Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа і вырашу заняцца палітыкай, але дзеля гэтага павінны скласьціся абставіны», — шматразовы чэмпіён сьвету ў тайбоксе Андрэй Кулебін


Андрэй Кулебін

Упершыню чэмпіянат сьвету па муай-тай (тайляндзкім боксе) даверана правесьці Беларусі — першынства будзе праходзіць з 3 па 12 траўня. Міжнародная фэдэрацыя тайбоксу, абраўшы Менск, прызнала гэтым заслугі беларускіх байцоў — адных з наймацнейшых у сваім відзе.

Красамоўны факт: беларусы адзіныя, каму ў агульнакамандным заліку ўдалося перамагчы пачынальнікаў гэтых адзінаборстваў — прадстаўнікоў Тайлянду.

А калі ўлічыць, што ў сьнежні 2016 году на кангрэсе Міжнароднага алімпійскага камітэту тайбокс нарэшце прызнаны алімпійскай дысцыплінай, то градус цікавасьці да мерапрыемства, несумненна, будзе яшчэ большы.

Алімпійскія пэрспэктывы для «Кулі»

32-гадовы баец сталічнага клюбу «Кік Файтэр» Андрэй Кулебін нездарма носіць мянушку «Куля». Ён самы ўганараваны беларускі тайбаксёр. На рахунку Кулебіна тры дзясяткі чэмпіёнскіх тытулаў на прафэсійных і аматарскіх спаборніцтвах, чэмпіёнскія паясы ў самых прэстыжных вэрсіях, кубкі найлепшага байца ўсясьветных першынстваў. Кажа, што спачатку фіксаваў кожную перамогу, але потым зьбіўся зь ліку, і цяпер у памяці застаюцца толькі самыя знакавыя падзеі:

«Ведаю, што нехта яшчэ лічыць гэтыя тытулы, атрымліваецца дзесьці пад 30, хоць я сам не люблю такія падлікі. Так, ёсьць тытулы, якія маюць асаблівае значэньне — першы выйграны чэмпіянат сьвету па муай-тай, першы здабыты тытул сярод прафэсіяналаў у прэстыжнай катэгорыі, першая вікторыя над масьцітым рэйтынгавым супернікам. А ёсьць перамогі ў маленькай вазе, дзе было няшмат баёў, альбо ў вэрсіі, якую спрабавалі раскруціць, год-два праект праіснаваў — і цяпер яго ўвогуле няма. Таму я свае тытулы не асабліва выстаўляю, бо ёсьць свае нюансы. Хоць калі лічыць чыста тэхнічна, напэўна, сапраўды колькасьць чэмпіёнскіх паясоў найбольшая. Зноў жа, успрымаю гэта спакойна і да кожнага новага бою рыхтуюся як да апошняга, самага важнага».

У пэўны час не заўважаць дасягненьняў Андрэя Кулебіна стала немагчыма, і ягоныя перамогі былі адзначаныя — ён стаў першым прадстаўніком беларускай школы муай-тай, хто атрымаў званьне Заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь:

«Насамрэч вельмі прыемна, бо, як сказаў мне бацька, цяпер ты на ўсё жыцьцё будзеш № 1. Гэта праўда, я стаў першым у Беларусі, хто атрымаў „заслужанага“ ў нашым відзе спорту. Чаму не давалі раней? Мабыць, неалімпійская дысцыпліна, таму былі свае правілы, свае нюансы. Лічылася, што ў неалімпійскіх відах не такая высокая канкурэнцыя, існавалі пэўныя выключэньні. А потым яшчэ быў момант, калі радыкальна зьмяніліся правілы: толькі выканаў усе патрабаваньні па старых нормах, раптам правілы мяняюцца. Зноў давялося даганяць. Працяглы быў шлях, доўга цягнулася. Але цяпер нашмат прасьцей: сыстэма працуе дакладна, хлопцы выконваюць нарматывы, атрымліваюць званьні, так што ўсё добра».

Крыху больш за месяц таму тайбокс афіцыйна займеў статус алімпійскага віду спорту. Чаму столькі гадоў відовішчная дысцыпліна заставалася па-за алімпійскай праграмай? Чаго бракавала — нацыянальных лабістаў ці выразнай пазыцыі Міжнароднай фэдэрацыі муай-тай? Бо гэта ж акурат той выпадак, калі ва ўмовах скупога «мэдалёвага пайку» адзінаборцы маглі здабываць узнагароды для Беларусі бочкамі:

«Бочкамі ня бочкамі, але магчыма, што і так, — сьмяецца Андрэй. — Праблема ў тым, што ў Тайляндзе існавалі дзьве асобныя фэдэрацыі муай-тай, якія паміж сабой увесь час канфліктавалі. А для Міжнароднага алімпійскага камітэту важна, каб была адна фэдэрацыя, зь якой можна весьці справы. І вось усе гэтыя гады іх спрабавалі „пасябраваць“, каб запусьціць працэс уступленьня ў МАК. Дзякуй богу, усё прыйшло да таго, што бакі нарэшце супакоіліся, замірыліся, і ў сьнежні мінулага году алімпійскі камітэт прызнаў адзіную фэдэрацыю».

Сёньня Міжнародная фэдэрацыя муай-тай абʼядноўвае 128 краін. Андрэй Кулебін перакананы: пасьля атрыманьня алімпійскага статусу іх колькасьць будзе расьці.

Андрэй Кулебін не сумняецца: тое, што чарговы чэмпіянат сьвету па муай-тай сёлета пройдзе ў Менску, сьведчыць аб прызнаньні заслуг беларускіх байцоў. А для аматараў адзінаборстваў гэта яшчэ і ўнікальная магчымасьць на ўласныя вочы пабачыць усю эліту ўсясьветнага тайбоксу:

«Так, нарэшце адбылося прызнаньне нашага аўтарытэту, прызнаньне высокіх вынікаў беларусаў. Тое, што ўбачылі магчымасьць правесьці чэмпіянат у Менску — яўнае пацьверджаньне таго, што ў гэтым відзе Беларусь мае істотную вагу і высокі статус ва ўсім сьвеце. І гэта проста здорава. Шчыра кажучы, заявак па краінах яшчэ ня бачыў, таму ня ведаю, якія склады камандаў. Тым ня меней — гэта афіцыйны чэмпіянат сьвету, значыць, будуць усе наймацнейшыя на гэты момант».

Як кажа суразмоўца, часы татальнага «дыктату» тайскіх байцоў на ўсясьветнай арэне паступова становяцца гісторыяй, і ўсё вышэй уздымаюць галаву канкурэнты ў іншых частках сьвету:

«Канкурэнцыя ў тайбоксе з кожным годам узмацняецца. Само сабой, тайцы застаюцца, традыцыйна моцныя браты-славяне, але паціху пачынаюць даганяць іншыя, узровень паступова выраўноўваецца. Мацнеюць эўрапейцы — скажам, апошнія пару гадоў заўважна прагрэсуюць швэды. Ёсьць краіны, дзе больш збалянсаваныя каманды, а ў некаторых моцны баец у адзінкавым экзэмпляры, але можа скласьці рэальную канкурэнцыю іншым. З улікам прызнаньня з боку МАК і шанцаў паехаць на Алімпійскія гульні ўсё рушыць яшчэ больш актыўна, таму наш від чакаюць цікавыя і прыгожыя часы».

Унівэрсальнае амплюа для Гуркова

Як і іншыя беларускія спартоўцы, тайбаксёры залежаць ад стабільнасьці дзяржаўнага фінансаваньня, каб удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Ці рэальна выжываць за кошт турніраў, якія праводзяцца далёка ня кожны месяц?

«Вось таму і даводзіцца сумяшчаць: патрэніраваўся сам, папрацаваў з маладымі спартоўцамі, паехаў на нейкі турнір, — кажа Андрэй Кулебін, зь якім сустракаемся ў клюбе „Кік Файтэр“. — Каб выжываць, даводзіцца круціцца, а што зробіш? Так, у сьвеце ёсьць элітныя дысцыпліны — гольф, вялікі тэніс, гонкі „Формулы-1“ — наш від спорту не такі. Але ж і задні ход ужо не дасі, дый кімсьці іншым ніхто з нас ужо сябе не ўяўляе...»

Нейкі час таму Андрэй Кулебін пачаў асвойваць азы трэнэрства. Удваіх са спарынг-партнэрам і шматразовым чэмпіёнам сьвету Андрэем Коцурам ужо прыклалі руку да зьяўленьня новай зоркі тайбоксу. Як пачуваецца ў новым амплюа?

«Мы з Андрэем Коцурам пачалі паралельна трэніраваць групу, калі самі яшчэ актыўна выступалі. Сапраўды, былі першымі трэнэрамі чэмпіёнкі сьвету Кацярыны Вандарʼевай — потым яе вялі ўжо іншыя спэцыялісты. Падрасьлі маладыя хлопцы, але мы іх гадавалі, калі яны прыйшлі яшчэ зусім маленькімі, цяпер іх трэніруе Аляксей Папоў. Найлепшы вынік для трэнэра — калі ён бачыць, што пасеянае ім недзе прарастае і прыносіць плён. Асабіста я ў гэтым статусе адчуваю сябе дастаткова камфортна. Мне здаецца, што ў мяне атрымліваецца, прынамсі, мне падабаецца. Думаю, што ў далейшым, калі актыўнасьць карʼеры пойдзе на спад, я змагу зьвязаць сваё далейшае жыцьцё з трэнэрствам. Ёсьць прыклад Юры Булата, які быў выдатным спартоўцам і стаў выдатным трэнэрам, мае свой клюб. Ня толькі ў нас, шмат у якіх відах спрацоўвае».

У Беларусі не адзін дзясятак клюбаў, якія рыхтуюць кадры для айчыннага тайбоксу. Адпаведна, канкурэнцыя на спартовым рынку досыць істотная. Як дзеляцца сфэры ўплыву?

«Безумоўна, усякага хапае, не бяз гэтага, — кажа Андрэй. — Нехта сябруе, нехта, мякка кажучы, ня вельмі; хтосьці кантактуе, хтосьці ігнаруе. Калі браць „Кік Файтэр“, у цэлым шмат зь якімі клюбамі ў нас адносіны добрыя, спрэчак ці канфліктаў няма. Канкурэнцыя — так, яна па-любому ёсьць, але гэта тое, што нараджае вынік. Як без канкурэнцыі? Разам з тым мы высьвятляем, хто мацнейшы, на рынгу, у схватках, але ні ў якім разе ня ў спрэчках ці лаянках па-за межамі клюбу. Мне вельмі не падабаецца, калі такія рэчы здараюцца, таму што мы спартоўцы. Мы павінны даводзіць сваю сілу і перавагу ў часе спартыўных мерапрыемстваў, а ня празь нейкія закулісныя гульні».

Бадай, самым раскручаны сярод беларускіх тайбаксёраў — Віталь Гуркоў. Дзякуючы ня толькі гучным перамогам на рынгу, але і ўдзелу ў музычным праекце Сяргея Міхалка Brutto. Спартовае ведамства не ў захапленьні ад унівэрсальнасьці спартоўца і адмаўляецца фінансаваць ягоны ўдзел у топавых турнірах, уключна з чэмпіянатамі сьвету:

«Натуральна, мы кантактуем, столькі разам абʼезьдзілі спаборніцтваў, — кажа Андрэй Кулебін. — Таму ў гэтым сэнсе ўсё добра, ніякіх пытаньняў. А тое, што ў яго ёсьць іншае амплюа — ну дык гэта ж клясна! Калі чалавек мае такія рознабаковыя здольнасьці, людзям таксама цікава. Ну знайшоў ён сваё другое „я“ ў творчасьці, у музыцы. І што з гэтага? У кагосьці хобі на ўзроўні калекцыянаваньня, а ў яго захапленьне перайшло на такі вось узровень, стала паўнавартаснай дзейнасьцю. Ухвальна, здорава, малайчына».

Вулічныя баявыя мастацтвы Гатава

Андрэй Кулебін нарадзіўся ў 1984 годзе ў Нямеччыне, у горадзе Нойштрэліц пад Бэрлінам. Там ягоны тата праходзіў тэрміновую службу, маці да яго на гэты час пераехала, і такім чынам сямʼя ня толькі ўзьядналася, але і павялічылася. Пасьля таго як паўтара года службы скончыліся, Кулебіны вярнуліся ў Беларусь. Спачатку жылі ў вёсцы Новы Двор у Менскім раёне, а потым атрымалі кватэру ў Гатаве недалёка ад сталіцы, дзе маці працавала бухгальтаркай на заводзе скураных вырабаў. Менавіта там, як згадвае Андрэй, прайшоў першыя выпрабаваньні вулічнымі «баявымі мастацтвамі»:

«Мы жылі ў Менскім раёне, там парадкі больш брутальныя. Увогуле, час быў іншы: сталеньне адбывалася на вуліцы, на практыцы пачалося пазнаньне „баявых мастацтваў“. Мяне бацька адразу ж адправіў у таэквандо, каб скіраваць некуды энэргію. Пасьля пераарыентаваўся на муай-тай. Адно пачалося чапляцца за другое, спорт стаў прыярытэтам, узьніклі мэты, задачы, перамогі. Акрэсьлілася глябальная пэрспэктыва, да якой іду амаль два дзясяткі гадоў. Дарэчы, калі сыходзіў з таэквандо, яго зрабілі алімпійскім відам. Я ўжо быў у юніёрскай зборнай, пачалі ўгаворваць: як так, столькі зрабілі, столькі дамагліся, ня трэба! Але, як часта бывае, нешта надакучае, астываеш, страчваеш інтарэс. Хоць, калі ўзяць у цэлым, таэквандо дало вельмі шмат — хуткасьць, каардынацыю. Не было б яго, невядома, кім бы стаў. Таму ўсё разглядаю ў комплексе, бо ня ведаеш, дзе „хаваецца“ чэмпіён. Але сам пераход быў момантам, калі стала цікава нешта іншае. Перайшоў — і атрымалася».

Цяперашніх маладых людзей называюць «пакаленьнем гаджэтаў», укладаючы ў падтэкст і адсутнасьць усялякага інтарэсу да празьмерных фізычных нагрузак. Тым ня меней, калі пасьля трэніроўкі Андрэя Кулебіна мы сядзелі ў трэніровачнай залі «Кік Файтэр», туды якраз прываліла гучная кампанія малых адзінаборцаў — многіх, дарэчы, прывялі за рукі матулі. Значыць, ня ўсё так безнадзейна?

«Вядома, калі браць наш час — мяжу 1980–90-х — мы былі не такія, — параўноўвае Андрэй. — Я не скажу, што абʼектыўна мацнейшыя ці, наадварот, слабейшыя, але проста былі зусім іншыя цывілізацыйныя часы, гістарычныя рэаліі. Вядома, час пакажа, якое пакаленьне больш баявое. Тым ня меней сёньняшнія дзеці маюць выдатную магчымасьць праявіць сябе, даказаць, што ня ўсё і ў наш час вымяраецца выключна гаджэтамі і віртуальнымі войнамі. Прынамсі, я ўпэўнены: разам з хлопчыкамі, якія безнадзейна „вісяць“ у кампутарах, хапае тых, якім цікава штосьці іншае, і яны гатовыя змагацца, дасягаць высокіх вынікаў. Паглядзім...»

Андрэй Кулебін у беларускамоўнай рэкляме аднаго з камэрцыйных банкаў
Андрэй Кулебін у беларускамоўнай рэкляме аднаго з камэрцыйных банкаў

Школьная эпапэя самога Андрэя Кулебіна супала з нацыянальным адраджэньнем, масавым пераходам сыстэмы адукацыі на беларускую мову. У гатаўскай школе беларусізацыю ён зазнаў як мае быць, роднай мовай авалодаў дасканала. Але далейшае жыцьцё яе з ужытку выкрасьліла. Ці нармальна, калі на міжнародных турнірах замежнікі гавораць па-свойму, а беларусы — па-расейску?

«Мне здаецца, на пачатку 1990-х руху далей перашкодзіла моцная савецкая спадчына. Быў СССР, да таго — Расейская імпэрыя, расейская мова за гэты час пранікла ва ўсе сфэры. Беларуская была, але не настолькі праяўленая, каб выйсьці на першыя пазыцыі. Каб яе вярнуць, патрэбныя былі вялікія крокі, неабходны быў стан, калі гэтага сапраўды захацела б усё грамадзтва. Ня ведаю, ці магчыма такое было ўвогуле, але не зрабілі — адпаведна, час быў страчаны. Па вялікім рахунку, гэта ня ёсьць дрэнна, што гавораць па-расейску, так склалася гістарычна. Важна, што ў нас па-ранейшаму ёсьць свая мова, людзі размаўляюць па-беларуску. І нічога кепскага, калі чалавек валодае некалькімі мовамі. Я сам вучыўся ў беларускай школе, дасканала яе ведаў. Потым на ёй не размаўляў, бо не было такой неабходнасьці. Гэта ня добра, і ня дрэнна. Сьвет сёньня настолькі разнастайны, што трэба намагацца кансалідавацца, а не спрачацца і высьвятляць адносіны».

Натхненьне ваярамі Вялікага Княства

У беларускім тайбоксе нямала спартоўцаў, якія падкрэсьліваюць сваё паважлівае стаўленьне да роднай мовы, нацыянальнай культуры, старадаўніх традыцый — Віталь Гуркоў, Дзьмітры Валент, Юры Булат, Дзьмітры Варац ды іншыя. Кажа, што натхняецца ваярамі часоў Вялікага Княства, і Андрэй Кулебін:

«Я гісторыю ведаю, і калі казаць пра ваяўнічы дух цяперашніх спартоўцаў, сапраўды, на генным узроўні да нас перайшлі лепшыя якасьці тагачасных байцоў. Але калі гаворка пра сымбалі, я да іх стаўлюся больш спакойна. Усё мяняецца, шмат якія рэчы сёньня палітызуюцца, пачынаюцца бурныя дэбаты на тэмы, часьцяком штучна прыцягнутыя. Я спартовец і не хачу заглыбляцца ў палітыку: хто спрачаецца — хай той у гэтым і разьбіраецца. Магу толькі сказаць, што — так, у нашай гісторыі былі слаўныя моманты, мы былі касьцяком шмат якіх дзяржаўных утварэньняў — Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Гэта былі часы росквіту, у часе якіх на ўсю Эўропу грымелі літвінскія ваяры, наша зямля заўсёды імі славілася. Не выключаю, што менавіта з гэтым зьвязаныя сёньняшнія дасягненьні».

Некаторыя спартоўцы пасьля завяршэньня карʼеры ідуць у палітыку — у апошнія гады дэпутацкія мандаты мелі алімпійскія прызэры і чэмпіёны Ўладзімер Парфяновіч, Вадзім Дзевятоўскі, Аляксандар Багдановіч ды іншыя. Кулебін кажа, што справа не ў хаценьні — быць ці ня быць палітыкам — а ў магчымасьці рабіць нешта рэальнае:

«Справа ня ў тым — хочацца ці ня хочацца. Я, можа, і сам калі-небудзь вырашу заняцца палітыкай. Аднак дзеля гэтага павінны скласьціся пэўныя абставіны. Цяпер я спартовец і не хачу ва ўсё гэта акунацца з галавой. У мяне пакуль што іншыя задачы, і я хачу іх выконваць на максымуме. Калі завяршу спартовы этап і насамрэч захачу пайсьці ў палітыку, вось тады пачну гэтым займацца, пазнаваць нюансы палітычнай барацьбы, разьбірацца ў закулісьсі і больш уцямна выказваць уласную думку. Нічога не адкідаю, проста перакананы: калі нешта рабіць, то рабіць добра, ня важна, у якіх сфэрах».

Андрэю Кулебіну 32 гады, што па спартовых мерках прымушае ўсё часьцей зазіраць у будучыню. Колькі яшчэ актыўнай спартыўнай дзейнасьці акрэсьлівае для сябе?

«Думаю так: колькі будзе жаданьня і дазволіць здароўе, — адказвае Андрэй. — Пакуль жаданьне ёсьць, здароўе ёсьць — адпаведна, буду змагацца. Ну, а час пакажа, на колькі мяне хопіць. Адзінае магу сказаць: нават для нашага спорту ўзроставыя байцы — гэта ўжо звыклая рэч. Напрыклад, у Тайляндзе, дзе, як лічылася, з прычыны надзвычай жорсткага графіку і ўзроўню жыцьця досыць рана ідуць „на спачын“, узроставая плянка ўвесь час расьце. А на постсавецкай прасторы, ужо не кажу пра эўрапейскія краіны, гэта ўвогуле норма. Агулам спорт сталее, таму спадзяюся, што пэўная фора яшчэ ёсьць».

На рахунку Андрэя Кулебіна больш за паўтары сотні выйграных прафэсійных баёў, а колькасьць чэмпіёнскіх тытулаў наблізілася да трох дзясяткаў. У 1999 годзе падчас турніру «Беларусь — Эўропа» да спартоўца «прыклеілася» мянушка «Куля», якая актуальная дагэтуль — Кулебін па-ранейшаму выклікае павагу ў супернікаў любога рангу.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG