 2 трэнэры.

«Чалавек будзе вывучаць усе тэхнікі (боксу. — РС), каб падымаць свае фізычныя кандыцыі», — сказаў Гуркоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG